Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
20 лістапада 2018, 15:07
Яўген Перлін

Дзіцячае "Еўрабачанне" - гэта стартавая пляцоўка ў кар'еры юных выканаўцаў

Яўген Перлін

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" - гэта стартавая пляцоўка ў кар'еры юных выканаўцаў. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА адзін з вядучых фіналу конкурсу, вядомы тэлевядучы Яўген Перлін.

"Для дзяцей, якія ўдзельнічаюць у "Еўрабачанні", гэты конкурс - магчымасць заявіць пра сябе, своеасаблівы старт у кар'еры. І нават калі яны не занялі першага месца, то разумеюць, што ў любым выпадку гэта добры вопыт. Тыя, хто зможа атрымаць з гэтага карысць, могуць стаць вялікімі зоркамі", - адзначыў Яўген Перлін.

Ён дадаў, што ўдзельніку ад прымаючага "Еўрабачанне" боку заўсёды няпроста, таму што да яго і краіны прыкавана максімальная ўвага грамадскасці і СМІ.

Яўген Перлін таксама падкрэсліў, што падрыхтоўка да фіналу - хвалюючы перыяд як для выканаўцаў, так і для вядучых шоу. "Складана перадаць, наколькі гэта адказна, бо статус "Еўрабачання" гаворыць сам за сябе. Гэта шоу, якое здараецца раз у жыцці ў выканаўца, ды і вядучых таксама. Я вельмі рады, што мне пашанцавала весці гэты конкурс. Усё яшчэ наперадзе, вядома, але я ўжо адчуваю, наколькі Беларусь па-фірменнаму рыхтуецца да мерапрыемстваў такога ўзроўню", - рэзюмаваў ён.

Доўгачаканы фінальны канцэрт дзіцячага "Еўрабачання-2018" пачнецца 25 лістапада ў 18.00 у "Мінск-Арэне". Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным дзіцячым конкурсе песні Даніэль Ястрэмскі выступіць пад восьмым нумарам. Ён выканае кампазіцыю "Time".

Прамую трансляцыю песеннага форуму будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by і афіцыйны сайт дзіцячага "Еўрабачання" www.junioreurovision.tv. Радыётрансляцыю конкурсу прадставіць Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Каменціраваць шоу ў тэлеэфіры ў рэжыме live будуць Георгій Калдун і Андрэй Макаёнак, а радыёслухачы правядуць дзве з палавінай гадзіны ў кампаніі з Вікторыяй Урбановіч і Паўлам Лазавіком.

За ўсімі падзеямі Еўратыдня можна сачыць у выпусках навін і дзённіках конкурсу "Light up!", якія выходзяць на "Беларусь 1" па буднях у 20.55, а ў нядзелю - у 17.35. На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё па буднях у праграме "Раніца з Беларускім радыё" таксама выходзяць дзённікі дзіцячага песеннага форуму, а ў інфармацыйных выпусках навін - прамыя ўключэнні і рэпартажы з асноўных пляцовак конкурсу, інтэрв'ю з арганізатарамі і ўдзельнікамі.

Арганізатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС)

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі