Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
23 красавіка 2019, 17:02
Ігар Яўсееў

Немагчымасць стаць на ўлік маючых патрэбу пры пражыванні ў арэнднай кватэры - прававы казус

Ігар Яўсееў

Адсутнасць магчымасці стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў пры ўмове пражывання ў арэнднай кватэры - гэта прававы казус. Такое меркаванне выказаў журналістам памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, які правёў асабісты прыём грамадзян у Любані, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наконт пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў звярнулася шматдзетная маці з Любані. Цяпер сям'я з трыма дзецьмі пражывае ў арэнднай 3-пакаёвай кватэры, на кожнага з іх прыпадае звыш 15 кв.м. Заяўніца хацела б атрымаць субсідыю і мець уласнае жыллё. Для гэтага неабходна стаць на ўлік маючых патрэбу, а гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі яна выселіцца з кватэры, гэта значыць свядома пагоршыць свае жыллёвыя ўмовы, і на працягу 5 гадоў будзе жыць у іншым жыллі з меншай плошчай.

"Шматдзетнай сям'і прадаставілі арэнднае жыллё. У гэтым доме я быў разам са старшынёй Мінаблвыканкама, гэта цудоўны дом, дзе створаны ўсе ўмовы для жыцця, але ў далейшым сям'я не можа ўзяць субсідыю і будаваць сваё жыллё. Я бачу тут прававы казус. Я падрыхтую адпаведную інфармацыю і далажу кіраўніку Адміністрацыі. Мы будзем разглядаць гэта пытанне ў межах сваёй кампетэнцыі. Думаю, такі выпадак у Беларусі не адзінкавы", - адзначыў Ігар Яўсееў.

Жыллёвае пытанне хвалявала і жыхарку аграгарадка Пухавічы Пухавіцкага раёна. У жанчыны быў свой дом, яго знеслі для будаўніцтва шматпавярховага будынка, а ёй далі арэндную кватэру. Паводле слоў заяўніцы, выкупіць кватэру ёй не дазволілі, кампенсацыю не прадаставілі. Цяпер яна хоча атрымаць жыллё ва ўласнасць, аднак па законе гэта немагчыма. Ігар Яўсееў падкрэсліў: ён дзейнічае толькі ў межах заканадаўства і не можа дапамагчы.

Пытанні па будаўніцтве хвалявалі салігарчан. Мужчыны паскардзіліся на пастаянныя затрымкі ўводу шматпавярховага дома. На працягу ўсяго ўзвядзення аб'екта прыватная фірма пастаянна парушала дагаворныя абавязацельствы, таму будаўніцтва аб'екта вялося маруднымі тэмпамі з парушэннем тэрмінаў: аб'ект павінен быў быць дабудаваны ў чэрвені 2018 года, аднак у эксплуатацыю яго ўвялі толькі ў снежні 2018 года. Жыхары Салігорска заявілі аб нямэтавым выкарыстанні грошай інвестараў фірмай і папрасілі правесці праверку арганізацыі, каб не дапусціць паўтарэння такой сітуацыі з іншымі людзьмі.

Ігар Яўсееў падкрэсліў: добра, што людзі звяртаюцца і прадастаўляюць інфармацыю пра існуючыя праблемы. "Па прыёмах грамадзян відаць, колькі заяў ідзе па якасці пабудаванага жылля, тэрмінах здачы ў эксплуатацыю, так званых фірмачках. Прэзідэнт дакладна абазначыў: калі ёсць у цябе свая будаўнічая арганізацыя, штатная колькасць, адпаведная тэхніка, тады будуй. Мы прадаставім зямельныя ўчасткі па конкурсе, але толькі тым арганізацыям, якія на самай справе могуць рабіць будаўнічыя работы. Тады будзе з каго патрабаваць. А тут сёння домабудаўнічы камбінат спаганяе з камерцыйнай арганізацыі сродкі, людзі едуць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і просяць дапамагчы. Будзем рэагаваць", - пракаменціраваў ён.

Адразу тры чалавекі з вёскі Ступень Барысаўскага раёна паскардзіліся на работу піларамы. На працягу двух гадоў прадпрыемства працуе па суседстве з заяўнікамі. Паводле іх слоў, пастаянна ляцяць апілкі, дзень і ноч працуюць людзі. Супрацоўнікі МНС выявілі 25 парушэнняў на аб'екце і падалі на прыватніка ў эканамічны суд: прадпісалі закрыць два будынкі і ўстараніць парушэнні. Прадпрымальнік зняў толькі частку пытанняў. Тыя, хто звярнуўся, просяць правесці праверку прадпрыемства. "Я перагавару з губернатарам. Магчыма, мы выедзем разам або я сам збяру камісію, але абавязкова вывучу пытанне", - сказаў Ігар Яўсееў.

Чацвёра жыхароў Мінскага раёна звярнуліся наконт будаўніцтва ЖБСК "Стрыж-11" у Бараўлянах. Паводле слоў заяўнікаў, з 2012 года пад будаўніцтва дома не могуць выдзеліць участак: зямлю ўжо чатыры разы прадаставілі і забралі назад. Пры гэтым людзі плацілі за зямлю, праектную дакументацыю, але так і не змаглі пабудавацца. Сваё пытанне яны ўзнімалі і ў час акцыі "Ваша пытанне Прэзідэнту" інфармагенцтва БЕЛТА, што праводзілася напярэдадні "Вялікай размовы" 27-28 лютага. Памочнік Прэзідэнта абяцаў узяць на кантроль гэта пытанне.

Усяго на прыём да памочніка Прэзідэнта запісаліся 15 чалавек. Сярод іх як жыхары Любанскага раёна, так і Мінскага, Салігорскага, Пухавіцкага, Барысаўскага, Дзяржынскага. Гучалі пытанні капітальнага рамонту дома, працаўладкавання.

Ігар Яўсееў таксама расказаў аб ходзе пасяўной у сталічным рэгіёне. "Раннія яравыя збожжавыя пасеяны, ва ўзмоцненым рэжыме цяпер сеюць кукурузу, лён. Усё ў рамках тэхналагічнага працэсу. Думаю, Мінская вобласць дастойна завершыць пасяўную кампанію", - сказаў на заканчэнне ён.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі