Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
12 кастрычніка 2018, 16:18
Лілія Ананіч

Маці перадаюць у пакаленнях духоўны код цэлага народа

Лілія Ананіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, член прэзідыума Беларускага саюза жанчын

Роля жанчыны - не проста дарыць жыццё, а перадаваць асаблівы духоўны код, традыцыі народа будучым пакаленням. Такое меркаванне выказала 12 кастрычніка намеснік старшыні ГА "Беларускі саюз жанчын" Лілія Ананіч у час круглага стала "Актуальныя пытанні паляпшэння здароўя жанчын, умацаванне прэстыжу інстытута сям'і як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Жанчыны ў нашай краіне адыгрываюць значную ролю ў самых розных сферах жыцця. Але, вядома, галоўная місія жанчыны - мацярынства, дарыць жыццё, - адзначыла Лілія Ананіч. - Вельмі важна, што мамы нясуць духоўны код, выхоўваючы сваіх дзяцей добрымі, паслухмянымі, ініцыятыўнымі, мэтанакіраванымі, працавітымі. Каб яны далей неслі ў свет дабро, перадаючы гэты код новым пакаленням беларусаў".

Яна падкрэсліла актыўную ролю жанчын у папулярызацыі духоўных і маральных каштоўнасцей у грамадстве, у прыватнасці, праз клубную работу. І прапанавала ўкараняць у практыку аб'яднальныя мерапрыемствы накшталт "Ачага сямейнага адпачынку", фестывалю "Люблю-кармлю" ў Салігорску. "Чаму б БСЖ не выступіць ініцыятарам стварэння "Энцыклапедыі сямейнага чытання", каб маладыя мамы збіралі кніжкі для дзяцей з самага ранняга ўзросту", - дадала Лілія Ананіч.

Намеснік старшыні БСЖ Антаніна Морава адзначыла, што толькі афіцыйны план мерапрыемстваў Тыдня маці ў Беларусі ў гэтым годзе ўключае больш за 60 пунктаў, а ёсць і дадатковыя, якія арганізуюцца на розных узроўнях у розных кутках краіны, што сведчыць аб усенародным прызнанні свята. Паводле яе слоў, у апошнія гады арганізацыя стала больш увагі ў праграме Тыдня маці ўдзяляць небіялагічным мамам, інстытуту замяшчальнай сям'і ў цэлым, яго ролі ў выхаванні дзяцей у здаровых умовах клопату і цяпла.

У час гутаркі прагучалі цікавыя статыстычныя даныя. Напрыклад, аб тым, што рабочы час жанчын працаздольнага ўзросту ў рэспубліцы складае ў сярэднім 38 гадзін на тыдзень, 26 гадзін на тыдзень затрачваецца на вядзенне дамашняй гаспадаркі, у тым ліку догляд дзяцей. "Па гендарным раўнапраўі мы займаем першае месца сярод усіх постсавецкіх краін, а таксама ўваходзім у топ-30 краін свету, дзе індэкс гендарнага развіцця жанчын вышэйшы, чым мужчын", - прывяла даныя Антаніна Морава. Яна дадала, што сацапытанне Белстата паказала: больш за 80 працэнтаў жанчын называюць самай галоўнай каштоўнасцю ў сям'і здароўе.

Ахове мацярынства і дзяцінства, рэпрадуктыўнаму здароўю беларусаў на дзяржаўным узроўні адводзіцца цэлы блок праграм і дакументаў. І гэта, разам з комплексам мер дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, важныя фактары, дзякуючы якім усё больш жанчын нараджаюць другое дзіця і больш, адзначылі ўдзельнікі сустрэчы, але пры гэтым дадалі, што адукацыйныя праграмы для будучых маці і бацькоў, мерапрыемствы па прапагандзе здаровых сямейных адносін і каштоўнасцей, асабліва ў асяроддзі моладзі, павінны пашырацца. Напрыклад, начальнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы БДУ Наталля Ярашэвіч расказала аб выніках апытання студэнтаў, што паказала рост колькасці моладзі, якая разглядае грамадзянскі шлюб як норму.

Таксама субяседнікі акцэнтавалі ўвагу на папулярызацыі праз прыклад сям'і здаровага ладу жыцця, ініцыятывах па падтрымцы мацярынства ў рэгіёнах, ролі СМІ ва ўмацаванні сям'і і маральнасці як асновы развіцця грамадства і дзяржавы.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі