Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
29 сакавіка 2017, 18:04
Міхаіл Орда

Чалавек высокай кваліфікацыі заўсёды будзе запатрабаваны на рынку працы

Міхаіл Орда
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Чалавек высокай кваліфікацыі заўсёды будзе запатрабаваны на рынку працы. Такое меркаванне выказаў 29 сакавіка, размаўляючы з журналістамі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда пры наведванні ААТ "Івацэвічдрэў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Чалавек высокай кваліфікацыі заўсёды будзе запатрабаваны на рынку працы", - сказаў старшыня ФПБ. На яго думку, у высокакваліфікаваных кадрах павінны быць зацікаўлены два бакі - і наймальнік, і сам рабочы. "Мы гаворым, што зарплата не павінна апярэджваць прадукцыйнасць працы. Але гэта вельмі ўзаемазвязаныя рэчы. Калі чалавек пастаянна павышае сваю кваліфікацыю, значыць, ён працуе больш плённа і прафесійна. Прадукцыя атрымліваецца больш рэнтабельнай, якаснай, лепш прадаецца. Тады і прадпрыемства ўвогуле больш стабільнае і эканамічна ўстойлівае. Чалавек пры гэтым атрымлівае больш высокую зарплату", - адзначыў Міхаіл Орда.

Федэрацыя прафсаюзаў выйшла з ініцыятывай аб уключэнні ў калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў пунктаў, што прадугледжваюць затраты на перанавучанне і павышэнне кваліфікацыі работнікаў пры правядзенні мадэрнізацыі.

"Мы сёння гаворым аб тым, што ў калектыўным дагаворы абавязкова павінна змяшчацца норма, у адпаведнасці з якой наймальнік пастаянна працаваў бы над павышэннем кваліфікацыі сваіх рабочых. Гэта вельмі важны, фундаментальны складнік. Вось тут нам, прафсаюзам, трэба працаваць. На сёння ахоп перанавучаннем, павышэннем кваліфікацыі на пастаяннай аснове ў Беларусі невялікі - на ўзроўні 20-25 працэнтаў. У Еўропе гэта даходзіць да 80 працэнтаў. Гэта значыць перспектыва і магчымасць для росту ў нас вялікая", - падкрэсліў старшыня ФПБ.

Ён прывёў у прыклад ААТ "Івацэвічдрэў", дзе, паводле яго слоў, вельмі па-гаспадарску распарадзіліся рэзультатамі мадэрнізацыі. Стварыўшы новую сучасную вытворчасць, тут змаглі захаваць рабочыя месцы за кошт таго, што наладзілі больш глыбокую перапрацоўку драўніны, паралельна нарошчваючы мэблевую вытворчасць.

29 сакавіка на базе ААТ "Івацэвічдрэў" адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума Савета ФПБ. У цэнтры ўвагі былі пытанні мадэрнізацыі, занятасці і перанавучання кадраў. У красавіку прафсаюзы маюць намер вынесці гэтыя пытанні на разгляд пасяджэння Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі