Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
19 мая 2017, 16:04
Максім Рыжанкоў

Піянерскі рух выхоўвае ў дзяцей працавітасць і актыўную пазіцыю

Максім Рыжанкоў
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі

Піянерскі рух выхоўвае ў дзяцей працавітасць і актыўную пазіцыю. Аб гэтым заявіў журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў перад урачыстым адкрыццём міжнароднага злёту піянераў "Заўсёды гатоў" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Піянерская арганізацыя Беларусі - хутчэй не палітычная сістэма, а частка ідэалагічнага поля. Яна дапамагае выхоўваць у нашых дзяцей беражлівае стаўленне да жыцця, працавітасць, актыўную пазіцыю", - сказаў Максім Рыжанкоў. Грамадская арганізацыя вучыць быць патрыётам сваёй краіны і дае магчымасць раскрыць таленты, паказаць сябе і свае захапленні і ў канчатковым выніку чагосьці дабіцца нават у такім юным узросце. У гэтым і ёсць самая галоўная задача піянерскай арганізацыі ў незалежнай Беларусі, дадаў ён.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўспомніў час, калі сам быў піянерам. Усе дзеці хацелі, каб іх прынялі ў першую чаргу. У радах піянерыі былі самыя дастойныя - тыя, хто лепш за ўсіх вучыўся, у каго былі выдатныя паводзіны. "Мы ўсе да гэтага імкнуліся, таму што ў тыя часы не быць піянерам значыла, што ты нечым не заслужыў, правініўся. Настолькі сур'ёзны імпульс несла ў сабе піянерская арганізацыя, настолькі цікавымі былі мерапрыемствы, настолькі былі актыўныя ініцыятывы", - адзначыў Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, быць піянерам лічылася гонарам. "Нягледзячы на тое, што ты быццам і маленькі, але ты частка агульнай вялікай справы. Праз нейкія акцыі - "Зарніца", спартыўныя мерапрыемствы, збор макулатуры, металалому, конкурсы палітэрудытаў (за якія ў мяне нават ёсць некалькі грамат) - удзельнічаеш у жыцці краіны", - адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Арганізацыя несла зарад бадзёрасці, працавітасці, узаемадапамогі і ўзаемавыручкі. Хлопцы і дзяўчаты, якія былі актыўныя, у будучым нечага дабіліся.

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя" ажыццяўляе сваю дзейнасць у рамках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэспубліцы, асноўваючыся на лепшых традыцыях работы з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб'яднаннямі краіны.

На 1 студзеня 2017 года БРПА налічвае 2 843 піянерскія дружыны і больш за 650 тыс. членаў, у тым ліку звыш 246 тыс. акцябрат і больш за 404 тыс. піянераў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі