Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
15 снежня 2017, 15:33
Таццяна Кавалёва

Ад Года сям'і да Года культуры: якія мерапрыемствы рыхтуюцца ў СНД

Таццяна Кавалёва
Начальнік аддзела па супрацоўніцтве ў галіне культуры, спорту, турызму і моладзі дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД

Рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў у СНД 2018 год аб'яўлены Годам культуры. Аб асноўных ініцыятывах, плануемых да рэалізацыі ўжо ў хуткім часе, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказала начальнік аддзела па супрацоўніцтве ў галіне культуры, спорту, турызму і моладзі дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Таццяна Кавалёва.

- Таццяна Мікалаеўна, якімі планамі на наступны год парадуеце?

- Традыцыйна мерапрыемствы, прысвечаныя тэматыцы года, уключаюцца ў план прыярытэтных у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва. Цяпер рэалізуецца план на 2017-2018 гады. Акрамя таго, Савет па культурным супрацоўніцтве зацвердзіў асобны план, прысвечаны Году культуры. Гэта 90 разнапланавых мерапрыемстваў і праектаў. Сярод іх Міжнародная выстаўка ART EXPO ў армянскім горадзе Гарыс; Сусветныя гульні качэўнікаў у Кыргызстане, у час якіх пройдзе і Другі фестываль нацыянальных відаў спорту краін СНД; Маладзёжныя Дэльфійскія гульні; Міжнародны форум культуролагаў у Азербайджане і іншыя.

План уключае больш за дзесяць разнастайных тэатральных, фальклорных, музычных і кінафестываляў. Прадугледжаны шэраг выставачных праектаў, навукова-метадычных мерапрыемстваў. У краінах будуць праведзены шматлікія конкурсы і выстаўкі-кірмашы рамеснікаў, арганізаваны на ўзаемнай аснове стажыроўкі і курсы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. У прыватнасці, - стажыроўка рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў рэстаўрацыйных майстэрнях Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных запланавала курсы павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу кансерваторый краін Садружнасці на пастаяннай аснове.

Маем намер таксама аб'яднаць намаганні ва ўдасканаленні прававога забеспячэння культурнага ўзаемадзеяння. Так, спецыяльна створаная Саветам па культурным супрацоўніцтве рабочая група падрыхтуе прапановы па актуалізацыі міжнародных дагавораў і рашэнняў у сферы кінематаграфіі; пачата работа па падрыхтоўцы праекта пагаднення ў галіне музейнай справы.

Адным з цікавых праектаў можа стаць падрыхтоўка перасовачнай выстаўкі мастацкіх кніг сучасных аўтараў дзяржаў СНД "Чытаем разам - пазнаём адзін аднаго". Літаратура - вобразнае адлюстраванне жыцця чалавека і грамадства. У мастацкіх творах праяўляецца пэўная эпоха са сваімі непаўторнымі прыкметамі і выказваюцца істотныя і важныя для народа погляды, думкі, ідэі. На жаль, у бібліятэках краін Садружнасці найменш прадстаўлены выданні, якія выйшлі ў свет у перыяд пасля абвяшчэння дзяржавамі - удзельніцамі СНД сваёй незалежнасці. Стварэнне выстаўкі кніг сучасных аўтараў і яе экспанаванне ў Выканкаме СНД, а таксама ў вядучых нацыянальных бібліятэках краін нашага інтэграцыйнага аб'яднання дадуць магчымасць грамадзянам лепш даведацца пра каштоўнасці і памкненні сваіх суседзяў. Мяркуецца, што кожная краіна прадставіць пяць знакавых мастацкіх кніг, выдадзеных на нацыянальнай і рускай мовах за апошнія 25 гадоў. Выканаўчы камітэт ва ўзаемадзеянні з Прэзідэнцкай бібліятэкай Беларусі падрыхтуе выстаўку, пры падтрымцы дзяржаў арганізуе сустрэчы і круглыя сталы з аўтарамі кніг. У далейшым гэта выстаўка можа быць прадстаўлена ў краінах Садружнасці, а таксама размешчана ў Музеі гісторыі СНД.

- У Беларусі 2016 год таксама быў аб'яўлены Годам культуры. Ці будзе ўлічвацца вопыт нашай краіны?

- Вядома. На пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве, якое адбылося ў жніўні 2017 года ў Чалпон-Аце, абмяркоўваліся вопыт і вынікі правядзення Года культуры ў Беларусі. Члены Савета, міністры культуры краін Садружнасці, асабліва адзначылі вопыт нашай краіны па правядзенні рэспубліканскай акцыі "Культурныя ініцыятывы для Беларусі" і фарміраванні банка даных аб культурных ініцыятывах для іх далейшай рэалізацыі. У цэлым на пасяджэнні Савета падкрэслівалася эфектыўнасць аб'яўлення і правядзення тэматычных гадоў, прысвечаных пытанням культуры, што павінна садзейнічаць захаванню і развіццю гісторыка-культурнай спадчыны, укараненню наватарскіх падыходаў.

- Які горад удастоіцца ганаровага звання культурнай сталіцы СНД у 2018 годзе?

- Культурнай сталіцай Садружнасці ў 2018 годзе стане горад Гарыс (Арменія), у 2019-м - Брэст (Беларусь), у 2020-м - Шымкент (Казахстан). Дарэчы, Брэст стане трэцім беларускім горадам, які атрымае гэты высокі статус. Раней ганаровага звання былі ўдастоены Гомель (2011 год), Магілёў (2013).

- Па якім прынцыпе вызначаецца культурная сталіца? Раскажыце аб магчымасцях, якія адкрывае гэты статус.

- Праграма рэалізуецца па чарзе ў дзяржавах СНД у парадку рускага алфавіта іх назваў. Для гэтага праводзяцца нацыянальныя працэдуры адбору гарадоў (у тым ліку конкурсы) на права атрымання статусу культурнай сталіцы. Па іх выніках у якасці кандыдата на правядзенне праграмы выбіраецца адзін горад (як правіла, не сталіца).

Дзяржава, якая прапусціла сваю чаргу, мае права вярнуцца да яе ў наступныя гады ў ініцыятыўным парадку. Канчатковае рашэнне прымае Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД. Прысваенне гораду статусу пацвярджаецца сертыфікатам, які ўручаецца адміністрацыі горада.

Праграма прадугледжвае канцэнтрацыю творчых рэсурсаў у культурнай сталіцы і стварэнне на гэтай аснове яркай і разнастайнай палітры мерапрыемстваў. Пры гэтым прадугледжваецца магчымасць суфінансавання так званых гасцявых праектаў за кошт краін, якія накіроўваюць творчыя калектывы ў культурную сталіцу, а таксама ва ўстаноўленым парадку - Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

У большасці гарадоў - культурных сталіц Садружнасці праграма стала адным з дзейсных інструментаў развіцця тэрыторый, абнаўлення аб'ектаў мясцовай інфраструктуры. І самае галоўнае, горад, удастоены гэтага высокага звання, назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю нашага інтэграцыйнага аб'яднання.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі