Ваенная акцыя супраць Сірыі падрывае асновы існуючага міжнароднага права. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі.
Ён падкрэсліў, што ў беларускім парламенце асуджаюць аднабаковыя і нічым не апраўданыя ракетныя ўдары ЗША і іх саюзнікаў па Сірыі. "Сваёй ваеннай акцыяй супраць Сірыі яны падрываюць асновы існуючага міжнароднага права, аўтарытэт і эфектыўную дзеяздольнасць створаных міжнародных інстытутаў, адказных за мір і міжнародную бяспеку, і падводзяць свет да вельмі небяспечнай рысы", - сказаў Валерый Варанецкі.
"Гэтыя агрэсіўныя дзеянні ў адносінах да суверэннай дзяржавы ідуць уразрэз са Статутам ААН, нормамі міжнароднага права і ажыццёўлены без рашэння Савета Бяспекі ААН. Акрамя таго, наколькі вядома, і Кангрэс ЗША, і парламенты Вялікабрытаніі і Францыі таксама не давалі санкцыі на ўзброеныя ўдары па Сірыі, калі гэта не звязана з барацьбой з ІДІЛ", - дадаў парламентарый.
Валерый Варанецкі перакананы, што выйсце з цяперашняй крытычнай для свету сітуацыі - у вяртанні ўсіх у міжнароднае прававое поле.
Як паведамлялася, 14 красавіка Злучаныя Штаты разам з Францыяй і Вялікабрытаніяй пачалі ваенную аперацыю супраць Сірыі, нанеслі ракетныя ўдары па яе тэрыторыі. Раней з заявай аб тым, што Беларусь рашуча асуджае гэтыя дзеянні, выступіла знешнепалітычнае ведамства краіны.