Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
21 ліпеня 2017, 16:02
Руслан Бортнік

Беларусі і Украіне ўдалося захаваць давер, і гэта трэба выкарыстоўваць

Руслан Бортнік
Палітычны эксперт, дырэктар Украінскага інстытута аналізу і менеджменту палітыкі

Адносіны з Украінай для Беларусі заўсёды былі прыярытэтнымі. Яно і зразумела: славянскія карані, агульная гісторыя, моцныя палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі. Нягледзячы на тое, што апошнія некалькі гадоў нельга назваць простымі, краіны па-ранейшаму знаходзяць агульныя інтарэсы і магчымасці для захавання і прымнажэння існуючага патэнцыялу. Якія перспектывы беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва, і якія напрамкі будуць найбольш запатрабаванымі? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт БЕЛТА папрасіла адказаць палітычнага эксперта, дырэктара Украінскага інстытута аналізу і менеджменту палітыкі Руслана Бортніка.

- Руслан, як бы вы маглі ацаніць цяперашні ўзровень беларуска-ўкраінскіх адносін?

- Калі па пяцібальнай шкале, то, напэўна, на чацвёрку. Беларуска-ўкраінскія адносіны, у адрозненне ад адносін з некаторымі краінамі на постсавецкай прасторы, за апошнія тры гады не толькі не дэградзіравалі, але ў некаторых напрамках нават палепшыліся. Па-свойму яны ўнікальныя, і ў гэтым заслуга перш за ўсё беларускага кіраўніцтва, паколькі яму ўдалося ўдачна збалансаваць сваю пазіцыю ў сітуацыі паміж Украінай і Расіяй, заняць ролю арбітра як у палітычных, так і ў эканамічных працэсах. Мінскі перагаворны працэс, падпісаныя ў яго ходзе пагадненні, рост узаемнага гандлю, выкарыстанне Украінай Беларусі як драйвера для выхаду на рынкі СНД, ЕАЭС - відавочнае таго сведчанне.

- Беларусь і Украіна заўсёды былі ў асаблівых, братэрскіх, адносінах...

- Так, так і ёсць. Сёння раніцай я спецыяльна адкрыў сацыялагічнае апытанне, праведзенае ў студзені 2017 года групай "Рэйтынг". Згодна з ім, Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца найбольш папулярным міжнародным лідарам ва Украіне. Яго кандыдатуру падтрымалі 63 працэнты тых, хто прымаў удзел у апытанні. Следам ідуць канцлер Германіі Ангела Меркель - 56 працэнтаў, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ - 51 працэнт, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда - 49 працэнтаў, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў - 37 працэнтаў, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін - 10 працэнтаў. Такім чынам, кіраўнік беларускай дзяржавы - найбольш папулярны замежны лідар ва Украіне.

Да беларусаў у цэлым як нацыі, краіны адносіны яшчэ лепшыя. Для часткі ўкраінцаў беларуская мадэль з'яўляецца прыкладам стабільнасці, постсавецкай мадэрнізацыі без страты патэнцыялу. Для насельніцтва, скажам так, больш еўрапеізаваных поглядаў Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца дастаткова разумным, праніклівым, дальнабачным палітыкам, які ўмее балансаваць, развіваць шматвектарнасць.

- Як ва Украіне ўспрымаюць міратворчыя ініцыятывы Беларусі?

- Гэтым ініцыятывам можна па-добраму пазайздросціць. Беларусь замест Украіны стала мостам паміж Усходам і Захадам, краінай - пасрэднікам ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Безумоўна, гэта вялікія поспехі беларускай дыпламатыі, беларускага кіраўніцтва. І сёння Беларусь - адна з нямногіх краін, якая можа эфектыўна выконваць ролю арбітра ў канфлікце ва Украіне, нават можа забяспечыць інфраструктуру яго завяршэння. Таму што ў аднолькавай меры беларускі лідар можа гаварыць як з украінскім, так і з расійскім прэзідэнтамі. У нашым постсавецкім акружэнні, магчыма, толькі лідар Казахстана можа такое, але Казахстан геаграфічна аддалены.

Любыя міратворчыя ініцыятывы беларускага кіраўніцтва я вітаю, яны маюць шанц на рэалізацыю. Але, вядома, для таго каб яны былі абсалютна эфектыўныя, неабходна прыцягваць і краіны ЕС, і ЗША.

- Ад супрацоўніцтва ў палітычнай сферы - да эканомікі. Якія напрамкі з'яўляюцца найбольш перспектыўнымі ў гандлёва-эканамічнай сферы?

- Ужо сёння Беларусь з'яўляецца драйверам для Украіны па выхадзе на рынак ЕАЭС. У сваю чаргу Украіна - вялікі рынак для беларускіх тавараў. Ва Украіне прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі з Беларусі - пачынаючы з машынабудавання і заканчваючы прадуктамі харчавання. Акрамя таго, Украіна сёння мае вельмі цікавую для Беларусі інфраструктуру, перш за ўсё марскія парты. Доступ да ўкраінскіх партоў дасць магчымасць Беларусі дыверсіфікаваць свой гандаль.

Акрамя таго, трэба гаварыць аб магчымым удзеле Беларусі ва ўкраінскай інфраструктуры. Ва Украіне запланавана вялікая праграма прыватызацыі на гэты год - на 17,5 млрд грыўнаў. Некалькі тысяч прадпрыемстваў будуць прыватызаваны. Украіна чакае ад Беларусі інвестыцый, якія таксама ў інтарэсах Беларусі. Беларускія інвестыцыі пазбаўлены палітычных абцяжарванняў. Таму, мне здаецца, неабходна развіваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку.

- Якія перашкоды трэба ўстараніць, каб супрацоўніцтва Беларусі і Украіны было больш эфектыўным?

- Нічога не перашкаджае нашым краінам супрацоўнічаць. Галоўнае, што ўдалося захаваць Украіне і Беларусі, - гэта давер паміж лідарамі, краінамі, народамі. Але, думаю, час для працяглых дамоўленасцей настане ў 2019 годзе пасля выбараў ва Украіне.

Яшчэ раз падкрэслю: сёння ўкраінцы лепш за ўсё ў свеце адносяцца да беларусаў і больш за ўсё сярод замежных палітыкаў паважаюць беларускага лідара. Гэта вялікі крэдыт даверу, які беларускі народ, беларуская эканоміка можа ў поўнай меры выкарыстоўваць.

Юлія ДЫЛЯНОК

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі