Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
15 мая 2018, 12:26
Мар'яна Шчоткiна

Правільная платформа нацыянальных індыкатараў дапаможа Беларусі ў дасягненні МУР

Мар'яна Шчоткiна
Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын"

Поспех Беларусі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў многім залежыць ад правільнай платформы нацыянальных індыкатараў і ўсебаковага партнёрства. Аб гэтым сёння заявіла журналістам Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь адзначаецца як адзін з лідараў у працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця, паколькі ў нас за мінулы год створана сістэма работы. Але асабліва важна, каб гэтыя мэты дасягаліся ўнутры краіны, таму што стратэгічная задача - павышэнне якасці і ўзроўню жыцця людзей. Важна разумець, што адбываецца на ўнутраным контуры, і правільна ацэньваць свой рух наперад", - сказала Мар'яна Шчоткіна.

У работу ўключаны ўсе - парламент, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, партнёрскіх арганізацый, грамадскасць, падкрэсліла яна. "Асаблівае значэнне мы надаём партнёрскай групе, куды ўваходзяць прадстаўнікі грамадскасці, дзелавых колаў, бізнесу, тыя, хто зацікаўлены ў рабоце па напрамках МУР. Дарэчы, унутры групы ўжо вызначаны лідары, якія ўзначальваюць сегменты па напрамках эканомікі, экалогіі, сацыяльнай палітыкі. Каб нашы партнёры разумелі сам працэс і тое, якія індыкатары павінны прымяняцца для ацэнкі дасягнення МУР у Беларусі, неабходна пастаяннае ўзаемадзеянне", - дадала Мар'яна Шчоткіна.

Таксама яна адзначыла асаблівую ролю парламента. "Уся нарматыўна-прававая база павінна будавацца з адсочваннем прагрэсу па дасягненні МУР. Мы ўжо ўзнімалі пытанне аб тым, што любы законапраект, які ўносіцца ў парламент, павінен мець раздзел або хаця б радок, у якім гаворыцца аб МУР. І калі прапанаваны дакумент не працуе на прагрэс, трэба яго дапрацоўваць. У такім жа ключы павінны дзейнічаць і нашы партнёры, грамадзянская супольнасць. Галоўны дэвіз - нікога не пакінуць убаку", - адзначыла Нацыянальны каардынатар.

На гэтым шляху Беларусі дапамагаюць і міжнародныя партнёры. Дзякуючы фінансаванню ПРААН з ліпеня 2017 года рэалізуецца праект "Падтрымка дзейнасці Нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР і ўмацаванне ролі парламента ў дасягненні МУР".

Намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар адзначыў прагрэс Беларусі. "Няма іншай такой краіны, якая магла б пахваліцца дасягненнем такіх роўных поспехаў па ўсіх напрамках МУР. Часткова гэта стала магчымым дзякуючы фарміраванню сістэмы індыкатараў, паколькі калі нешта нельга вымераць, то немагчыма гэтым кіраваць, гэта немагчыма ўдасканальваць. Стварэнне ў Беларусі платформы нацыянальных індыкатараў з'яўляецца ключавым фактарам дасягнутага поспеху", - сказаў на заканчэнне Закары Тэйлар

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі