Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
23 чэрвеня 2017, 20:11
Аляксандр Карлюкевіч

Раённым газетам трэба ствараць свае радыёпраграмы

Аляксандр Карлюкевіч

Раённым газетам трэба ствараць свае радыёпраграмы. Такім меркаваннем падзяліўся з карэспандэнтам БЕЛТА намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, які 23 чэрвеня прымаў удзел у рэгіянальным семінары "Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі".

"Думаю, многія раённыя газеты маглі б ініцыіраваць стварэнне пры рэдакцыях радыёпраграм. Сёння гэта не так дорага. Трэба кіравацца прыкладам "СБ. Беларусь сегодня". Там ёсць не толькі друкаваныя выданні і іх электронныя версіі, але створана інтэрнэт-тэлебачанне, ёсць радыё. Мы бачым, як у рамках аднаго медыйнага прадпрыемства могуць існаваць і развівацца розныя фарматы данясення інфармацыі", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Віцебская вобласць стала першым рэгіёнам краіны, дзе праводзіцца семінар, нацэлены на павышэнне эфектыўнасці ўдзелу СМІ ў сацыяльна-эканамічным развіцці. У далейшым абмеркаванні пройдуць ва ўсіх абласцях, а завершыцца ўсё падагульняючым мерапрыемствам у Мінску гэтай восенню. "Семінар прызначаны сарыентаваць СМІ на тое, каб яны па-новаму, крэатыўна вырашалі інфармацыйную задачу па забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця, - падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч. - Адна з галоўных мэт - паказаць тыя праблемы, якія існуюць, і падумаць, як іх можна вырашыць. Усё для таго, каб дабіцца эфектыўнага ўдзелу самых розных сродкаў масавай інфармацыі - электронных, друкаваных, тэлебачання, радыёвяшчання - у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. Гэта галоўная задача".

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк падкрэсліў, што трэба больш увагі ўдзяляць узаемадзеянню сродкаў масавай інфармацыі з органамі кіравання. "Важна, каб матэрыялы былі крытычныя па сутнасці. Неабходна рэальна паказаць, што робіцца і дзе яшчэ ёсць недапрацоўкі", - сказаў ён. Аляксандр Пазняк таксама звярнуў увагу на тое, што СМІ павінны рыхтаваць для сябе кадры - арганізоўваць, браць пад апеку, курыраваць гурткі юных журналістаў.

Акрамя таго, ён рэкамендаваў газетам звярнуць увагу на такі сатырычны жанр, як фельетон, які практычна знік. "Ён выйгрышны. Калі ў вас ёсць журналісты, якія могуць у гэтым жанры працаваць, то друкуйце фельетоны. Гэта павысіць вашу папулярнасць. І яшчэ для мясцовых выданняў важна аналітыка. Вы здольны капнуць мясцовы матэрыял так глыбока, як рэспубліканскія СМІ не змогуць. А тэмы для гэтага трэба выбіраць актуальныя", - адзначыў Аляксандр Пазняк.

Удзельнікамі рэгіянальнага семінара "Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі" сталі кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, рэспубліканскага інфармагенцтва БЕЛТА, РУП "Белпошта", Інстытута журналістыкі БДУ, ГА "Беларускі саюз журналістаў", начальнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, журналісты, кіраўнікі мясцовых СМІ.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі