Мясцовыя жыхары сталі праяўляць больш актыўную жыццёвую пазіцыю ў пытаннях, што датычацца развіцця свайго рэгіёна. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк у час асабістага прыёму грамадзян у Талачыне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Людзі глядзяць навіны, чытаюць газеты, цікавяцца жыццём свайго рэгіёна, асабліва ў пытаннях добраўпарадкавання. Гэта добра, што мясцовыя жыхары сталі займаць больш актыўную жыццёвую пазіцыю і гатовы самі ўдзельнічаць у грамадскім жыцці", - сказаў Віталь Воўк.
Усяго сёння звярнуліся каля дзясятка мясцовых жыхароў па розных пытаннях. Напрыклад, пенсіянер з Талачына прыйшоў на прыём, каб акрамя пытанняў асабістага характару звярнуць увагу на рэжым работы асвятлення горада, арганізацыю руху транспарту на некаторых вуліцах, добраўпарадкаванне вуліц і тэрыторыі.
Адна з заяўніц расказала, што ў 1990-я гады ёй адмовілі ў выдачы чэкаў "Жыллё". Цяпер жанчына звярнулася, каб даведацца аб законнасці такога рашэння. Віталь Воўк даручыў узяць у яе копіі дакументаў і разабрацца ў пытанні.
Тэхнічная памылка, дапушчаная УП "Праектны інстытут" Віцебскдзіпразем" пры выкананні землеўпарадкавальных работ па ўстанаўленні мяжы зямельнага ўчастка, прывяла да калапсу ў адносінах паміж двума суседзямі і стала прычынай для звароту аднаго з бакоў. Віталь Воўк прапанаваў заяўніку спачатку знайсці з суседам кампраміс. Паралельна шукаць рашэнне ў гэтай сітуацыі будуць органы ўлады.
"Цяпер землеўпарадкавальныя справы з часоў Савецкага Саюза становяцца актуальнымі, бо ў многіх выпадках памяніліся ўласнікі, людзі пачынаюць прыводзіць дакументы ў парадак і ў многіх выпадках пачынаюцца праблемы, непаразуменні з суседзямі. Трэба глыбока ўнікаць, старацца дамаўляцца і разам з грамадзянамі знаходзіць рашэнне", - адзначыў Віталь Воўк.
Памочнік Прэзідэнта падкрэсліў важнасць сустрэч з насельніцтвам: "Для органаў улады асабістыя прыёмы грамадзян дазваляюць атрымаць рэальную карціну таго, што адбываецца на месцах і, самае галоўнае, зваротную сувязь, каб нашы людзі жылі лепш і ганарыліся сваёй зямлёй".