Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
09 мая 2018, 11:59

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з'яўляецца залогам захавання ідэнтычнасці народа

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з'яўляецца залогам захавання ідэнтычнасці народа, паколькі звязвае пакаленні і вяртае да родных каранёў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў кіраўнік Цэнтра палітычнай і эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін.

Сучасная моладзь - прадаўжальнікі спраў бацькаў і прадзедаў, гістарычны вопыт важны для вырашэння сучасных праблем і глабальных выклікаў, падкрэсліў Мікалай Шчокін. Ён перакананы, што ў выхаванні і фарміраванні маладога пакалення лейтматывам павінна стаць наступная думка: трэба любіць Беларусь, але не сябе ў Беларусі, а Беларусь у сабе. "Толькі такім чынам у нас будзе маральнае права на гістарычную перспектыву і шанц не пазбавіцца сваёй ідэнтычнасці. Нельга дапускаць фальсіфікацыі і скажэння гісторыі. Вялікая Айчынная вайна не павінна стаць генератарам выпадковых лічбаў. Менавіта таму асаблівая ўвага ў нашай краіне ўдзяляецца сістэме адукацыі. Праз яе, згодна з данымі Інстытута сацыялогіі, кожны чацвёрты рэспандэнт атрымлівае сёння інфармацыю аб ВАВ", - сказаў субяседнік.

На працягу многіх стагоддзяў беларускі народ знаходзіўся ў няпростым пошуку свайго права на існаванне, сутыкаючыся з агрэсіяй заваёўнікаў. "Мы ніколі не прэтэндавалі на чужое і не пагражалі іншым. Народ выбраў шлях шанавання мінулага, пакланення ўратаваўшым нас ад фашызму. Паводле даных даследавання Інстытута сацыялогіі, 88,7 працэнта жыхароў краіны перакананы, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне - гэта важнейшая падзея ў гісторыі Беларусі. А сярод юнакоў і дзяўчат ва ўзросце да 30 гадоў такога меркавання прытрымліваюцца 90 працэнтаў. І гэта асабліва радуе", - адзначыў Мікалай Шчокін.

Таксама сацыялагічныя даследаванні паказалі, што подзвігі герояў вайны не забыты.

"У подзвігах салдат, грамадзян, усіх тых, хто змагаўся з нацызмам, бязлітаснасцю і насіллем, - сапраўдная сіла нашага народа. Кожны змагаўся за свае святыні, за Радзіму, у тым ліку за сваю малую радзіму - дом, у якім нарадзіўся, калодзеж, з якога піў ваду, палі, якія яго ўзгадавалі. Гэта і ёсць яднанне са сваімі жыццёвымі каранямі", - дадаў Мікалай Шчокін. Менавіта таму так важна сёння ведаць праўду аб вайне: тым самым мы не даём парвацца сувязі з вытокамі.

Вялікая Перамога таксама выступае ў якасці фактару кансалідацыі многіх дзяржаў у барацьбе за мір. Невыпадкова БССР увайшла ў лік заснавальнікаў і стала членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. "Сёння, як і 73 гады таму, наша сіла - у з'яднанасці, патрыятызме і памяці", - сказаў на заканчэнне Мікалай Шчокін.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі