Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
16 лютага 2016, 11:09
Ігар Белацаркоўскі

Беларускія і амерыканскія вучоныя ажыццявілі маленькую рэвалюцыю ў барацьбе з анкалогіяй

Ігар Белацаркоўскі
Кіраўнік групы пухлін галавы і шыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава

Вучоныя з Беларусі і ЗША распрацавалі новы метад выяўлення астаткавых ракавых клетак, які таксама садзейнічае іх знішчэнню. Рабіць гэта прапануецца з дапамогай нанапузыроў, што генерыруюцца ў асобных ракавых клетках. Метад паспяхова апрабаваны на лабараторных мышах з прышчэпленымі клеткамі раку шыі і галавы. І хоць вучоныя знаходзяцца толькі ў самым пачатку шляху, яны называюць сваё адкрыццё маленькай рэвалюцыяй у барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі.

Вынікі даследавання пад назвай "Інтрааперацыйная дыягностыка і выдаленне астаткавых мікрапухлін пры дапамозе плазмонных нанапузыроў" 15 лютага апублікаваны ў аўтарытэтным у свеце навукі часопісе Nature Nanotechnology.Аб поспехах анколагаў карэспандэнт БЕЛТА пагутарыла з адным з аўтараў навуковай работы, кіраўніком групы пухлін галавы і шыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава кандыдатам медыцынскіх навук Ігарам Белацаркоўскім.

- Ігар Валер'евіч, якое месца займаюць пухліны галавы і шыі сярод іншых лакалізацый?

- У агульнай структуры анкалагічнай захваральнасці пухліны галавы і шыі займаюць 3-4 працэнты (без уліку раку скуры). Часцей за іншых дыягнастуюцца пухліны гартані і поласці рота. Так, у 2014 годзе рак гартані выяўлены ў 604 жыхароў Беларусі, поласці рота, языка і глоткі - у 1338. Мужчыны хварэюць у дзесяць разоў часцей.

Нягледзячы на тое, што рак галавы і шыі адносіцца да пухлін вонкавай лакалізацыі, дастаткова шмат пацыентаў трапляюць у поле зроку спецыялістаў на запушчанай стадыі. Гэта звязана з сацыяльным аспектам. У большасці выпадкаў гэтыя захворванні дыягнастуюцца ў людзей, якія злоўжываюць алкаголем і курэннем. У 2014 годзе рак гартані на ранніх стадыях выяўлены ў 50 працэнтах пацыентаў, поласці рота - у 30 працэнтаў.

- Чаму новы метад лячэння плануецца апрабаваць менавіта на пухлінах галавы і шыі?

- Плошча паверхні галавы і шыі займае 9 працэнтаў цела. Разам з тым тут сканцэнтравана шмат розных органаў. Пры паражэнні аднаго з іх ракам анколагам даводзіцца працаваць на абмежаванай прасторы. Выдаляючы пухліну, урач практычна не можа адступіць. Паколькі перад ім стаіць задача не толькі выразаць паражоныя ўчасткі, але і не пашкодзіць жыццёва важныя структуры.

Таму праблема радыкальнасці аперацый на галаве і шыі заўсёды актуальная. На думку некаторых вядомых спецыялістаў, многія аперацыі пры паталогіі галавы і шыі маюць умоўна радыкальны характар. Мы выдаляем пухліну, якую бачым, але мікраадсевы ракавых клетак могуць быць і не заўважаны. Адсюль узнікаюць рэцыдывы, змагацца з якімі значна цяжэй. Яны больш рэзістэнтныя, адаптаваны да прэпаратаў, паколькі пацыенты прайшлі прамянёвую або хіміятэрапію.

- У чым асаблівасць новага метаду лячэння?-

- Галоўная навізна і каштоўнасць распрацаванага метаду - у магчымасці вызначаць і знішчаць астаткавыя ракавыя клеткі непасрэдна ў час аперацыі пасля выдалення пухліны. На сённяшні дзень няма больш хуткага, дакладнага і бяспечнага метаду выяўлення асобных ракавых клетак і мікрапухлін у зоне выдалення злаякасных новаўтварэнняў, які можа прымяняцца непасрэдна ў час аперацыі.

Метад заснаваны на выкарыстанні залатых наначасцінак і лазернага выпрамянення для генерацыі плазмонных нанапузыроў толькі ў ракавых клетках. У сваю чаргу нанапузыры вызначаюцца акустычным зондам. Для гэтага залатыя наначасцінкі апрацоўваюцца спецыяльнымі антыцеламі, якія распазнаюць злаякасныя клеткі, і назапашваюцца ў гэтых клетках, практычна не трапляючы ў здаровыя. Такім чынам мы можам выяўляць асобныя ракавыя клеткі і мікрапухліны без якога-небудзь непажаданага ўздзеяння на нармальныя тканкі.

Тэхналогія паспяхова ўжо апрабавана на лабаротных мышах. На жывёлах даследуемай і кантрольнай групы выконваліся аднолькавыя па аб'ёме аперацыі па выдаленні прышчэпленай пухліны. Аднак прымяненне дадатковага мінімальнага хірургічнага ўмяшання ў даследуемай групе пасля вызначэння астаткавых ракавых клетак з дапамогай плазмонных нанапузыроў садзейнічала стапрацэнтнай выжывальнасці жывёл, тады як мышы кантрольнай групы (толькі стандартная хірургія) загінулі ад прагрэсіравання пухліны. Акрамя таго, у выпадках выяўлення неаперабельных мікрапухлін нанапузыры садзейнічалі іх знішчэнню.

Гэта значыць, ідэя заключаецца ў тым, каб зменшыць частату мясцовага рэцыдывавання. Схема наступная: перад аперацыяй пацыент атрымлівае ін'екцыю з залатымі наначасцінкамі. Пасля выдалення пухліны месца, дзе яна знаходзілася, апрацоўваецца лазерам для вызначэння астаткавых ракавых клетак. Нанапузыры актывуюцца, і мікрапухліна (калі недзе засталася) знішчаецца.

Мы чакаем, што ўкараненне новага метаду прывядзе да змяншэння колькасці мясцовых рэцыдываў. А гэта значыць, што аперацыі будуць мець максімальна радыкальны характар. Анколагі змогуць знішчаць ракавыя клеткі, якія тэарэтычна могуць быць крыніцай рэцыдываў, на мікраўзроўні.

- Калі плануецца пачаць клінічныя выпрабаванні?

- Мы гатовы правесці іх, прычым тут, у Беларусі. Паколькі наш цэнтр мае высокі ўзровень даверу да якасці праводзімых даследаванняў. У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава замежныя кампаніі штогод рэалізуюць каля 30-40 клінічных выпрабаванняў.

Аднак аб тэрмінах правядзення клінічных выпрабаванняў новага метаду пакуль гаварыць рана. Ёсць пэўны алгарытм, які трэба прайсці. Ад пачатку даследаванняў да выхаду прадукту ў свет можа спатрэбіцца 3-4 гады.

- Якія перспектывы тэхналогіі плазмонных нанапузыроў?

- Калі грунтавацца на выніках эксперыменту, то гэта маленькая перамога над анказахворваннямі. Але ў трактоўцы поспехаў, падкрэслю, мы пакуль не выходзім за рамкі эксперыменту. У перспектыве гэту тэхналогію можна будзе выкарыстоўваць для лячэння іншых відаў раку.

- Як доўга вялася работа? Хто фінансуе даследаванні?

- Гэта беларуска-амерыканскі праект, старт якому дадзены амаль тры гады таму. Вядучым даследчыкам з'яўляецца дырэктар лазерных тэхналогій карпарацыі Masimo Дзмітрый Лапатко. Фінансаваўся праект Gillson Langenbough Foundation, Houston,TX і Нацыянальным навуковым фондам ЗША.

Дзякуй за інтэрв'ю і поспехаў у рэалізацыі такога важнага і патрэбнага праекта.

Хрысціна РАШАНОК

Схемы з часопіса Nature Nanotechnology

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі