Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
10 верасня 2014, 16:15

Ігар Белы: Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Турцыяй дасць магчымасць павялічыць аб'ём узаемных паездак мінімум на 25-30 працэнтаў

Паміж Беларуссю і Турцыяй з 1 чэрвеня бягучага года пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым. На думку многіх экспертаў, гэта дасць магчымасць не толькі павялічыць узаемны паток турыстаў, але і станоўча паўплывае на палітычныя і эканамічныя адносіны дзвюх краін. Аб тым, якія далейшыя перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі і Турцыі, у якія галіны беларускай эканомікі турэцкія інвестары гатовы ўкладваць сродкі, як развіваюцца адносіны краін мытнай "тройкі" з Турцыяй, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў генеральны консул Беларусі ў Стамбуле Ігар Белы.

- Ігар Георгіевіч, ці паўплывала адмена віз на паездкі беларускіх грамадзян у Турцыю і турэцкіх у Беларусь?


- Спрашчэнне візавага рэжыму заўсёды пазітыўна ўплывае на развіццё двухбаковых адносін. Сам факт адмены візавых фармальнасцей на ўзроўні падсвядомасці чалавека ўспрымаецца сімвалам даверу, значыць, і стымулам для азнаямлення з краінай. Многія турэцкія грамадзяне прызнаваліся, што неабходнасць атрымання візы з'яўляецца адным з ключавых момантаў пры планаванні паездкі за мяжу. У большай ступені адмену віз чакалі прадстаўнікі дзелавых колаў. Турэцкія бізнесмены прытрымліваюцца актыўнай маркетынгавай палітыкі і шмат часу праводзяць у паездках, іншы раз пераязджаючы з краіны ў краіну, прычым часта не плануючы маршрут загадзя. Адсутнасць у іх беларускай візы часам з'яўлялася стрымальным фактарам. Цяпер рашэнне наведаць Беларусь можа быць прынята нават у аэрапорце - патрэбны толькі білет.

На гэтым этапе гаварыць аб канкрэтных лічбах па росце паездак яшчэ рана, мінула не так шмат часу. Аднак першыя статыстычныя даныя за чэрвень - ліпень бягучага года сведчаць, што ў бліжэйшай перспектыве можна чакаць павелічэння росту ўзаемных паездак як мінімум на 25-30 працэнтаў.

- Традыцыйна абкатка таго ці іншага механізма паказвае недахопы і недапрацоўкі. Бязвізавы рэжым паміж краінамі функцыянуе ўжо больш як тры месяцы, ці не праявіліся за гэты час моманты, якія патрабуюць дадатковага аналізу і прапрацоўкі?

- Работа над пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Турцыі аб узаемнай адмене віз праводзілася на працягу двух апошніх гадоў, бакі вельмі ўважліва і карпатліва падышлі да ўсіх тонкасцей як самога дакумента, так і механізмаў яго рэалізацыі. Вывучаны вопыт дзеяння аналагічных пагадненняў Турцыі з нашымі суседзямі - Расіяй і Украінай, якія некалькі гадоў таму адмянілі візавы рэжым з гэтай краінай. Дзякуючы праведзенай рабоце ўсе механізмы функцыянуюць, як і было задумана, а нязначныя шурпатасці аператыўна вырашаюцца.

- Пагадненне аб узаемнай адмене віз прывязана да пагаднення з турэцкім бокам аб рэадмісіі, якое ўступіла ў сілу 31 мая. Што дае гэты дакумент? Ці зафіксаваны ўжо выпадкі адпраўлення грамадзян Турцыі назад з-за парушэнняў нашага міграцыйнага заканадаўства?

- У сусветнай практыцы пагадненні аб адмене віз і рэадмісіі, як правіла, падпісваюцца і ўступаюць у сілу адначасова. Асноўная мэта пагаднення аб рэадмісіі - юрыдычнае замацаванне абавязку краіны прыняць назад сваіх грамадзян, якія парушылі заканадаўства ў іншай краіне.

Пры рэалізацыі гэтага дакумента ў Беларусі і ў Турцыі створаны і працуюць рэадмісійныя цэнтры. Узаемны міграцыйны паток даволі вялікі, не сакрэт, што выпадкі дэпартацыі іншаземцаў таксама не адзінкавыя. Да ўступлення ў сілу пагаднення аб рэадмісіі і пасля ў маёй практыцы не прыпомню сітуацый, калі Беларусь або Турцыя адмовіліся прыняць сваіх грамадзян, якія парушылі заканадаўства ў іншай краіне.

- З кожным годам заключаецца ўсё больш беларуска-турэцкіх шлюбаў, разводы ў такіх міжнацыянальных сем'ях, на жаль, таксама здараюцца. Звычайна беларускім жанчынам не проста адстаяць права пакінуць дзіця пры сабе. Як часта генеральнаму консульству Беларусі ў Стамбуле даводзіцца падключацца да гэтых працэсаў?

- Генеральнае консульства як не шукае турэцкіх мужоў для беларускіх жанчын, так і не ўдзельнічае ў шлюбаразводных працэсах, падзеле маёмасці і пытаннях пражывання дзіцяці з адным з бацькоў. Мы не маем права ўмешвацца ў работу судовай сістэмы Турцыі і ўплываць на рашэнні, якія прымаюцца праваахоўнымі і судовымі органамі. У судовых пасяджэннях прымаюць удзел бакі і іх адвакаты.

Мы не можам заставацца абыякавымі да лёсу нашых грамадзян, але ў гэтым выпадку ў нас абмежаваны набор інструментаў. Супрацоўнікі генконсульства заўсёды выслухаюць, дадуць практычную параду з улікам асаблівасцей заканадаўства краіны знаходжання і існуючага вопыту, перасцерагуць ад неабдуманых учынкаў, дапамогуць знайсці адваката. Аднак хачу падкрэсліць, што адказнасць за будучыню ляжыць на плячах людзей, якія ўступаюць у шлюб. Прымаючы рашэнне аб стварэнні сям'і з іншаземцам, жанчына павінна разумець, што яе будучы муж выхоўваўся ў іншых традыцыях, умовах, у яго іншая рэлігія і менталітэт.

- Турцыя прывабная для Беларусі з эканамічнага пункту гледжання. А ці выгадна супрацоўніцтва з Беларуссю для турэцкіх партнёраў?

- Турэцкія бізнесмены актыўна працуюць з прадпрыемствамі краін Мытнага саюза і ўважліва сочаць за развіццём гэтага інтэграцыйнага аб'яднання. У час рабочых сустрэч і прэзентацый мне пастаянна задаюць пытанні практычнага характару аб працэдуры і правілах увозу тавараў на тэрыторыю "тройкі", а таксама прэферэнцыях для рэзідэнтаў краін Мытнага саюза. І я бачу, што турэцкі бізнесмен хоча працаваць праз заходнія вароты "тройкі" - Беларусь. Ён абгрунтоўвае свае намеры прывабным інвестыцыйным кліматам нашай краіны, нізкім узроўнем карупцыі, няўхільным выкананнем заканадаўства на ўсіх узроўнях улады, а таксама развітой інфраструктурай і высокім узроўнем бяспекі.

- Якім можа быць наступны крок у развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Турцыі?

- Крокаў можа быць вельмі шмат, але аб'ядноўвае іх адно - нацэленасць на павелічэнне аб'ёму ўзаемнага гандлю за кошт спрашчэння адміністрацыйных працэдур і мінімізацыі гандлёвых бар'ераў, а таксама развіццё вытворчай кааперацыі ў навукаёмістых галінах эканомікі. Адным са шляхоў развіцця супрацоўніцтва можа стаць стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж краінамі мытнай "тройкі" і Турцыяй. Наколькі мне вядома, абодва бакі пазітыўна ацэньваюць перспектывы такога гандлёвага саюза, але трэба разумець, што такі дакумент патрабуе дэталёвай прапрацоўкі і ўліку пазіцый усіх удзельнікаў.

- Турцыя лічыцца адным з буйных інвестараў у эканоміку Беларусі. З 2007 па 2013 год аб'ём прамых турэцкіх інвестыцый у эканоміку нашай краіны ўзрос у 11 разоў. Якія сферы найбольш прывабліваюць інвестараў?

- Апошнім часам турэцкія кампаніі, сапраўды, вельмі актыўныя ў Беларусі ў інвестыцыйным плане. Можна назваць дастатковую колькасць паспяховых прыкладаў інвестыцый у беларускую сферу паслуг, у прыватнасці, у рэстараны, гасцініцы, магазіны. Турэцкія бізнесмены аддаюць перавагу інвесціраванню ў сферы, у якіх самі займаюць лідзіруючыя пазіцыі. Нам гэта таксама выгадна, таму што павялічваецца верагоднасць паспяховасці рэалізацыі праекта - і ў выніку ў Беларусі з'яўляюцца аб'екты сусветнага класа.

Адна з прыярытэтных задач генконсульства - прыцягненне замежных інвестыцый у прамысловы сектар эканомікі Беларусі. Тут таксама ёсць станоўчыя прыклады, хоць у адрозненне ад гандлю турэцкія кампаніі вельмі асцярожныя ў частцы замежных інвестыцый і пераносу сваіх вытворчасцей за мяжу. Адным з ключавых фактараў, якія ўплываюць на прыняцце пазітыўнага рашэння аб інвестыцыях, з'яўляецца наяўнасць надзейнага беларускага партнёра, які не проста чакае ад іншаземца грошай, а гатовы весці агульны бізнес, прымаць актыўны ўдзел у развіцці сумеснага прадпрыемства. Па кожным праекце даводзіцца праводзіць шмат перагавораў, пераконваць турэцкіх інвестараў, літаральна весці іх за руку ў Беларусь. Але ў выніку гэта работа прыносіць свой плён.

- Якую прадукцыю Беларусь пастаўляе ўжо на турэцкі рынак, і якія таварныя пазіцыі маюць значны патэнцыял? Як генконсульства дапамагае беларускім кампаніям у павелічэнні аб'ёму беларускага экспарту ў Турцыю?

- Аснову беларускага экспарту ў Турцыю складаюць такія пазіцыі, як азотныя і калійныя ўгнаенні, металапрадукцыя, сінтэтычныя і штучныя ніці і валокны, торф, ільняныя тканіны, алкагольныя напіткі. У сваёй рабоце мы робім акцэнт на пераход ад сыравінных груп тавараў на прадукцыю з вялікім аб'ёмам дабаўленай вартасці. У якасці прыкладу можна адзначыць пастаўкі ў Турцыю такіх новых таварных пазіцый, як машынакамплекты грузавых аўтамабіляў, фанера, медыцынскае абсталяванне, мэбля, газетная папера, шпон і інш.

Апошнім часам стаўленне турэцкага бізнесу да Беларусі пазітыўна змянілася. Гэта звязана і з удзелам нашай краіны ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Туркі глядзяць на Беларусь як на частку перспектыўнага рынку з вялікімі магчымасцямі, адзначаючы бяспеку і надзейнасць свайго бізнесу. І айчынным прадпрыемствам трэба гэтым актыўна карыстацца.

Беларускія замежныя ўстановы прадстаўляюць інтарэсы ўсіх нашых прадпрыемстваў адначасова. Разам з тым перагаворы наконт супрацоўніцтва павінны праводзіць у першую чаргу самі прадпрыемствы з улікам іх цэнавых, лагістычных і фінансавых магчымасцей. Генконсульства са свайго боку можа дапамагчы экспарцёрам прыняць удзел у бізнес-форумах, а таксама пад прыезд дэлегацыі арганізаваць такое мерапрыемства на пляцоўцы загранустановы або адной з бізнес-асацыяцый. Мы таксама можам аказаць садзейнічанне ў правядзенні прадметных перагавораў з канкрэтнымі спажыўцамі на неабходным для прыняцця рашэння ўзроўні.

Асаблівую ўвагу ўдзяляем рабоце з бізнес-асацыяцыямі краіны знаходжання. Толькі ў бягучым годзе з удзелам беларускіх прадпрыемстваў правялі бізнес-форумы і круглыя сталы па пытаннях біржавога гандлю, вытворчасці аўтакампанентаў, мэблевай прамысловасці, прадукцыі дрэваапрацоўкі, турызму.

Апошнім часам беларускія экспарцёры актыўна выкарыстоўваюць магчымасць прадставіць сваю прадукцыю на міжнародных выстаўках у Турцыі. Так, у верасні 2014 года нацыянальная экспазіцыя Беларусі была прадстаўлена на 83-м Міжнародным Ізмірскім кірмашы. У рабоце экспазіцыі прынялі ўдзел 37 беларускіх прадпрыемстваў, якія прадстаўлялі харчовую, нафтахімічную, тэкстыльную, машынабудаўнічую галіны эканомікі.

З практыкі мы бачым, што найбольш рэзультатыўным з'яўляецца ўдзел беларускіх кампаній у спецыялізаваных выстаўках. Правядзенне на выстаўцы прэзентацый прадукцыі дае магчымасць данесці неабходную інфармацыю непасрэдна да мэтавых спажыўцоў. Паводле майго пераканання, прадпрыемства, зацікаўленае ў пастаўках прадукцыі на экспарт, павінна ўдзяляць менавіта гэтаму напрамку асаблівую ўвагу.

Таксама вельмі важна, каб прадстаўнікі турэцкага бізнесу прыязджалі на выстаўкі ў Беларусі. Сам факт таго, што турэцкі бізнесмен убачыць на месцы, як вырабляецца беларуская прадукцыя, правядзе перагаворы з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, атрымае дэталёвае ўяўленне аб вытворчым працэсе, павялічвае шанц, што візіт завершыцца падпісаннем экспартнага кантракта. У сувязі з гэтым мы стараемся зацікавіць турэцкіх бізнесменаў і арганізаваць іх візіт у Беларусь як у індывідуальным, так і групавым фармаце. Напрыклад, запланаваны візіт дэлегацыі рэгіёна Чорлу на выстаўку "Мэбля-2015", якая пройдзе ў Мінску 17-20 верасня. Мяркуецца, што нашу сталіцу наведае каля 40 турэцкіх бізнесменаў.

Для максімальнага выкарыстання міжрэгіянальных сувязей і развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі праводзім работу па наладжванні кантактаў на ўзроўні мясцовай вертыкалі ўлады. У мінулым годзе заключана пагадненне аб пабрацімстве паміж гарадамі Магілёў і Бурса, устаноўлены прамыя кантакты паміж рэгіянальнымі гандлёвымі палатамі. У верасні бягучага года дэлегацыя Турцыі на чале з губернатарам правінцыі Эдзірнэ наведала Гродзенскую вобласць. Падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім аблвыканкамам і губернатарствам правінцыі Эдзірнэ, а таксама пагадненне аб узаемадзеянні на ўзроўні аддзяленняў гандлёва-прамысловых палат рэгіёнаў Беларусі і Турцыі. Падпісваючы дакумент, які ўстанаўлівае прамыя сувязі паміж рэгіёнамі, абодва бакі прытрымліваюцца пазіцыі, што яны павінны працаваць не толькі на ўзроўні губернатарстваў, але і суб'ектаў гаспадарання.

- У беларусаў Турцыя ў першую чаргу асацыіруецца з пахлавой, лукумам і хамамам, а якія асацыяцыі ўзнікаюць у туркаў, калі яны чуюць пра Беларусь?

- У туркаў Беларусь заўсёды асацыіруецца з чысцінёй, спакоем і бяспекай. Разам з тым у Турцыі вельмі любяць спорт, і першыя асацыяцыі аб любой краіне ў іх звязваюцца з дасягненнямі спартсменаў або каманд на міжнароднай арэне. Так, апошнім часам я чую назвы беларускіх футбольных каманд БАТЭ і мінскага "Дынама", імёны Аляксандра Глеба, які цяпер гуляе ў Турцыі, і, вядома, Вікторыі Азаранка.

Мяне вельмі радуе, што ўзнікла новая асацыяцыя з нашай краінай - хакей на лёдзе. Нягледзячы на тое, што Турцыя ніколі не з'яўлялася хакейнай дзяржавай, пасля чэмпіянату свету ў Мінску туркі пачалі звязваць хакей на лёдзе менавіта з Беларуссю.

Кацярына МАРКОВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі