Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Стужка навiн
12 снежня 2017, 17:56

МЕРКАВАННЕ: Маладым вучоным трэба будзе ўнесці непасрэдны ўклад у пераўтварэнне Беларусі ў ІТ-краіну - Карпенка

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладзёжнай навуковай супольнасці трэба будзе ўнесці непасрэдны ўклад у пераўтварэнне Беларусі ў ІТ-краіну. Такое меркаванне 12 снежня выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў час адкрыцця секцыі "Моладзь і новыя гарызонты навукі" ІІ З'езда вучоных Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У бліжэйшай перспектыве маладзёжнай навуковай супольнасці трэба будзе ўнесці непасрэдны ўклад у пераўтварэнне нашай рэспублікі ў ІТ-краіну. Для гэтага ВНУ неабходна стварыць навукова-адукацыйную платформу, якая дае магчымасць вывучаць і асвойваць новыя і перспектыўныя тэхналогіі апрацоўкі і перадачы даных, выконваць навуковыя даследаванні і распрацоўкі па базавых інфармацыйных тэхналогіях, распрацоўваць і ствараць высокапрадукцыйныя праграмна-апаратныя комплексы і інфармацыйныя сістэмы ў мэтах развіцця інфармацыйнага грамадства і лічбавай трансфармацыі эканомікі", - сказаў Ігар Карпенка.

Міністр адукацыі адзначыў, што толькі аднаго стварэння навукова-тэхнічных распрацовак ужо не дастаткова, іх трэба пашыраць, у тым ліку на замежныя рынкі. "Цяпер гэту работу вядуць 12 сумесных цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй, Казахстанам, Кітаем, Рэспублікай Карэя, Латвіяй, Венесуэлай. Высокі ўзровень навуковых даследаванняў пацвярджаецца ўдзелам універсітэтаў у выкананні больш як 100 праектаў міжнародных навуковых праграм, фондаў і грантаў", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, паводле слоў Ігара Карпенкі, ВНУ неабходна актыўна ўкараняць формы сеткавага ўзаемадзеяння, паколькі адной з задач дзяржпалітыкі ў галіне адукацыі з'яўляецца забеспячэнне павышэння канкурэнтаздольнасці вышэйшай адукацыі. "Сёння гэта работа знаходзіцца ў пачатковым стане. Але ўжо відавочна, што ўстанаўленне і пашырэнне сеткавага ўзаемадзеяння паміж беларускімі ВНУ дае магчымасць аптымізаваць адукацыйны працэс, павысіць яго якасць, паколькі сеткавае ўзаемадзеянне мае на ўвазе шырокае выкарыстанне перадавога вопыту і актыўны ўдзел спецыялістаў высокага ўзроўню кваліфікацыі. У перспектыве бачыцца пашырэнне сеткавага ўзаемадзеяння з ВНУ іншых дзяржаў, у першую чаргу, дзяржаў - удзельніц СНД", - рэзюмаваў міністр адукацыі.

Секцыя "Моладзь і новыя гарызонты навукі" ІІ З'езда вучоных Беларусі праходзіла 12 снежня на базе Ліцэя БДУ. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар БДУ Андрэй Кароль. У рабоце навуковага форуму ўдзельнічаюць каля 300 маладых вучоных беларускіх ВНУ, галіновай навукі і органаў дзяржкіравання. Дэлегаты абмяркоўваюць пытанні, якія датычацца асноўных напрамкаў развіцця навуковай сферы, інтэграцыі айчыннай навукі ў сусветную супольнасць, а таксама сувязі і ўзаемадзеяння навуковай дзейнасці маладых вучоных з рэальным сектарам эканомікі. Таксама на разгляд вынесены тэмы ўдасканалення дзейнасці навуковага кіраўніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі