Перамога ў жаночай эстафеце на Алімпійскіх гульнях - гістарычная для беларускага біятлона. Такое меркаванне выказаў старшы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне Юрый Альберс, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У беларускага біятлона нямала слаўных старонак, аднак атлеты і трэнеры сыходзяцца на думцы, што перамога ў эстафеце асаблівая. "Не адзін сезон ішлі да гэтага поспеху. Гэта гістарычная для беларускага біятлона перамога. Усе трэнеры, хто працаваў раней з дзяўчатамі, - вялікія малайцы. Шмат працавалі і ў нацыянальнай камандзе для дасягнення гэтай мэты. У гонцы атрымалася ўсё нядрэнна. Умовы надвор'я былі для ўсіх аднолькавыя, і беларускі змаглі выціснуць максімум. Я рады за нашых дзяўчат: Надзю, Іру, Дзінару і Дашу. Усе гэтыя гады яны ішлі да гэтай мэты і змаглі дабіцца самага гучнага поспеху ў сваёй кар'еры", - расказаў Юрый Альберс.
Беларускі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Дар'я Домрачава перамаглі 22 лютага ў эстафетнай гонцы 4х6 км. Другое месца ў жаночай эстафеце занялі шведкі, трэцімі фінішавалі францужанкі.