Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
22 жніўня 2016, 10:02
Андрэй Белякоў

Статус дэпутата прадугледжвае каласальную адказнасць

Андрэй Белякоў
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ"

Дэпутат у першую чаргу павінен імкнуцца прынесці карысць. Аб гэтым заявіў першы сакратар ЦК ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Андрэй Белякоў у час "Адкрытага дыялогу" на тэму "Моладзь і выбары: формула адказнасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Галоўная мэта кандыдата, а ў далейшым дэпутата, на мой погляд, - гэта прынесці карысць перш за ўсё сваёй дзяржаве, той акрузе, ад якой ён выбіраецца", - сказаў Андрэй Белякоў. Быць дэпутатам - гэта каласальная адказнасць. У чалавека павінны быць маральныя арыенціры, дзелавыя якасці.

Гаворачы аб удзеле моладзі ў парламенцкай кампаніі, Андрэй Белякоў адзначыў, што ў маладых людзей ёсць патэнцыял, каб яшчэ больш актыўна сябе праяўляць у гэтай сферы. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам маладым лічыцца чалавек да 31 года, да гэтага часу ён ужо сфарміраваны, мае якасці, якія даюць магчымасць вырашаць значныя пытанні. "БРСМ і ў далейшым будзе працаваць у гэтым напрамку, каб з кожным годам у моладзі было больш жадання праявіць сябе і зрабіць нешта карыснае для сваёй краіны", - падкрэсліў першы сакратар ЦК БРСМ.

Удзельнікамі "Адкрытага дыялогу" сталі больш як 100 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта члены тэрытарыяльных, участковых і акруговых камісій, кіраўнікі тэрытарыяльных штабоў па арганізацыі ўдзелу БРСМ у кампаніі па выбарах, нацыянальныя наглядальнікі, акрэдытаваныя для маніторынгу парламенцкіх выбараў. Экспертамі выступілі кіраўнікі ЦК БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, РГА "Белая Русь", Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.

Праект "Адкрыты дыялог" стаў дыскусійнай пляцоўкай, якая прадстаўляе моладзі Беларусі магчымасць узнімаць самыя вострыя праблемы і задаваць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам органаў улады, палітыкам, прадпрымальнікам, грамадскім дзеячам. Акцыі ў фармаце адкрытага дыялогу праходзяць ва ўсіх рэгіёнах і становяцца эфектыўным інструментам развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Арганізатар адкрытага дыялогу - Цэнтральны камітэт грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі