Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
02 кастрычніка 2018, 11:30
Мар'яна Шчоткiна

Тэма актыўнага даўгалецця ў Беларусі набывае ўсё большае значэнне

Мар'яна Шчоткiна
Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын"

У падтрымцы пажылых грамадзян, павышэнні якасці іх жыцця і адпачынку неабходна скаардынаваць намаганні. Такое меркаванне на рэспубліканскай канферэнцыі "Грамадства для ўсіх узростаў: актыўнае даўгалецце" выказала намеснік старшыні Савета Рэспублікі, старшыня Беларускага саюза жанчын Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што тэма актыўнага даўгалецця ў рэспубліцы набывае ўсё большае значэнне. Размова ідзе не толькі аб уключэнні жыхароў старэйшага ўзросту ў аб'яднанні па інтарэсах, а ў першую чаргу аб захаванні іх прывычнага ладу жыцця, незалежнасці. "Мы не можам не гаварыць аб гэтым, паколькі працягласць жыцця расце, колькасць людзей ва ўзросце 65 плюс павялічваецца. А гэта значыць, што змяняецца попыт на тавары і паслугі, рынак працы, сферы аховы здароўя, сацыяльнай абароны", - сказала яна.

На думку Мар'яны Шчоткінай, чалавек незалежна ад таго, колькі яму гадоў, павінен адчуваць сябе камфортна, мець магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял, як мага даўжэй захоўваць здароўе. Менавіта таму важна ўкараняць падыход aсtive ageing, распрацаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя яшчэ ў 2002 годзе для паляпшэння якасці жыцця. "Задача, якую мы ставім, агульная. Яе выкананне магчыма тады, калі будзе партнёрства", - падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна.

Рэспубліканская канферэнцыя праводзіцца па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і прымеркавана да Дня пажылых людзей. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі Нацыянальнага сходу, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, грамадскіх аб'яднанняў і міжнародных арганізацый. Эксперты абмеркавалі пытанні стварэння асяроддзя для актыўнага даўгалецця і фарміравання пазітыўнага стаўлення грамадства да сталага ўзросту, развіцця сістэмы аказання сацыяльных і медыцынскіх паслуг, міжнародныя падыходы да дзеянняў па праблемах старэння, тэхналогіі актыўнага ладу жыцця пажылых людзей.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначаецца важнасць распрацоўкі нацыянальнай стратэгіі па пытаннях актыўнага даўгалецця. Яе галоўнай мэтай павінна стаць стварэнне ўмоў для дастойнага старэння і максімальнай рэалізацыі патэнцыялу кожнага. У праекце дакумента гаворыцца аб неабходнасці анкетавання пажылых грамадзян, каб ацаніць запатрабаванасць прадастаўляемых ім паслуг, арганізаваць у рэгіёнах дыскусійныя пляцоўкі, увесці ў праграмы навучання заняткі па актыўным даўгалецці.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі