Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
11 ліпеня 2017, 17:30
Ірына Касцевіч

Новы закон аб дзіцячых дапамогах накіраваны на ўзмацненне сацабароны слабаабароненых катэгорый сем'яў

Ірына Касцевіч
Міністр працы і сацыяльнай абароны

Новая рэдакцыя закона аб дзіцячых дапамогах накіравана на ўзмацненне сацыяльнай абароны слабаабароненых катэгорый сем'яў - жанчын, якія атрымліваюць дапамогу па цяжарнасці і родах у мінімальным памеры, і сем'яў з дзецьмі-інвалідамі. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, каменціруючы гэты дакумент.

Змяненні ў закон аб дзіцячых дапамогах унесены законам "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей", які ўступіў у сілу з 1 ліпеня 2017 года. Новая рэдакцыя закона была распрацавана з улікам правапрымяняльнай практыкі, а таксама прапаноў і пытанняў, што ўзнімаюцца ў зваротах грамадзян. Ён змяшчае шэраг значных навацый.

"Законам узмоцнена сацыяльная абарона сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама сем'яў, у якіх самі бацькі з'яўляюцца інвалідамі. Так, бацькам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда з атрыманнем адпаведнай дапамогі, прадастаўлена права працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці (не больш як 0,5 стаўкі) або выконваць работу дома. Магчымасць атрымліваць дапамогу і працаваць дазволіць бацькам дзяцей-інвалідаў павысіць узровень даходу сваёй сям'і, а таксама выпрацаваць страхавы стаж для назначэння працоўнай пенсіі. Таксама ім прадастаўлена права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда і ў выпадку атрымання імі пенсіі або штомесячнай страхавой выплаты ад "Белдзяржстраха". Цяпер такое права маюць толькі бацькі з інваліднасцю", - растлумачыла міністр.

Акрамя таго, павышаны памер дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў са 100 працэнтаў да 120 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) для тых, хто ажыццяўляе догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў з найбольш цяжкімі формамі інваліднасці з ІІІ або IV ступенню страты здароўя.

Змяненні датычацца і сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей старэйшых за 3 гады, калі бацькі з'яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы або адзін з бацькоў з'яўляецца інвалідам І групы, а іншы ажыццяўляе яго догляд з атрыманнем дапамогі па доглядзе. Такім сем'ям прадастаўлена права на дапамогі на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў да дасягнення дзецьмі ўзросту 18 гадоў без якіх-небудзь умоў да іх навучання, устаноўленых у раней дзеючым законе. Прыняцце гэтай нормы дасць магчымасць атрымліваць дапамогі на дзяцей, якія вучацца на бюджэтнай аснове, на завочнай (дыстанцыйнай) або вячэрняй форме навучання, або на дзяцей, якія не прадоўжылі навучанне пасля заканчэння школы.

Паводле слоў міністра, нямала зваротаў было наконт дапамогі па цяжарнасці і родах для жанчын, якія атрымліваюць яе ў невысокім або мінімальным памеры. Гэта, як правіла, студэнткі, а таксама маладыя спецыялісты, у якіх няма 6-месячнага стажу выплаты страхавых узносаў. Новай рэдакцыяй закона прадугледжана даплата да дапамогі па цяжарнасці і родах з мэтай кампенсацыі недаатрыманага памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, што выплачваецца незанятым грамадзянам з даты нараджэння дзіцяці.

Так, цяпер сума гэтай дапамогі за ўвесь перыяд бальнічнага ліста (дародавы і пасляродавы перыяды) будзе ўраўнавана з сумай дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, разлічанай за перыяд з даты нараджэння дзіцяці да дня, па які выплачана дапамога па цяжарнасці і родах. Калі агульная сума дапамогі па цяжарнасці і родах будзе ніжэйшая за суму дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, то розніца будзе даплачвацца. Новаўвядзенне закране тыя бальнічныя па цяжарнасці і родах, тэрмін дзеяння якіх пачынаецца пасля 1 ліпеня 2017 года, а сама даплата будзе праводзіцца пасля заканчэння перыяду знаходжання жанчыны на бальнічным.

Законам таксама змяняецца падыход да пераразліку памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. "Дарэчы, перыядычнасць пераразліку гэтага віду дапамогі стала самай дыскусійнай тэмай пры разглядзе парламентарыямі законапраекта. Да гэтага часу пераразлік праводзіўся чатыры разы ў год. Была прапанова рабіць гэта адзін раз у год. Пасля абмеркавання прынята рашэнне, каб пераразлік праводзіўся замест чатырох - два разы ў год (з 1 лютага і з 1 жніўня) з прымяненнем для разліку з 1 лютага самай высокай сярэднямесячнай заработнай платы ў годзе - за чацвёрты квартал, - сказала Ірына Касцевіч. - Пры гэтым захоўваецца норма, што ў выпадку змяншэння сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне, з якой вылічаецца дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, памеры дапамогі будуць выплачвацца на ранейшым узроўні. Палажэнні, якія вызначаюць механізм пераразліку памеру дапамог, уступяць у сілу з 1 жніўня".

Такім відам дапамогі ў краіне ахоплена 345 тыс. дзяцей да 3 гадоў (96,5 працэнта дзяцей гэтага ўзросту). Новыя падыходы ў змяненні парадку пераразліку спрашчаюць сістэму назначэння і выплаты дапамог, паколькі чацвёрты год запар з 1 мая пераразлік гэтага віду дапамогі не ажыццяўляўся, а павелічэнне з 1 лістапада было нязначным, адзначыла міністр.

Уведзены дадатковыя ўмовы для назначэння дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці: для часова пражываючых у рэспубліцы іншаземцаў і асоб без грамадзянства: перыяд выплаты абавязковых страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне павінен складаць не менш як 6 месяцаў; для грамадзян Беларусі ў выпадку нараджэння дзіцяці за мяжой - пражыванне аднаго з бацькоў у краіне не менш як 6 месяцаў. Нормы накіраваны на мэтавае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў. Першая ўмова замацоўвае для часова пражываючых грамадзян права на атрыманне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці пры іх удзеле ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, а другая - накіравана на абмежаванне доступу да сістэмы дапамог тых людзей, якія фактычна пражываюць у іншых дзяржавах, захаваўшы ў Беларусі толькі рэгістрацыю.

Як вядома, недзяржаўным арганізацыям аховы здароўя прадастаўлена права выдачы лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці. У сувязі з гэтым законам замацавана права жанчын на атрыманне аднаразовай дапамогі, прадугледжанай у сувязі з пастаноўкай на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, калі яны сталі на такі ўлік не толькі ў дзяржаўных, але і ў іншых арганізацыях аховы здароўя.

Навацыямі, прынятымі законам, сем'і змогуць скарыстацца з 1 ліпеня 2017 года пры звароце па назначэнне дапамог да 1 студзеня 2018 года.

У цэлым прынятыя нормы заснаваны на актуальных патрэбнасцях слабаабароненых катэгорый сем'яў у сацыяльнай падтрымцы і накіраваны на пашырэнне правоў грамадзян у сістэме дзяржаўных дапамог, рэзюмавала Ірына Касцевіч.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі