Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 ліпеня 2017, 19:00

Работа кантралёраў без формы - эфектыўная мера барацьбы з безбілетнікамі

Адмова ад выкарыстання формы ў рабоце кантралёраў грамадскага транспарту - эфектыўная мера барацьбы з безбілетнікамі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў начальнік кантрольна-рэвізорскай службы ДП "Мінсктранс" Юрый Давідовіч.

Паводле слоў Юрыя Давідовіча, пасля таго, як новыя падыходы сталі практыкаваць на трамвайных маршрутах, парушальнікам стала складаней ухіляцца ад адказнасці, колькасць складзеных пратаколаў павялічылася. Ад 18 ліпеня форма не прадугледжана для кантралёраў і ў сталічных тралейбусах. Што датычыцца аўтобусаў, то ў тыпавым палажэнні аб кантрольна-рэвізорскай службе на аўтамабільным транспарце (у адрозненне ад электратранспарту) замацавана норма аб абавязковай наяўнасці апазнавальнай формы. Пры праверцы аўтобусных маршрутаў рэвізоры абавязаны быць у спецыяльных камізэльках.

У "Мінсктрансе" разлічваюць, што пасажыры з разуменнем паставяцца да новаўвядзення. У работнікаў кантрольна-рэвізорскай службы пры сабе павінны быць пасведчанне, на адзенні - бэйдж з фатаграфіяй, пазначэннем пасады, імя і прозвішча, змацаваныя пячаткай. Яшчэ адзін абавязковы атрыбут рэвізора - ручны счытвальнік бескантактавых смарт-картак.

Таксама Юрый Давідовіч нагадаў аб узмацненні строгасці патрабаванняў да кантролю аплаты праезду ў прыгарадных аўтобусах. Пасажыраў просяць своечасова і ў поўным аб'ёме аплачваць праезд у вадзіцеля, у касе пасажырскага тэрмінала і ў іншых месцах продажу да пачатку паездкі, у кандуктара (пры яго наяўнасці) - да наступнага прыпынку. Білеты і багажныя квітанцыі трэба захоўваць да выхаду з аўтобуса.

"Законапаслухмяным грамадзянам не трэба баяцца змяненняў у рабоце кантралёраў. Яны накіраваны на тых, хто хоча схітраваць і бясплатна скарыстацца паслугай. Галоўная мэта - не пакараць, а прымусіць плаціць за праезд", - адзначыў субяседнік.

Усяго цяпер у кантрольна-рэвізорскай службе працуюць 230 кантралёраў пасажырскага транспарту, яшчэ некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў плануецца набраць у бліжэйшы час.

Штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце складае Br11,5. Акрамя таго, трэба аплаціць паездку. Безбілетным лічыцца праезд без білета; з праязным, які не адпавядае выконваемай перавозцы (напрыклад, паездка ў тралейбусе з праязным на трамвай), з праязным білетам (талонам) без адзнакі ў валідатары або кампосцеры; без дакумента, які пацвярджае льготу па аплаце праезду.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі