Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
05 верасня 2017, 17:11
Сяргей Раўнейка

БРСМ дапамагае забяспечыць дастойнае развіццё кожнай асобы

Сяргей Раўнейка

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі дапамагае забяспечыць дастойнае развіццё кожнай асобы. Такое меркаванне 5 верасня выказаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка ў час пленума Гродзенскага абласнога камітэта ГА "БРСМ", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Гродне 5 верасня адбылося пашыранае пасяджэнне II Пленума Гродзенскага абласнога камітэта ГА "БРСМ". Адной з асноўных яго тэм былі кадравыя пытанні, а таксама 15-гадовы юбілей грамадскай арганізацыі.

"За сваю 15-гадовую гісторыю БРСМ даказаў, што гэта дзеяздольная, актыўная арганізацыя, якая ўпісваецца ў дзяржаўную палітыку, дапамагае забяспечыць дастойнае развіццё кожнай асобы, кожнага грамадзяніна. Гэта маладзёжная арганізацыя, яна адчувальная да навізны, новых плыней, таму яна павінна адпавядаць духу часу і ўмець эластычна змяняцца пад сучасныя выклікі, размаўляць з маладзёжнай аўдыторыяй на зразумелай для яе мове, тонка адчуваць настроі ў грамадстве", - адзначыў Сяргей Раўнейка.

"Жадаю БРСМ стаць своеасаблівым грамадскім кантралёрам, каб праблемы, якія хвалююць грамадства, сталі прадметам даследавання розных структур арганізацыі. Гэтыя пытанні павінны абмяркоўвацца і ў самой арганізацыі, і даводзіцца розным органам кіравання", - адзначыў Сяргей Раўнейка. На яго думку, удасканальваць неабходна і кадравае пытанне. Кіраўнікі структур БРСМ рознага ўзроўню павінны быць, перш за ўсё, лідарамі, тымі, хто здольны не проста нешта данесці да аўдыторыі, але і павесці яе за сабой.

У час пленума першым сакратаром Гродзенскага абкама ГА "БРСМ" быў выбраны Павел Міхалюк. Ён адзначыў, што цяпер распрацоўваюцца новыя формы ўзаемадзеяння з пярвічнымі арганізацыямі. "Мы павінны больш актыўна ўключаць у нашу дзейнасць не толькі школьнікаў і студэнтаў, але і працоўную моладзь. Цяпер пачата рэалізацыя некаторых праектаў у гэтым напрамку", - адзначыў Павел Міхалюк. Адзін з іх, у прыватнасці, прадугледжвае стварэнне турыстычнага лагера для працоўнай моладзі некалькіх краін у Гродзенскім раёне. Садзейнічаць прыцягненню гасцей туды будзе і бязвізавы рэжым, дзеючы на тэрыторыі парка "Аўгустоўскі канал".

У час пленума была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак. Арганізатары падрыхтавалі "Карту добрых спраў", на якой кожны жадаючы змог падзяліцца сваімі вялікімі і малымі перамогамі, добрымі ўчынкамі, зробленымі разам з саюзам моладзі. Акрамя таго для працоўнай моладзі правялі інтэлектуальную гульню Science Quiz. Гэта своеасаблівая "размінка для розуму" для тых, хто не лічыць сябе знатаком "Што? Дзе? Калі?", але не супраць паспаборнічаць у ведах з іншымі людзьмі ў нефармальнай абстаноўцы. Сваю кемлівасць удзельнікі праяўлялі на працягу пяці тураў гульні, сярод якіх быў і тэматычны раўнд, прысвечаны Дню нараджэння БРСМ.

6 верасня ва ўсіх арганізацыях саюза моладзі пройдуць сустрэчы пакаленняў "15 гадоў разам!", дзе будуць падведзены вынікі дзейнасці, вызначаны планы на будучае. Яркія моманты з жыцця БРСМ нагадаюць тэматычныя выстаўкі. У гонар Дня нараджэння па ўсёй Гродзенскай вобласці пройдуць канцэртныя праграмы, а на базе адпачынку "Прывал" пад Гроднам пройдзе вечарынка.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі