Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Стужка навiн
24 лістапада 2017, 11:59

МЕРКАВАННЕ: Дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва стымулюе самазанятасць і знімае бар'еры пры адкрыцці справы

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэкрэт па развіцці прадпрымальніцтва зніме залішнія адміністрацыйныя бар'еры, будзе садзейнічаць разняволенню дзелавой актыўнасці і самазанятасці насельніцтва. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Сяргей Навіцкі.

"Асноўныя задачы - ліквідаванне залішніх адміністрацыйных бар'ераў, устарэлых і надуманых патрабаванняў, якія выстаўляліся суб'ектам гаспадарання. На мой погляд, гэты дакумент дапаможа вырашыць такія глабальныя задачы, як самазанятасць насельніцтва і разняволенне дзелавой актыўнасці", - сказаў ён.

Самае галоўнае, чаму павінна пасадзейнічаць прыняцце гэтага дакумента, каб людзі перасталі баяцца адкрываць уласны бізнес, лічыць эксперт. "Трэба гэты псіхалагічны бар'ер зламаць. Люді не павінны баяцца займацца тым, што не супярэчыць заканадаўству, не наносіць урон дзяржаве і яе грамадзянам. Усё астатняе трэба рабіць, і дзяржава гэта павінна поўнасцю заахвочваць", - упэўнены субяседнік.

Сяргей Навіцкі пералічыў найбольш важныя моманты для бізнесу, якія прадугледжвае дэкрэт. Перш за ўсё гэта паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Напрыклад, бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, гандаль, грамадскае харчаванне, перавозкі грузаў і пасажыраў. Тыя сферы, дзе сканцэнтравана амаль 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу. "Адна заява - і можна працаваць. Гэта вельмі зручна", - дадаў ён.

Другі значны момант - максімальна сістэматызаваны і скарочаны патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя, ветэрынарныя, нормы аховы навакольнага асяроддзя, прадоўжыў эксперт. Напрыклад, каб адкрыць кафэ, трэба было выканаць 19 пунктаў санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Не трэба будзе выконваць ні аднаго. Прадпрымальнік сам заяўляе аб тым, што яго арганізацыя адпавядае нормам.

Акрамя таго, Сяргей Навіцкі адзначыў ліквідаванне адміністрацыйных бар'ераў, звязаных з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур атрымання даведак, узгадненняў, іншых відаў дазвольнай дакументацыі. Усё будзе максімальна пераведзена ў лічбавую форму, і неабходныя дакументы можна атрымаць дыстанцыйна. "Таксама мінімізуецца колькасць адміністрацыйных працэдур: будзе адзіны пералік, адкрыўшы які, адразу стане зразумела, якія працэдуры трэба выканаць пры рэгістрацыі і ажыццяўленні таго ці іншага віду дзейнасці. Усё ў канцэнтраваным выглядзе і ў адным месцы, без адсылачных норм", - канстатаваў эксперт.

Ёсць яшчэ вельмі важны момант: як гэтыя дакументы будуць выконвацца, асабліва ў сельскіх і раённых Саветах, працягнуў субяседнік. "Павінны быць групы людзей, якія змогуць чалавеку лёгка і даступна растлумачыць, што ён можа рабіць, якія ў яго правы і абавязкі, і даць яму зялёную вуліцу на адкрыццё сваёй справы. Гэта асноўная ідэалогія дакумента", - падкрэсліў ён.

Эксперт таксама адзначыў, што доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, ІП, безумоўна, вырасце. "Сегмент прадпрыемстваў з колькасцю 25-100 работнікаў павінен паказаць найбольшы рост. Ён з'яўляецца найбольш актыўным, дынамічным і інвестыцыйна прывабным", - рэзюмаваў Сяргей Навіцкі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які з'яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне. Дакумент прызначаны надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі