Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
27 мая 2014, 16:26

Аляксандр Мядзведзь: Чэмпіянат свету па хакеі пакінуў Беларусі багатую спадчыну

Легендарны беларускі атлет, трохразовы алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь, прызнаны лепшым спартсменам Беларусі ХХ стагоддзя, літаральна не мог адарвацца ад матчаў чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Нягледзячы на ўжо далёка не малады ўзрост, Аляксандр Васільевіч не толькі праглядаў тэлетрансляцыі сустрэч, але і сам не раз займаў месца на трыбуне і не пакідаў яго аж да фінальнай сірэны, як сапраўдны балельшчык. Што ж прыцягвала на лядовыя арэны заслужанага майстра спорту СССР, як, на яго погляд, выступіла на ЧС беларуская зборная, ці апраўдаў чаканні ўвесь турнір і гульня якіх дружын спадабалася мэтру айчыннага спартыўнага цэха? Пра галоўнае з убачанага Аляксандр Мядзведзь расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА.


- Аляксандр Васільевіч, чым здзівіў вас чэмпіянат свету па хакеі 2014 года?


- Пачну, калі дазволіце, не з гэтага. Упэўнены, што ўклад мінскага чэмпіянату свету ў папулярызацыю хакея яшчэ трэба будзе ацаніць. Лічу, што са мной у гэтым многія пагодзяцца. На міжнародным узроўні чэмпіянату даецца вельмі высокая ацэнка. Усёй краінай было затрачана шмат намаганняў, каб яе дабіцца. Не думаю, што зрабіць гэта было вельмі проста, але рэзультат відавочны.


А што пастаянна кідалася ў вочы на гульнях, дык гэта ўзровень канкурэнцыі, які быў неверагодна высокі. Аж да фіналу немагчыма было прадугадаць, хто будзе чэмпіёнам свету, таму што не было яўнага фаварыта. Але ўсё ж такі Расія ёсць Расія. Трэнеры гэтай каманды набралі і моладзь, і вопытных спартсменаў. Расіяне дастойна правялі фінал з фінамі і перамаглі заслужана, прычым як у гэтым асобным матчы, так і ва ўсім турніры. У фінале ў нейкі момант фіны пачалі гуляць груба, часта выдаляліся з пляцоўкі. Іх сапернікі не паддаваліся на правакацыі і цудоўна выканалі патрэбную работу ў патрэбны час. Наогул, яны праявілі вялікую мужнасць на шляху да заваявання залатых медалёў. Гэтым дасягненнем каманда рэабілітавалася за няўдачу на дамашняй Алімпіядзе ў Сочы.


- Рэзультат, паказаны зборнай Беларусі, 7-е месца, як ацэніце?


- Нармальны рэзультат. Каманда змагалася. Спорт, зразумела, не прымае ўмоўнасцей, але, думаю, чвэрцьфінальны матч са шведамі мог бы скласціся інакш, і да гэтага былі перадумовы. Скандынавы апасаліся пройгрышу, а беларусы вельмі хацелі выйграць, прыкладалі максімум намаганняў, стваралі моманты. Незабіты буліт - гэта латарэя, таму нікога персанальна не трэба вінаваціць у тым, што каманда прайграла з мінімальнай розніцай у ліку. Калі б у матчы была яшчэ тая пара нападаючых (Міхаіл Грабоўскі і Канстанцін Кальцоў. - Заўвага БЕЛТА), якая не змагла выйсці на лёд па ўважлівых прычынах, гульня са шведамі атрымалася б яшчэ больш непрадказальнай.


- Як уладальнік трох залатых алімпійскіх медалёў ці можаце вы сказаць, што чэмпіянат свету па хакеі, які ўпершыню праводзіўся ў Беларусі, быў па духу падобны на Алімпіяду?


- Я сказаў бы, што ён быў не горшы. Спартыўнае свята ў Мінску атрымалася вельмі моцным і па сутнасці, і па духу. За перамогу кожная каманда спаборнічала да апошняга, прычым каго ні вазьмі - шведы, фіны, чэхі, славакі, французы. Мне спадабаліся дзеянні каманды Латвіі. Гэта вельмі своеасаблівы і самабытны калектыў, які паказаў добры хакей, зноў жа не горшы, чым на Алімпіядзе. Ігракі поўнасцю імкнуліся выкласціся на пляцоўцы, па-сапраўднаму біліся, і такая гульня знаходзіла водгук з боку гледачоў на трыбунах.


- Перад стартам турніру існавалі апасенні, што чэмпіянат свету ў алімпійскі год можа не апраўдаць чаканні...


- Чэмпіянат свету ў Мінску паказаў поўную беспадстаўнасць такой трывогі. На мой погляд, ён прайшоў на ўзроўні, супараўнальным з узроўнем хакейнага турніру Алімпійскіх гульняў.


- Якая, на ваш погляд, спадчына ЧС-2014?


- Рэкордную наведвальнасць чэмпіянату свету можна разглядаць па-рознаму. Лепшая напаўняльнасць трыбун на такіх турнірах, гэта, несумненна, вельмі добры і красамоўны паказчык. Аднак больш важна, што матчы чэмпіянату свету прыцягнулі вялікую колькасць моладзі. На трыбунах было шмат дзяцей, якія перажывалі кожны гульнявы момант на пляцоўцы, потым у перапынках і пасля заканчэння матчаў абмяркоўвалі ўбачанае. Дзеці ж не забудуць усё гэта імгненна з заканчэннем апошняга матчу. Прыемна, што розумам маладога пакалення авалодвае не штосьці негатыўнае. Вось якую аб'ёмную задачу ўдалося вырашыць чэмпіянату свету.


У пазамінулым годзе мне давялося пабываць на такім турніры ў Фінляндыі. Наведваючы матчы, у тым ліку з удзелам беларусаў, быў крыху здзіўлены, што на трыбунах было мала гледачоў, можна нават сказаць - яны пуставалі. А што ж у гэтым годзе - амаль на ўсіх матчах, нават на так званых нерэйтынгавых, людзей было шмат. Беларусаў цікавілі літаральна ўсе сустрэчы. Вось яшчэ адно пацвярджэнне, што спартыўныя збудаванні, пабудаваныя да чэмпіянату свету, вельмі былі патрэбны.


Больш як за два тыдні Беларусі ўдалося паказаць сябе не проста спартыўнай дзяржавай, а зрабіць гэта на вышэйшым узроўні. Я асабіста размаўляў з не маючым патрэбы ў прадстаўленнях Уладзіславам Траццяком, іншымі аўтарытэтнымі ў хакеі людзьмі на розныя тэмы, але так ці іншак размова пераходзіла да таго, што яны літаральна захапляліся ўсім убачаным у Мінску на чэмпіянаце свету: арэнамі, гасцініцамі, месцамі пражывання балельшчыкаў, дарогамі, транспартам. Усе ж разумеюць, што гэта спадчына чэмпіянату свету яшчэ доўгія гады пасля заканчэння спаборніцтваў будзе служыць людзям.


- Ці маглі вы ў час сваёй актыўнай кар'еры дапусціць, што ў Мінску калі-небудзь адбудзецца не проста чэмпіянат свету па алімпійскім відзе спорту, а падзея, якая пакіне прыкметны след у спартыўнай гісторыі?


- Не. Уявіць сабе такое было немагчыма. Лічу, што пра такое наўрад ці марылі спартсмены майго пакалення. Наогул, яшчэ раз хацеў бы сказаць аб тым, наколькі я рады быў акунуцца ў атмасферу чэмпіянату свету па хакеі.


Сяргей ТРАФІМОВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі