Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
23 сакавіка 2018, 11:44

Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Грузію ўжо можна лічыць паспяховым

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію ўжо можна лічыць паспяховым. Такое меркаванне ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Паводле слоў міністра, цяперашні візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Грузію можна ўжо лічыць паспяховым, асабліва ўлічваючы амаль тры дзясяткі розных двухбаковых дакументаў, якія былі падпісаны па выніках праведзенага ў Тбілісі бізнес-форуму і перагавораў дзелавых колаў. "Гэта закладвае добрую аснову для будучага ўзаемадзеяння", - сказаў ён.

Уладзімір Макей канстатаваў, што паміж Беларуссю і Грузіяй у апошнія гады намецілася тэндэнцыя актыўных кантактаў на ўсіх узроўнях, што сведчыць аб тым, што бакі выйшлі на шлях паступальнага і актыўнага развіцця адносін. Гэта датычыцца ўсіх сфер - ад сельскай гаспадаркі да адукацыі і сферы культуры. "Я ўпэўнены, што ў перспектыве мы нават перасягнём той рубеж тавараабароту ў памеры $200 млн, які быў пастаўлены кіраўнікамі дзяржаў. У нас ёсць поўнае разуменне неабходнасці далейшай актывізацыі супрацоўніцтва, у тым ліку на міжнароднай арэне", - сказаў міністр.

Гаворачы аб падпісаным па выніках перагавораў пагадненні аб бязвізавых паездках грамадзян Беларусі і Грузіі, Уладзімір Макей растлумачыў, што яно закладвае юрыдычную аснову для далейшага ўзаемадзеяння. Ён нагадаў, што раней Грузія выйшла са складу СНД, і ў сувязі з гэтым узнікла неабходнасць абнаўлення нарматыўнай базы ўжо ў двухбаковым фармаце.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама расказаў аб праведзенай у Тбілісі сустрэчы з яго грузінскім калегам віцэ-прэм'ер-міністрам - міністрам замежных спраў Міхеілам Джанелідзэ. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, пачынаючы ад двухбаковых адносін і заканчваючы перспектывамі ўзаемадзеяння на пляцоўках міжнародных арганізацый. "Мы ўдзячны грузінскаму боку за падтрымку Беларусі па шэрагу пытанняў у рамках нашага ўзаемадзеяння ў розных міжнародных арганізацыях. Аналагічна робім і мы", - сказаў Уладзімір Макей.

Абмяркоўваліся таксама пытанні, звязаныя з неабходнасцю актывізацыі дыялогу па пытаннях бяспекі і на Каўказе, і ў Еўрапейскім рэгіёне ў цэлым. "Трэба разумець, што сёння мы сутыкаемся з шэрагам новых выклікаў і пагроз, на якія пакуль няма адэкватных адказаў", - падкрэсліў міністр.

Уладзімір Макей пракаменціраваў таксама намаганні Беларусі і Грузіі па вырашэнні праблемы выбудоўвання лагістыкі ў развіцці гандлёвых адносін. "МЗС уключана ў гэта, як і ва ўсе іншыя пытанні. Гэта звязана непасрэдна з пашырэннем нашага экспарту, лагістычны складнік мае вельмі вялікае значэнне. Ёсць праблемы, звязаныя з тым, што некаторыя краіны, праз якія транспартуюцца нашы тавары, устанаўліваюць вельмі завышаныя тарыфы. Таму мы дамовіліся аб тым, што будзем разам з гэтымі краінамі шукаць узаемапрымальны выхад з такой сітуацыі з тым, каб знізіць гэтыя тарыфы і такім чынам знізіць сабекошт нашых тавараў", - сказаў міністр.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі