Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
22 верасня 2015, 12:08

Вячаслаў Драгун: Гандлёвыя сеткі стрымліваюць цэны, дзейнічаючы ў інтарэсах пакупнікоў

Сфера рознічнага гандлю, бадай, самая дынамічная. У сучасных умовах на ўсёй постсавецкай прасторы запаволенне тэмпаў эканамічнага росту магло б аказацца значна больш адчувальным, калі б не гандаль - менавіта ён у многім "выцягвае" ўсю эканоміку. Нядзіўна, што менавіта ў гэтай сферы адбываюцца і самыя імклівыя змяненні, у тым ліку ў заканадаўстве. Аб гэтым карэспандэнт БЕЛТА пагутарыў з намеснікам міністра гандлю Беларусі Вячаславам Драгуном.


- Вячаслаў Леанідавіч, у мінулым годзе міністэрства ініцыіравала шэраг змяненняў у заканадаўства аб гандлі. У тым ліку размова ішла аб увядзенні больш строгіх правіл разлікаў у залежнасці ад тэрмінаў рэалізацыі тавараў. Цяпер, напэўна, ужо можна зрабіць першыя вывады аб тым, ці былі дасягнуты заяўленыя мэты.


- Сапраўды, правілы арганізацыі гандлю на рынку Беларусі становяцца больш строгімі. І нарада па абароце алкагольнай прадукцыі з удзелам кіраўніка дзяржавы паказала, што тэма разлікаў па-ранейшаму застаецца актуальнай. Многія суб'екты гандлю зацягваюць плацяжы. Выкарыстоўваючы тым самым гэтыя сродкі як беспрацэнтны крэдыт.


Але я не акцэнтаваў бы увагу ў гэтым пытанні на сеткавых аператарах. У іх свая матрыца, асобныя пастаўкі, і там, я ўпэўнены, парадку ў разліках значна больш, чым у суб'ектаў гандлю, якія маюць адзін-два магазіны.


Не сакрэт таксама, што ў шэрага тавараў абарачальнасць вышэйшая за 45 дзён, таму гандаль спрабуе праўдамі і няпраўдамі плаціць пазней. Але з улікам апошняга даручэння кіраўніка дзяржавы гэта работа стане больш строгай, запланаваны маштабныя зверкі па разліках, і не толькі па прадуктах харчавання. І тыя, у каго пасля 1 верасня ёсць пратэрмінаваная запазычанасць, могуць сутыкнуцца з санкцыямі, у тым ліку з пазбаўленнем ліцэнзіі на рознічны гандаль. Таму падкрэслю: дысцыпліна павінна быць у краіне, у кожнага суб'екта гаспадарання ёсць не толькі правы, але і абавязкі. Мы пракантралюем пытанне разлікаў і забяспечым безумоўнае выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы.


- Паводле вашай ацэнкі, ці не спрабуюць у існуючай сітуацыі некаторыя вытворцы, замест таго каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, пераводзіць стрэлкі на гандаль - маўляў, дрэнна прадаюць?


- Мы павінны разумець, што гандаль больш мабільны і гібкі ў прыняцці рашэнняў. Вытворца ж знаходзіцца ў строгіх рамках. Ён залежыць, напрыклад, ад паставак сыравіны, якая яму патрэбна для вытворчасці і на куплю якой патрэбны сродкі. Ён абмежаваны вытворчым і тэхналагічным цыкламі. Ён не можа вырабіць новы тавар, не правёўшы мадэрнізацыю. А мадэрнізацыя не павінна быць імгненнай, пасля якой можна гадамі сядзець склаўшы рукі і рабіць справаздачу, што ўсё зроблена. Мадэрнізацыя на вытворчасці павінна ісці пастаянна! Таму вытворцаў я вельмі сурова не судзіў бы.


Вядома, ёсць і кіраўнікі, якія нічога не робяць, каб змяніць тэхнічныя характарыстыкі і спажывецкія ўласцівасці тавару. Гэта недапушчальна!


Але ў цэлым трэба разумець сітуацыю ў эканоміцы не толькі нашай краіны, але і постсавецкай прасторы - свабодныя рэсурсы абмежаваны. Даволі складана з інвестыцыямі не толькі ў нас, але і ў Расіі, у Казахстане. З'явіліся некаторыя праблемы і з-за розніцы валютных курсаў… Гэта значыць існуе шэраг рызык, ад якіх ніхто не застрахаваны. Таму павінна быць вуліца з двухбаковым рухам - гандаль і вытворца павінны знаходзіць кампраміс і ўзаемадзейнічаць.


Але гандаль павінен увесь час трымаць вытворцу ў тонусе. Гандаль больш гібкі, ён можа перайсці да імпарцёра - сказаць мясцоваму вытворцу: ты не варушышся, таму я пайду да твайго канкурэнта з-за мяжы. Правільна так будзе? Мяркую, не. Таму што калі мы не будзем ствараць тут рабочыя месцы, то ў насельніцтва не будзе сродкаў на пакупкі. І палітыка гандлю павінна быць такой, каб заняць нашага вытворцу, даць людзям магчымасць зарабіць - для таго, каб атрымаць гэтыя грошы ў свой тавараабарот.


- На заканадаўчым узроўні замацавана норма асартыментнага пераліку ў залежнасці ад фарматаў магазінаў. Паводле ацэнкі міністэрства, лягчэй вытрымаць асартымент буйным або дробным магазінам? Якія праблемы тут найбольш тыповыя?


- Асартыментны пералік накіраваны на абарону айчыннага вытворцы. Не сакрэт, што ў магазіне іншы раз можна ўбачыць вельмі шырокі асартымент імпартных тавараў, а айчынныя стаяць недзе ў старонцы або зусім не прадстаўлены. Менавіта таму такая мера была ўведзена.


Зразумела, маленькаму магазіну вытрымаць асартыментны пералік цяжэй. Ніхто не будзе ставіць дадатковага спецыяліста на магазін плошчай 150 кв.м. Там усё замыкаецца на кіраўніку, і ён выбірае той асартымент, які можа вытрымаць.


Буйныя сеткавыя кампаніі, якія дазваляюць сабе трымаць таваразнаўцаў і эканамістаў, лепш бачаць, што сёння карыстаецца попытам, дзе паліца не працуе, што неабходна закупляць і ў якім аб'ёме. І ў гэтым выпадку буйным гандлёвым аб'ектам прасцей выконваць асартыментны пералік, таму што ў іх больш магчымасцей, у тым ліку па складскіх памяшканнях, размеркавальных цэнтрах.


Чаму ў той жа сельскай мясцовасці людзі просяць магазіны вялікага фармату? Таму што стаміліся ад аднастайнасці асартыменту невялікіх магазінаў!


- Па адчуваннях многіх пакупнікоў меры па насычэнні магазінаў беларускай прадукцыяй прывялі да таго, што беларусы актыўна вязуць тэлевізары, духавыя шафы і нават аўтамабілі з-за мяжы. Пры гэтым і гандаль, і бюджэт недаатрымліваюць тых сум, якія маглі б быць пры рэалізацыі гэтых тавараў у магазінах краіны. Ці не лічаць у Міністэрстве гандлю, што сітуацыя патрабуе выпраўлення?


- У нас абмежаванняў па ўвозе тавараў няма. Сам імпарцёр вызначае ёмістасць рынку: колькі беларусаў купіць гэты брэнд і ці варта траціць маркетынгавыя і лагістычныя рэсурсы на тое, каб прадаць тут свой тавар. Калі побач у асартыменце больш як 50 назваў аналагічных мадэлей, але таннейшых, то пакупнік зробіць выбар на карысць лепшай цаны. Тэхнічныя ж параметры ў той жа бытавой тэхнікі вельмі падобныя, розніца толькі ў іміджы.


- Ці паўплывала на працэсы развіцця гандлю ў краіне ўвядзенне гандлёвага рэестра? Ці не атрымалася, што мера, накіраваная на абарону канкурэнцыі, прывяла, асабліва ў малых гарадах, да адваротнага эфекту - нежадання буйных сетак увязвацца ў гульню?


- Увядзенне гандлёвага рэестра - гэта мера, якая садзейнічае развіццю канкурэнцыі. Каб буйны ўдзельнік рынку не мог пакрыўдзіць таго ж індывідуальнага прадпрымальніка.


Мы лічым, што норма 20 працэнтаў не павінна палохаць інвестара. Але, калі не кантраляваць удзельную вагу, можна выпадкова аддаць увесь рэгіён адной сетцы.


Закон нядаўна ўступіў у сілу, павінна з'явіцца правапрымяняльная практыка. Ацэнкі будзе даваць жыццё: важна, каб гандаль задавольваў людзей і па цане, і па якасці. Але, калі гэты крок будзе садзейнічаць стагнацыі - а ўсе хочуць, каб гандаль абнаўляўся, каб адкрываліся новыя гандлёвыя цэнтры, - магчыма, з часам мы гэту норму можам і перагледзець.


Аднак усе гэтыя абмежаванні датычацца толькі гандлю прадуктамі харчавання. Ніхто не абмяжоўвае рэтэйлера - развівай гандаль таварамі лёгкай прамысловасці, бытавой тэхнікай. Выбар ёсць!


- Дзяржава адыходзіць ад рэгулявання цэн - але ў інтарэсах пакупніка, каб рынак выпрацаваў сістэму процівагі для бясконцага перагляду цэннікаў. Ці згодны вы са сцвярджэннем, што буйныя рознічныя сеткі ў многім стрымліваюць рост цэн?


- Гэта сапраўды так. Хачу адзначыць, што гандлёвыя сеткі ідуць насустрач пакупнікам і працуюць з пастаўшчыкамі і вытворцамі, тым самым стрымліваючы цэны.


Я лічу, што гандлёвыя сеткі робяць пазітыўныя зрухі на рынку - імі не навязваецца высокая цана, а наадварот, прасочваецца імкненне прыцягнуць пакупнікоў, прапанаваўшы набольш выгадны кошт тавараў.


- Цяпер у інтэрнэт-магазінах забаронены продаж алкагольных напіткаў і цыгарэт. Аднак у замежных краінах, у тым ліку ў суседніх Літве, Польшчы, Украіне, дастаўка гэтых тавараў з інтэрнэт-магазінаў дазволена. Ці не плануецца ў Міністэрстве гандлю ініцыяцыя змяненняў гэтых норм? Для пэўных катэгорый пакупнікоў, у тым ліку для пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дастаўка гэтых тавараў дадому была б зручнай.


- Гэта пытанне звязана з рэкламай алкагольных напіткаў. Выконваючы рэкамендацыі СААЗ, мы адмовіліся ад рэкламы тытуню і алкаголю, істотна абмежавалі рэкламу піва. Добра гэта ці дрэнна - пакажа час. З аднаго боку, мы клапоцімся аб здаровым ладзе жыцця, а з другога - непакоімся аб развіцці тавараабароту, аказанні дадатковых паслуг для насельніцтва.


Але ў канчатковым выніку з ініцыятывай аб карэкціроўцы заканадаўства павінен выступіць не гандаль, а вытворцы. Зрабіўшы добры якасны прадукт, няхай і алкагольны, і нікому аб гэтым не расказаўшы, прадаць яго вельмі складана. І калі ў рэкламе піва пасля васьмі гадзін вечара яшчэ ёсць нейкія магчымасці, то па алкаголі і тытуні гэтага няма. Магчыма, рэклама магла б з'явіцца ў начны час або па выдзеленым канале камунікацыі з абмежаваным доступам.


- З аднаго боку, Прэзідэнт паставіў задачу максімальнага выкарыстання магчымасцей гандлю для пашырэння збыту прадукцыі беларускіх вытворцаў, у тым ліку алкагольных напіткаў. З другога - паводле даных, атрыманых у ходзе апытання пакупнікоў аднаго інтэрнэт-магазіна, 95 працэнтаў з іх хацелі б мець магчымасць заказваць алкаголь і цыгарэты праз інтэрнэт. Некалькі тыдняў таму пытанне зняцця такіх абмежаванняў ініцыіравана ў Расіі. Ці не настаў час і ў Беларусі адмяніць забарону на інтэрнэт-гандаль алкаголем і цыгарэтамі з закона аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі?


- Любыя меры рэгулявання ў гандлі накіраваны на найбольш поўнае задавальненне патрэб насельніцтва, а таксама на тое, каб засцерагчы пакупніка ад няякаснага, несертыфікаванага і кантрафактнага тавару. У сувязі з гэтым нельга не прызнаць, што абмежаванні на гандаль у інтэрнэце звужаюць магчымасці пакупнікоў, асабліва тых груп насельніцтва, для якіх дыстанцыйны заказ і дастаўка тавараў найбольш актуальныя. Звужаюць забароны і магчымасці гандлю і, адпаведна, вытворцаў, абмяжоўваючы збыт якаснай падакцызнай прадукцыі. Таму пры выкананні пэўных умоў, якія павінны быць выпрацаваны з боку дзяржавы, можна дапусціць, што забароны на інтэрнэт-гандаль пэўнымі відамі прадукцыі будуць паступова адмяняцца.


Але таксама, як і змяненні ў закон аб рэкламе, такія новаўвядзенні ў заканадаўчыя дакументы павінны ініцыіравацца вытворцамі. Калі ў іх інтарэсах пашырэнне пляцовак збыту прадукцыі і павелічэнне продажаў, яны павінны прапаноўваць заканадаўцам і рэгулюючым органам сваё бачанне арганізацыі такога гандлю.


- Год таму ў адным з інтэрв'ю вы высока ацанілі тэмпы развіцця буйных гандлёвых сетак у Беларусі. За гэты час лідары айчыннага рэтэйлу развівалі інтэрнэт-гандаль, пашыралі вытворчасць тавараў уласных гандлёвых марак у краіне, забяспечвалі сучаснымі формамі гандлю сельскіх жыхароў. Ці падтрымлівае Міністэрства гандлю такія ініцыятывы буйнога прыватнага бізнесу?


- Безумоўна. І ў нас ёсць сапраўды паспяховы вопыт сеткі "Еўраопт", якая актыўна развівае вытворчасць тавараў УГМ. У прынцыпе, усе буйныя рэтэйлеры краіны спрабуюць займацца развіццём форм сучаснага гандлю, што, несумненна, выгадна, перш за ўсё пакупнікам.


Але я таксама гаварыў аб тым, што гандаль павінен звярнуць увагу і на вытворчасць - буйным сеткам трэба мець сваю перапрацоўку. Гэта ж гарантуе высокую якасць прадуктаў. І я лічу, што мы ўжо ідзём па гэтым шляху.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі