Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
03 снежня 2015, 17:11
Андрэс Араус

Эквадор будзе нарошчваць усебаковае ўзаемадзеянне з Беларуссю

Андрэс Араус
Міністр-каардынатар па пытаннях ведаў і чалавечага таленту Эквадора

Эквадор будзе нарошчваць усебаковае ўзаемадзеянне з Беларуссю. Упэўненасць у гэтым выказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА міністр-каардынатар па пытаннях ведаў і чалавечага таленту Эквадора Андрэс Араус, які наведаў Мінск 1-3 снежня. Эквадор уваходзіць у лік важных для Беларусі знешнепалітычных і знешнеэканамічных партнёраў. Гэту дзяржаву беларусы толькі пачынаюць пазнаваць. Цікава, што недалёка ад сталіцы Эквадора горада Кіта знаходзіцца нулявая адзнака экватара. І назва краіны па-іспанску значыць "экватар", паколькі тэрыторыя дзяржавы размясцілася па абодва бакі ад яго. Госць з геаграфічна далёкай, але палітычна блізкай для нас дзяржавы расказаў аб тым, наколькі Эквадор зацікаўлены ў развіцці сувязей з Беларуссю, як развіваюцца беларуска-эквадорскія дамоўленасці на вышэйшым узроўні і чаго чакае эквадорскі бок ад падпісанага з БЕЛТА пагаднення аб абмене інфармацыяй.

- У час вашага візіту Беларускае тэлеграфнае агенцтва і дзяржаўная тэлерадыёкампанія Эквадора (E.P. RTVECUADOR) заключылі пагадненне аб абмене інфармацыяй. Чаго вы чакаеце ад рэалізацыі палажэнняў гэтага дакумента?

- Для нас заключэнне гэтага дакумента - доказ таго, што паміж Беларуссю і Эквадорам адбываецца збліжэнне. Упэўнены, што цяпер абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі будзе ісці больш аператыўна, а гэта ў сваю чаргу пасадзейнічае больш інтэнсіўным сувязям паміж Беларуссю і Эквадорам ва ўсіх сферах, у тым ліку культурнай.

Цырымонія падпісання дакумента адбылася 2 снежня ў прэс-цэнтры Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Подпісы пад пагадненнем паставілі генеральны дырэктар БЕЛТА Дзмітрый Жук і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Эквадор у Беларусі Карлас Умберта Ларэа Давіла. Дакумент прадугледжвае абмен інфармацыяй паміж Беларускім тэлеграфным агенцтвам і дзяржаўным агенцтвам навін Эквадора і Паўднёвай Амерыкі (ANDES), якое з'яўляецца часткай RTVECUADOR. Бакі маюць намер падтрымліваць рэгулярны абмен аператыўнымі інфармацыйнымі матэрыяламі аб актуальных падзеях, што датычацца ўнутранага жыцця краін і іх знешнепалітычнай дзейнасці.

Лічу вельмі важным, каб грамадзяне абедзвюх краін атрымлівалі аб'ектыўную інфармацыю аб стане спраў адзін у аднаго. Таму пастаянны інфармацыйны абмен паміж Эквадорам і Беларуссю, на які мы разлічваем з падпісаннем інфармацыйнага пагаднення з БЕЛТА, вельмі неабходны. Асабліва з улікам інтэнсіфікацыі ў цэлым беларуска-эквадорскіх сувязей.

Хачу заўважыць, што яшчэ зусім нядаўна Беларусь была для нас практычна невядомай краінай. Інфармацыя аб ёй ішла толькі з падачы буйных міжнародных тэлеканалаў і яе было мала. Складана было разумець, што ў рэальнасці адбываецца ў вас. Упэўнены, што цяпер народы нашых краін будуць больш ведаць адзін аб адным.

- Эквадор з'яўляецца важнай дзяржавай у рэгіёне, аб чым сведчыць і размяшчэнне ў Кіта штаб-кватэры рэгіянальнага інтэграцыйнага аб'яднання UNASUR - Саюза паўднёваамерыканскіх нацый...

-Так, вы правільна заўважылі, што Эквадор займае важную пазіцыю ў рэгіёне. У нас размешчана штаб-кватэра UNASUR - рэгіянальнай палітычнай і эканамічнай арганізацыі дзяржаў Паўднёвай Амерыкі, створанай у 2004 годзе. Гэта аб'яднанне адлюстроўвае імкненне народаў Лацінскай Амерыкі да інтэграцыі, адзінства і будаўніцтва агульнай будучыні. Асноўная задача саюза - дабіцца інтэграцыі эканомік і стварэння зоны свабоднага гандлю.

Беларусь таксама адыгрывае важную ролю ў рэгіёне і ўдзельнічае ў многіх інтэграцыйных працэсах і структурах на постсавецкай прасторы. Важна, што Беларусь і Эквадор у двухбаковым супрацоўніцтве арыентаваны на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. А ў гандлёва-эканамічным складніку ўзаемадзеяння ўлічваюцца патрэбнасці эквадорскага боку ў беларускіх тэхналогіях і абсталяванні.

Дарэчы, у нас з Беларуссю агульныя пазіцыі па многіх пытаннях і міжнароднага парадку дня. Мы ўдзячны Беларусі за падтрымку кандыдатуры нашай краіны пры выбранні ў Савет па правах чалавека ў ААН на бліжэйшыя тры гады. Эквадор быў выбраны ў савет у кастрычніку бягучага года і з 1 студзеня 2016 года пачне працаваць разам з прадстаўнікамі яшчэ 15 дзяржаў іншых рэгіёнаў.

- На ваш погляд, наколькі актыўна ажыццяўляюцца дамоўленасці на вышэйшым узроўні паміж нашымі краінамі?

- Магу з упэўненасцю сказаць, што дамоўленасці на вышэйшым узроўні будуць выкананы. Бакі ўзялі пэўныя абавязацельствы па дасягненні пастаўленых мэт, і мы мэтанакіравана ідзём да іх выканання. Мой візіт - сведчанне таго, што вядзецца актыўная работа, ідуць перагаворы, наладжаны добры дыялог па ўсіх пытаннях двухбаковага парадку дня. У Мінску ў мяне адбылося некалькі сустрэч, у час якіх абмеркаваны як праекты, якія рэалізуюцца, так і новыя ў сферы навукі і тэхналогій. Прычым яны будуць рэалізоўвацца сумесна.

Амаль год таму мы адкрылі ў Мінску пасольства, і ўжо відавочны эфект ад работы нашай дыпламатычнай місіі. Цяпер Беларусь - адзін з галоўных знешнеэканамічных партнёраў па супрацоўніцтве з Эквадорам. Хачу заўважыць, што беларускія прадпрыемствы працуюць ужо, і даволі актыўна, у стратэгічных сектарах Эквадора. Мы накіроўваем у Беларусь на вучобу эквадорскіх студэнтаў, яны тут атрымліваюць адукацыю і пераймаюць беларускі вопыт.

На мой погляд, самае галоўнае ў беларуска-эквадорскім супрацоўніцтве тое, што паміж прэзідэнтамі Эквадора і Беларусі Рафаэлем Карэа і Аляксандрам Лукашэнкам устанавіліся дружалюбныя кантакты, ідзе пастаянны абмен візітамі і сустрэчамі. А гэта залог поспеху ва ўсебаковым узаемадзеянні паміж Беларуссю і Эквадорам, якое дынамічна ўзмацняецца.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі