Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
18 ліпеня 2017, 17:35
Дзмітрый Канаплянік

Больш як 40% спраў аб нявыплаце падаткаў расследуюцца ў Мінску

Дзмітрый Канаплянік

Мінск - галоўная фінансавая і дзелавая артэрыя краіны, а значыць і прывабнае месца для розных злачынцаў. Змагацца з парушальнікамі закону - задача праваахоўнікаў, у тым ліку следчых. Пра характар злачынстваў, асаблівасцях іх расследавання і гучныя справы ў інтэрв'ю БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску Дзмітрый Канаплянік.

Аб структуры злачыннасці

- Дзмітрый Уладзіміравіч, вы кіруеце мінскім упраўленнем ужо амаль чатыры гады, а да гэтага амаль 20 гадоў працавалі ў іншых следчых падраздзяленнях. Як ваш вялікі вопыт дапамагае ў рабоце?

- Вопыт дае магчымасць правільна ацаніць сітуацыю, прадумаць, прааналізаваць яе. Гэта магчымасць комплексна ўбачыць праблему, а не толькі сам факт злачынства. Напэўна, яшчэ гэта нейкая інтуіцыя, якая выпрацоўваецца гадамі і падказвае некаторыя моманты. Нягледзячы на гэта, я пастаянна вучуся. Напрыклад, да назначэння на пасаду начальніка сталічнага ўпраўлення я ў асноўным займаўся эканамічнымі і карупцыйнымі злачынствамі. У сферу маёй дзейнасці не ўваходзілі злачынствы супраць асобы, не было бытавых злачынстваў. Асаблівасцям работы па гэтых справах я вучыўся разам са следчымі УСК.

- У чым асаблівасць кіравання такім вялікім падраздзяленнем, як сталічнае ўпраўленне?

- Наша нагрузка ў параўнанні з іншымі тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі большая як у лічбавым выражэнні - па колькасці спраў, так і ў цэлым - па значнасці злачынстваў. Нашы крымінальныя справы ў большасці, лічу, значна сур'ёзныя і складаныя ў расследаванні. Напрыклад, нядаўняя справа, звязаная з кардзерамі, дзе 600 пацярпелых, - гэта вялізны аб'ём работы, а расследаванне паспяхова праведзена раённым аддзелам УСК. Дарэчы, літаральна гэтымі днямі справа пракурорам перададзена ў суд для разгляду.

Асаблівасць кіравання такім падраздзяленнем - гэта, вядома, вялікі спектр задач, неабходнасць хутка ацэньваць сітуацыю, хутка прымаць рашэнні. Мінск - цэнтр дзелавога жыцця краіны, і гэта ўплывае на спецыфіку злачынстваў. Просты факт, які пацвярджае мае словы, - больш як 40 працэнтаў усіх спраў у рэспубліцы па ўхіленні ад выплаты падаткаў расследуюцца ў Мінску. Такая тэндэнцыя захоўваецца на працягу апошніх гадоў.

Пры гэтым у структуры злачыннасці горада "эканамічныя" справы займаюць не больш за 3 працэнты. Напрыклад, хабарніцтва - усяго 0,3-0,4 працэнта сярод злачынстваў у Мінску. Крадзяжы, звязаныя са злоўжываннем паўнамоцтвамі, - 0,8 працэнта, нявыплата падаткаў - 1,2 працэнта. На першы погляд, лічбы нязначныя, але калі паглядзець на суму ўрону, нанесенага гэтымі злачынствамі, то толькі па справах аб нявыплаце падаткаў за 5 месяцаў гэтага года яна склала Br2,5 млн.

Трэба адзначыць, што доля эканамічных і карупцыйных злачынстваў паволі расце. Але гэта не прыкмета таго, што карупцыі стала больш, а хутчэй вынік больш эфектыўнай работы праваахоўнікаў.

Аб пакрыцці ўрону

- Наколькі складана следчым прымаць меры для пакрыцця ўрону ад падатковых злачынстваў?

- Цяпер са згаданых Br2,5 млн кампенсавана 76 працэнтаў. Акрамя таго накладзены арышт на маёмасць коштам каля Br2 млн. У мінулым годзе ўрон - Br5,6 млн. 62 працэнты ад гэтай сумы кампенсавана, дадаткова накладзены арышт на маёмасць на суму Br7,3 млн. Па гэтай катэгорыі злачынстваў даволі часта прымаюцца рашэнні аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці з пакрыццём сум, якія не былі выплачаны ў бюджэт. Думаю, што гэта правільна - прыцягненне да адказнасці павінна садзейнічаць у першую чаргу пакрыццю прычыненага дзяржаве ўрону.

- Не так даўно паведамлялася, што ўпраўленне СК па Мінску расследуе крымінальныя справы адносна ўдзельнікаў злачынных груп, якія дапамагалі з перавядзеннем грошай у наяўныя. Якія яшчэ гучныя крымільныя справы ў эканамічнай сферы расследуюцца ўпраўленнем цяпер?

- Як правіла, такія справы расследуюцца даволі доўга. Са свежых прыкладаў - справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў адносна кіраўніцтва адной вялікай сеткі па продажы будматэрыялаў. Мы прынялі меры па пакрыцці ўрону. У дырэктараў гандлёвай сеткі канфіскавана шэсць дарагіх аўтамабіляў коштам больш за Br200 тыс., шэсць кватэр, чатыры зямельныя ўчасткі, два гаражы. На ўсё гэта накладзены арышт. Адшуканне маёмасці - працаёмкі працэс, які займае час.

У першым паўгоддзі завершана расследаванне адносна сямі ўдзельнікаў злачыннай групы. Іх кіраўнік вельмі вядомы ў фінансавых колах. Ён і раней прыцягваўся да адказнасці - адбываў пакаранне ў канцы 2000-х. І вось, як бачым, вярнуўся да злачынных спраў. Намі выяўлены 15 суб'ектаў гаспадарання, якія супрацоўнічалі з гэтай групай. Прычынены ўрон склаў больш як $1 млн.

Таксама сур'ёзная справа, звязаная з кампаніяй Kairos. У яе дзейнасць была ўключана вялікая колькасць людзей. Асаблівасць у тым, што такой мадэлі яшчэ не было ў нас у краіне. Гэта не прамое ўхіленне ад выплаты падаткаў - там усё больш складана, прадумана і хітра. Справа значная, таму што 400 удзельнікаў уклалі свае грошы ў гэту кампанію і страцілі іх. Арганізатары былі затрыманы ў канцы мінулага года.

- Цяпер шмат гавораць пра затрыманне Віктара Пузікава.

- Крымінальная справа адносна дырэктара ТАА "Таксі Алмаз 7788" прынята да вядзення па справе следчым сталічнага ўпраўлення. Дзеянні службовай асобы кваліфікаваны па ч.2 арт.243 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў). Прад'яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення заведама няправільных звестак у падатковыя дэкларацыі, што прывяло да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры.

Па-просту кажучы, гэта ўхіленне ад выплаты падаткаў шляхам неадлюстравання ў бухуліку выручкі, якая паступала ад вадзіцеляў наяўнымі. Аб гэтым у СМІ расказвалі і самі вадзіцелі.

Папярэдні ўрон бюджэту на гэты момант складае амаль Br1,5 млн. Адносна Пузікава прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Следчыя прымаюць меры для пакрыцця ўрону.

- Факты ўхілення ад падаткаў вялікіх кампаній заўсёды выклікаюць вялікі рэзананс. Але як часта ў поле зроку сталічных следчых трыпляе дробны бізнес?

- Справа ў тым, што праваахоўныя органы працуюць па выяўленні "фінансавых кампаній", якія прадастаўляюць паслугі па афармленні падложных дакументаў, па перавядзенні ў наяўныя, па вывадзе сродкаў у ценявы абарот. Мы не зацікаўлены ў стварэнні перашкод для бізнесу, сумленных падаткаплацельшчыкаў.

Калі так званыя фінкі трапляюць у поле зроку, то далей ужо ідзе пошук усіх суб'ектаў гаспадарання, якія карысталіся іх паслугамі. Сярод іх сапраўды шмат прадстаўнікоў сярэдняга і дробнага бізнесу. Вялікія кампаніі стараюцца працаваць легальна, даражаць рэпутацыяй.

Для нас няважна - дробны або вялікі бізнес, наша задача - знайсці крыніцу злачынных паслуг, контрагентаў, устанавіць памер урону і кампенсаваць яго дзяржаве. Самае галоўнае - спыніць дзейнасць групоўкі, якая выкарыстоўвае злачынныя метады вядзення бізнесу.

Аб роўпджамперы

- Прадаўжаючы тэму дробнага бізнесу. У чэрвені загінуў хлопец, які скакаў са страхоўкай з 70-метровай трубы. На якім этапе расследаванне ў адносінах да ІП - арганізатара скачка?

- Сітуацыя неардынарная, і расследаванне наўрад ці будзе хуткім. Таму што трэба разабрацца, што за канструкцыя страхоўкі, як праходзілі скачкі, якая была роля кожнага, высветліць тэхнічныя моманты. Назначаны экспертызы па абсталяванні, якое выкарыстоўвалася, па крапежным матэрыяле, вяроўках.

Індывідуальны прадпрымальнік прайшоў альпінісцкую падрыхтоўку і мае пасведчанне на правядзенне будаўнічых работ. Аб'ект - 70-метровая труба - быў узяты ім у арэнду афіцыйна для крыху іншых мэт, не для роўпджампінгу, і зразумела, што яго рэальная дзейнасць не адпавядала фармальнаму боку. Трубу ён арандаваў для адпрацоўкі сваіх прафесійных навыкаў, але выкарыстоўваў для іншых мэт.

Калі гаварыць пра абставіны, то скакалі ў той дзень некалькі чалавек. Калі ж за імі скочыў у далейшым загінуўшы малады чалавек - вяроўкі не затармазілі яго рух і ён упаў на зямлю. Паводле папярэдняй версіі, не спрацавала сістэма нацяжэння. Пытанне - у ацэнцы ўсёй гэтай канструкцыі і дзеянняў чалавека, які аказваў паслугу, правільнасці манціравання сістэмы, спраўнасці ўсіх элементаў мацавання.

Ёсць яшчэ адзін важны момант. Гэта сама паслуга. Яна даволі запатрабавана. Але пры гэтым няма дзейснага механізма кантролю якасці і правіл яе прадастаўлення. І тут, вядома, будзем прымаць меры. Ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржорганамі і арганізацыямі.

Ёсць у следства пытанні па гэтай справе і да асобы, якая прадавала сертыфікаты на скачкі праз сетку Інтэрнэт.

Аб лібералізацыі заканадаўства

- У Беларусі плануецца перагледзець адказнасць за эканамічныя злачынствы ў бок лібералізацыі. Які ваш пункт гледжання наконт гэтага?

- Думаю, што людзі, якія нанеслі эканамічны ўрон, не нясуць такой пагрозы грамадству, як забойцы або педафілы. Менавіта таму і цяпер існуе сталая практыка, калі пры поўным пакрыцці ўрону, садзейнічанні расследаванню і раскаянні абвінавачанага вядзенне па крымінальнай справе спыняецца.

Што датычыцца лібералізацыі і выключэння некаторых саставаў аб падатковых злачынствах з кодэкса - гэта патрабаванне часу. Ёсць так званыя мёртвыя нормы, якія не прымяняюцца на практыцы.

Практыка расследавання паказала неабходнасць змянення шэрага артыкулаў КК. Напрыклад, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць без рэгістрацыі - гэта па сутнасці і ўхіленне ад выплаты падаткаў, бо прадпрымальнік не зарэгістраваны, працуе ў цені і не плаціць падаткі. Тут узнікаюць пэўныя цяжкасці ў кваліфікацыі тых ці іншых дзеянняў, а следчым важна, каб норма закону была дакладнай, празрыстай і адпавядала рэаліям.

Існуе думка аб неабходнасці павелічэння кваліфікуемага памеру ўрону, прычыненага дзяржаве ўхіленнем ад выплаты падаткаў, пры якім надыходзіць крымінальная адказнасць, і я яе падтрымліваю. Таму што крымінальнае і адміністрацыйнае вядзенне па справе істотна адрозніваюцца. І па аб'ёмах даказвання, і па затратах часу і рэсурсаў. Напэўна, варта пакінуць крымінальна каральнымі тыя факты, у якіх зафіксавана прычыненне ўрону на суму 2,5 тыс. базавай велічыні, што цяпер складае асабліва буйны памер, або нават крыху больш. А астатнія звязаныя з нявыплатай падаткаў правапарушэнні могуць разглядацца хутка ў адміністрацыйным парадку. Гэта будзе і эфектыўна, і эканамічна, а следчыя будуць заняты больш сур'ёзнымі рэчамі. У тым ліку варта ўлчваць і міжнародную практыку. Таму што ёсць склады злачынства або нейкія фармулёўкі, якія ў нас крымінальна каральныя, а ў нашых суседзяў - не.

Таксама варта прыгадаць, што некалькі гадоў таму была вельмі своечасова прынята Канцэпцыя ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. Яна дзейнічае, і мы ёю кіруемся пры прыняцці рашэнняў.

Аб тэхаснашчанасці

- Як бы вы ацанілі ўзровень тэхнічнай аснашчанасці сталічных следчых?

- Улічваючы развіццё інфармацыйных тэхналогій, мы не можам ігнараваць дапаможныя сродкі, якія прызначаны дапамагчы следчым у іх дзейнасці.

У свой час сітуацыя з распаўсюджваннем псіхатропаў у краіне падштурхнула нас да набыцця комплексу UFED Touch, які дае магчымасць разблакіраваць мабільныя тэлефоны і атрымаць з іх даныя. Наш узор паспяхова спраўляецца з 20 тыс. мадэлей тэлефонаў. Цяпер комплекс выкарыстоўваецца пры расследаванні любых злачынстваў. Напрыклад, перапіска, атрыманая са смартфона, выкарыстоўвалася пры доказе віны па справе аб пагрозе забойствам. З пачатку года мы праверылі амаль 500 тэлефонаў. У асноўным гэта справы аб наркагандлі - 44 працэнты апаратаў даследаваліся менавіта ў сувязі з ажыццяўленнем незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Выкарыстоўваюцца ў нас і спецыяльныя праграмы для аналізу тэлефонных злучэнняў. Яны даюць магчымасць аўтаматызаваць пошук і сартаванне інфармацыі. Напрыклад, пры расследаванні аднаго махлярства былі атрыманы звесткі больш як аб 200 тыс. злучэнняў на працягу 1,5 года. Дзякуючы спецыяльным праграмам удалося ўстанавіць больш за 170 сведак па справе, а таксама выкрыць факты злачыннай дзейнасці, не звязаныя з махлярствам.

Таксама на ўзбраенні стаіць апарат паверхневага зандзіравання ОКО-2 - так званы геарадар. Ён дапамагае ў пошуках і раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў. Цяпер, дарэчы, мы плануем набыць апаратна-праграмны комплекс для атрымання інфармацыі з камп'ютараў.

Нашы спецыялісты праходзяць прафесійную падрыхтоўку і павышаюць кваліфікацыю ў тым ліку за мяжой - напрыклад, сур'ёзнае супрацоўніцтва ў нас з Расіяй. Нашы следчыя рэгулярна павышаюць свой узровень ведаў у расійскіх крыміналістычных падраздзяленнях і навукова-даследчых інстытутах, вывучаюць перспектыўныя распрацоўкі.

Аб узаемадзеянні са СМІ

- Як, на вашу думку, дапамагаюць Следчаму камітэту і, у прыватнасці, сталічнаму ўпраўленню прэса і грамадскасць?

- Напрыклад, у нядаўнім выпадку з роўпджампінгам СМІ нам дапамагаюць. Па-першае, той рэзананс, які быў адразу ў прэсе, вядома, звярнуў увагу на праблему. Супольнасці роўпджампераў гэта прымусіла задумацца аб тым, што бяспека вышэй за ўсё. Па-другое, аматары скачкоў адразу ж адгукнуліся на гэту навіну. Звярталіся і ў Следчы камітэт з прапановай аказаць нейкую дапамогу, у тым ліку кансультацыйную з улікам іх ведаў і вопыту.

Што датычыцца ўзаемадзеяння са СМІ, то за час майго кіравання мінскім упраўленнем найбольш эфектыўны рэзультат мы назіралі ў 2014 годзе, калі правялі прэс-канферэнцыю па тэме процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў. Тады мы атрымалі шырокі водгук: праблема закранула і ВНУ, і школы, і сацсеткі. І ў параўнанні з 2014 годам колькасць нарказлачынстваў стала меншай. Па колькасці смяротных зыходаў ад наркотыкаў лічбы наогул несупастаўныя. Лічу, у гэтым значная роля СМІ.

Часта мы праз СМІ звяртаемся для пошуку відавочцаў злачынстваў або пацярпелых. Напрыклад, сёння адна з актуальных праблем Мінска - махлярства. Трэць крымінальных спраў аб махлярстве, накіраваных у суд у 2016 годзе, расследавалася падраздзяленнямі сталічнага ўпраўлення. Таму мы стараемся задзейнічаць усе магчымыя каналы інфармавання грамадскасці, каб атрымаць як мага большы ахоп і дапамагчы грамадзянам абараніць свае правы.

Галоўнае, каб наша інфармацыя прыносіла карысць грамадству. Мы ставім перад сабой мэту не толькі расказаць аб рабоце следчых, але і такім чынам удзельнічаць у прававой асвеце суайчыннікаў.

Акрамя таго, СМІ дапамагаюць нам устанаўліваць кантакт з чытачамі, дзякуючы іх публікацыям атрымліваем водгук, неабходны для таго,каб разумець, што трэба паляпшаць у нашай дзейнасці. Таму мы зацікаўлены ў прадаўжэнні плённага супрацоўніцтва.

У канцы гутаркі Дзмітрый Уладзіміравіч адзначыў, што ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску вельмі маладое - амаль трэць следчых упраўлення служаць у падраздзяленні не больш за два гады. Пры гэтым многія паказваюць вельмі добрыя вынікі, растуць і развіваюцца, прадаўжаюць службу ў цэнтральным апараце ведамства. "Класік меў рацыю, калі гаварыў, что маладосць - сапраўды вялікі чарадзей, асабліва калі першыя поспехі не закружаць галаву, - заўважае кіраўнік. - Але галоўная наша сіла, я лічу, менавіта ў сплаве вопыту і маладосці. Следчыя, якія нямала бачылі на сваім вяку, забяспечваюць пераемнасць, якая неабходна для далейшага развіцця".

Павел ГОРБАЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі