Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
11 чэрвеня 2015, 14:03

Вадзім Кармазін: Турыстам могуць дазволіць бязвізавы ўезд у Беларусь на тры дні

Беларускую турыстычную галіну ў бліжэйшы час чакае перазагрузка. Хто і калі атрымае права бязвізавага ўезду ў Беларусь, якія змяненні хутка ўнясуць у заканадаўства аб турызме і што будзе з цэнамі на пуцёўкі, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін.


- Як у гэтым сезоне змяніліся цэны на замежныя пуцёўкі, у тым ліку па найбольш папулярных турыстычных напрамках?


- Што датычыцца цэнавай палітыкі, то суб'екты гаспадарання вызначаюць яе самастойна, дзяржаўнага рэгулявання цэн на турыстычныя паслугі няма. Цану вызначаюць попыт і прапанаванне.


Гэты турыстычны сезон будзе няпростым, але тут справа не столькі ў новых правілах разліку за турпаслугі, колькі ў кан'юнктуры турыстычнага рынку. Зразумела, размова ідзе аб расійскім рынку. Амаль 70 працэнтаў ад агульнага экспарту турпаслуг мы атрымлівалі за кошт расійскіх турыстаў. За год доля расіян у агульнай колькасці турыстаў, што прыбываюць у Беларусь, зменшылася прыкладна на 3 працэнты, іх расходы ў час падарожжаў таксама скарачаюцца. Трэба шукаць новыя рынкі, нашым гасцініцам, санаторыям трэба весці больш гібкую палітыку. Ёсць крызісная з'ява - трэба аператыўна рэагаваць, зніжаць цэны, а не чакаць ля мора пагоды.


Сезон будзе складаны і ў плане ўязнога, і ў плане выязнога турызму, але я лічу, што цэны будуць трымацца ўмераныя. Што датычыцца выязных турыстычных патокаў, то яны змяніліся, напрыклад, ва Украіну яны знізіліся прыкладна ў тры разы. "Выстраліў" балгарскі напрамак, павялічыўся паток у Турцыю, пачаў набіраць абароты Егіпет. У мінулым годзе попытам у беларускіх турыстаў карысталіся Туніс, Грэцыя, Іспанія.


- З 1 сакавіка за пуцёўкі трэба разлічвацца ў нацыянальнай валюце. Як дэдаларызацыя паўплывала на турыстычны рынак?


- Забарона на разлік замежнай валютай стала пэўным сюрпрызам для тураператараў. Да таго ж гэта адбылося напярэдадні турсезона, калі ўсе дагаворныя адносіны былі ўжо выбудаваны. Давялося пераглядаць дагаворы, вызначаць новую цэнавую палітыку.


Пастанову Нацбанка мы ў цэлым падтрымліваем, грамадзянін павінен мець магчымасць аплаціць любую паслугу ў беларускіх рублях. Але ў пачатку турыстычнага сезона гэта адбылося крыху сумбурна. Замежныя турысты, знаходзячыся ў сваёй краіне, не маглі аплаціць турпаслугі па безнаяўным разліку, і нас гэта не магло не хваляваць. Пазней гэту сітуацыю ўсё-такі ўдалося вырашыць.


Акрамя таго, сітуацыя з пераходам на разлікі ў нацыянальнай валюце ў пэўнай ступені паўплывала на кошт пуцёвак, але не вельмі. Размова ідзе аб павышэнні ў межах 3-5 працэнтаў. Гэта звязана з расходамі на канвертацыю валют, паслугі банкаў і т.д.


- Міністэрства спорту і турызму накіроўвала ў Савет Міністраў свае прапановы па лібералізацыі візавага рэжыму, якія з ініцыятыў могуць стаць рэальнасцю ўжо ў бліжэйшым будучым?


- Мы заўсёды займалі пазіцыю, што трэба планамерна выходзіць на лібералізацыю візавага рэжыму, перш за ўсё гэта датычыцца краін з нізкім узроўнем міграцыйнай рызыкі. Вопыт чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску даказаў апраўданасць такой пазіцыі. У гэтым годзе па ініцыятыве Мінспорту і турызму ўрад зацвердзіў пералік, куды ўвайшлі больш як 30 міжнародных спартыўных спаборніцтваў у Беларусі, удзельнікі якіх вызваляюцца ад консульскага збору - гэта значыць, віза ёсць, але яна бясплатная. Гэта зручна, перш за ўсё, для спартсменаў.


- У хуткім часе замежныя турысты змогуць наведваць без віз Белавежскую пушчу. Ці разглядаецца пытанне аб увядзенні такой практыкі пры наведванні іншых турыстычных аб'ектаў, культурных або спартыўных мерапрыемстваў?


- Механізм бязвізавага ўезду на тэрыторыю Белавежскай пушчы праз пагранпераход "Перароў - Белавежа" для замежных грамадзян пачне дзейнічаць 12 чэрвеня. Указам нумар 115 устаноўлена, што замежныя грамадзяне, якія хочуць наведаць нацыянальныя парк "Белавежская пушча", змогуць знаходзіцца на тэрыторыі парку без віз тэрмінам да трох дзён, пастановай Савета Міністраў зацверджана форма пропуску. Разам з калегамі з Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Дзяржпагранкамітэта, МУС мы стараліся выпрацаваць спрошчаны механізм, а не вынаходзіць працэдуру, аналагічную па затраце часу і сіл на атрыманне той жа візы. У выніку быў зацверджаны пропуск, які дае права на наведванне Белавежскай пушчы, разам з гэтым для турыстаў прапісаны некаторыя нормы, паколькі гэта ўсё ж такі сур'ёзны аб'ект, запаведная зона. Права бязвізавага ўезду распаўсюджваецца менавіта на тэрыторыю Белавежскай пушчы, і турыст павінен разумець, што ён не можа пакідаць межы нацпарку. Пропуск для бязвізавага наведвання будзе высылацца пры запаўненні формы на сайце нацпарку на пазначаны электронны адрас. Для перасячэння граніцы турысту пры сабе трэба мець пашпарт, пропуск, медстрахоўку. Мяркую, што гэта добры спосаб прыцягнення турыстаў у нацыянальны парк.


Цяпер абмяркоўваецца прапанова дазволіць турыстам знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без візы на працягу трох дзён. Адзначу, што канчатковае рашэнне пакуль не прынята, пакуль гэта толькі прапанова, і яна датычыцца не ўсіх замежных турыстаў. Размова ідзе пра некаторыя катэгорыі грамадзян з пэўных краін. Перш за ўсё, гэта грамадзяне краін з нізкім узроўнем міграцыйнай рызыкі, якія ўжо маюць шэнгенскія візы і будуць праязджаць транзітам праз Беларусь. Дэталі цяпер абмяркоўваюцца, канкрэтызаваць іх пакуль рана.


- Раней Беларусь прапаноўвала Кітаю ўвесці бязвізавы рэжым для групавых турпаездак паміж дзвюма краінамі, ці ёсць якія-небудзь зрухі ў гэтым пытанні?


- Плануецца, што 18 чэрвеня ў Кітаі будзе падпісаны пратакол да пагаднення аб бязвізавых групавых турыстычных паездках. Кітайскі турыстычны рынак вельмі актыўна развіваецца, мяркую, такое рашэнне істотна паўплывае на ўзаемны абмен турыстычнымі патокамі.


- У гэтым годзе плануецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў закон "Аб турызме". Адной з найбольш абмяркоўваемых сярод прадстаўнікоў турбізнесу ініцыятыў стала магчымае стварэнне рэестра суб'ектаў турыстычнай дзейнасці. Як гэта дапаможа турысту? Якія яшчэ змяненні ў заканадаўстве ініцыіруе Мінспорту?


- Сітуацыя на турыстычным рынку падказвае, што пэўныя змяненні ў заканадаўства трэба ўносіць. І гэта работа ідзе, у парламенце ўжо адбыліся пасяджэнні рабочых груп, дзе абмяркоўваўся праект закона.


Новым стане ўвядзенне рэестра суб'ектаў турыстычнай дзейнасці. Уключэнне ў рэестр будзе абавязковым для работы на рынку, у яго будуць унесены даныя аб тураператарах і турагентах. Рэестр будзе своеасаблівай інфармацыйнай сістэмай, але трэба разумець, што гэта новаўвядзенне не павінна весці да бюракратызацыі, паколькі цяпер у краіне праводзіцца палітыка скарачэння адміністрацыйных працэдур, каб яны не перашкаджалі бізнесу. З дапамогай рэестра турыст зможа ў любы момант азнаёміцца з гісторыяй выбранай турфірмы і даведацца, ці зарэгістравана яна афіцыйна. Лічу, інфармацыя рэестра будзе карыснай і для саміх ігракоў турыстычнага рынку.


Прапануецца таксама на заканадаўчым узроўні прадугледзець магчымасць стварэння самарэгулюемых арганізацый у турызме з правам стварэння кампенсацыйнага фонду. Ён будзе служыць перш за ўсё для абароны інтарэсаў турыста. У выпадку невыканання тураператарам або турагентам сваіх абавязацельстваў турысту з гэтага фонду будзе выплачвацца кампенсацыя пэўнага памеру. Укладаць грошы ў фонд будуць самі турфірмы - члены самарэгулюемых арганізацый. Памер узносаў арганізацыі будуць вызначаць самастойна, гэта будзе прапісана ў статуце.


- Ці падаражэюць з-за гэтага турпаслугі?


- Наўрад ці, гэта не мае дачынення да пуцёвак. У выпадку невыканання абавязацельстваў суб'ектамі турбізнесу, сродкі з фонду дапамогуць кампенсаваць страты турыста, вярнуцца на радзіму, аплаціць пералёт або іншую паслугу.


Яшчэ адно новаўвядзенне, якое прапануецца прапісаць у законе - гэта ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства ў сферы турызму. Гэта было ініцыятывай нашага міністэрства. Цяпер у дэпартамента па турызме ёсць функцыі па правядзенні наглядных праверак, але, на жаль, няма функцыі адміністрацыйнага ўздзеяння, гэта значыць, штрафныя санкцыі за парушэнні не прымяняюцца. Калі ажыццяўляецца кантроль, то павінна быць і адказнасць за парушэнне тых або іншых норм заканадаўства ў сферы турызму - гэта практыка ёсць ва ўсім свеце.


Акрамя таго, з улікам міжнароднай практыкі, рэкамендацый Сусветнай турысцкай арганізацыі будуць унесены змяненні ў гласарый. Гэта робіцца, каб мы выкарыстоўвалі тыя тэрміны, якія прымяняюцца ва ўсім свеце. У сваю чаргу гэта дапаможа пры ўкараненні сатэлітных рахункаў. Прадугледжваецца ўвесці такое паняцце, як наведвальнік, канкрэтызаваць мэту паездкі і паняцце турпакета.


- Што будзе з падаткамі ў сферы аграэкатурызму? Цяпер актыўна абмяркоўваюцца магчымыя змяненні ў заканадаўчай базе, якая пазіцыя Мінспорту і турызму?


- Парадак налічэння падаткаў у сферы аграэкатурызму будзе перагледжаны, цяпер вядзецца работа над змяненнямі ў заканадаўстве. Мы выпрацоўваем прымальную схему, яна абмяркоўваецца з суб'ектамі аграэкатурызму.


Падатковыя стаўкі павінны быць дыферэнцыраваны, павінна выконвацца прапарцыянальнасць памеру падаткаў і аб'ёму аказаных паслуг. Стаўка вырасце, але будзе ўлічаны фактычна адпрацаваны час. Адпрацаваў тры месяцы - заплаці пэўны падатак за тры месяцы.


Пакуль не буду гаварыць пра дэталі ўказа - сітуацыя пастаянна мяняецца, паступаюць новыя прапановы ад Мінфіна, Мінэканомікі, Міністэрства па падатках і зборах. Шукаем нейкі кансэнсус - не проста павялічыць збор, а адрэгуляваць гэты від дзейнасці такім чынам, каб адсячы нядобрасумленных суб'ектаў, якія пад маркай аграэкатурызму фактычна пачынаюць займацца гасцінічным, рэстаранным бізнесам і гэтак далей. Гэта асноўная мэта, а не проста банальнае павышэнне падаткаў.


Удакладненні будуць і па найме рабочай сілы, будзе дадзена азначэнне, хто можа лічыцца членам сям'і. Будзе таксама вызначаны механізм спынення дзейнасці суб'екта аграэкатурызму, таму што сёння ў заканадаўстве дакладна прапісана, як адкрыць сядзібу, але нічога не сказана аб тым, як яе закрыць.


Работа над указам вядзецца, мяркую, што ўжо ў бліжэйшы час мы ўнясём яго ва ўрад.


- Ці шмат скаргаў паступае ў гэтым годзе на нядобрасумленныя турфірмы? На што часцей за ўсё скардзяцца?


- Скаргі паступаюць, але асаблівага павелічэння няма. Звароты маюць рабочы характар, у асноўным турысты скардзяцца на нізкую якасць турпаслуг, невыкананне дагаворных абавязацельстваў.


Пэўная колькасць скаргаў датычыцца вяртання грошай пры адмове ад паездкі. У адпаведнасці з заканадаўствам чалавек можа ў аднабаковым парадку адмовіцца ад паездкі, але калі фірма панесла нейкія страты ў сувязі з арганізацыяй падарожжа, яна мае права ўтрымаць пэўную суму - так званыя фактычна панесеныя расходы, якія павінны быць пацверджаны дакументальна. Гэта прапісана ў Правілах аказання турпаслуг, зацверджаных у мінулым годзе. У прынцыпе, гэта было рэгламентавана і Грамадзянскім кодэксам, законамі "Аб абароне правоў спажыўцоў" і "Аб турызме", проста ў Правілах гэта норма канкрэтызавана. Часта фірмы ўводзяць у зман турыстаў усялякімі штрафнымі санкцыямі пры адмове ад паездкі, хоць па нашым заканадаўстве гэта не мае ніякай юрыдычнай сілы. Ніякіх штрафных санкцый кампанія турысту выстаўляць не можа, улічваюцца толькі фактычна панесеныя турфірмай расходы.


- Ці часта справа даходзіць да суда?


- Суды бываюць, але не часта. У большасці выпадкаў турфірмы вырашаюць усе пытанні ў дасудовым парадку, таму што судовыя расходы нікому не патрэбны. Калі ж фірма з'яўляецца банкрутам альбо зусім адмаўляецца ад выплаты грошай, то справа даходзіць да суда, і супрацоўнікі Мінспорту і прадстаўнікі Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў пры разглядзе такіх спраў выступаюць у якасці экспертаў.


- Ці з'явіцца ў Беларусі ў гэтым годзе адзіны цэнтр аказання турпаслуг?


- Некалькі буйных тураператараў выйшлі з ініцыятывай стварыць адзіны цэнтр у выглядзе партала, дзе можна атрымаць усе неабходныя даныя, забраніраваць і аплаціць турпаслугі. Стварэнне такой інфармацыйнай платформы і адзінага цэнтра браніравання прапрацоўваецца, Міністэрства спорту і турызму падтрымае такую ідэю.


Аб стварэнні якой-небузь адной вялікай кампаніі-манапаліста размовы не ідзе - такога не дазволіць ні сам турыстычны рынак, ні існуючае заканадаўства. Канкурэнцыя на турыстычным рынку заўсёды будзе, цяпер на ім працуе каля 1,5 тыс. тураператараў і турагентаў.


- Якія буйныя праекты будуць прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай развіцця турызму на 2016-2020 гады?


- Цяпер дапрацоўваецца канцэпцыя дзяржпраграмы, у бліжэйшы час яна будзе ўнесена ва ўрад. У краіне цяпер пераглядаецца палітыка па фарміраванні дзяржпраграм, іх стараюцца аптымізаваць, каб яны былі больш дзейсныя. Што датычыцца структуры самой праграмы, то хутчэй за ўсё яна захаваецца. У любым выпадку патрэбны будуць падпраграмы, якія датычацца кадравай палітыкі, маркетынгу, мерапрыемстваў па нарматыўным прававым забеспячэнні.


Пры гэтым канцэптуальныя змяненні закрануць праграму развіцця інфраструктуры турызму. Яна будзе пабудавана на аснове Генеральнай схемы размяшчэння зон і аб'ектаў аздараўлення, адпачынку і турызму Рэспублікі Беларусь да 2030 года. У аснову будзе пакладзена раяніраванне тэрыторый, развіццё лакальных зон - турысцка-рэкрэацыйных паркаў, курортных тэрыторый, турысцкіх зон.


- Беларусь у гэтым годзе наведаў кіраўнік Сусветнай турысцкай арганізацыі Талеб Рыфаі. У час яго візіту абмяркоўвалася магчымасць правядзення ў Беларусі некаторых мерапрыемстваў па лініі Сусветнай турысцкай арганізацыі?


- Магчымасць правядзення ў Беларусі буйной канферэнцыі па турызме і спорце ў 2016 годзе абмяркоўвалася, але пакуль непасрэдна да гэтай тэмы не падыходзілі. У першую чаргу вядуцца перагаворы аб аказанні экспертнай дапамогі Сусветнай турысцкай арганізацыяй у плане ўкаранення сатэлітных рахункаў - гэта дасць магчымасць атрымаць даныя аб сукупным укладзе турызму ў айчынную эканоміку.


Мы перадалі ўжо Сусветнай турысцкай арганізацыі некаторыя матэрыялы па гэтым пытанні, і эксперты іх вывучаюць. Мы зацікаўлены, каб нашы адносіны з арганізацыяй не былі фармальнымі.


Наталля ЗЛОТНІК,
БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі