Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотарэпартаж
22 чэрвеня 2019, 17:39

У абдымку з Лесікам: як сустракаюць II Еўрапейскія гульні ў галоўнай фан-зоне Мінска

Пляцоўка каля Палаца спорту з 19 чэрвеня стала цэнтрам прыцягнення спартыўных фанатаў - у самым цэнтры Мінска адкрылася галоўная фан-зона II Еўрапейскіх гульняў. Для мінчан і гасцей сталіцы падрыхтавалі вялікія экраны для трансляцыі спаборніцтваў, арганізавалі выступленні вядомых артыстаў, адкрылі фуд-корты і зоны актывацый. У атмасферу свята ўліліся і карэспандэнты БЕЛТА.

Хмары ў небе не напалохалі мінчан і гасцей сталіцы - ужо да 11 раніцы народ пачаў паступова падцягвацца ў цэнтр. У фан-зонах для аматараў спорту разгорнуты палаткі з ежай: дранікі, бульба фры, шашлыкі, каўбаскі - утрымацца ад спакусы нялёгка. Аднак надоўга каля пунктаў харчавання наведвальнікі не затрымліваюцца, паколькі спяшаюцца да экранаў - тут у гэты час транслююць спаборніцтвы па кулявой стральбе і стральбе з лука.

Спартыўныя баталіі захопліваюць увагу маладой сям'і з Расіі. Ганна і Віталь з дачкой Машай прыехалі ў Мінск яшчэ ў канцы мая па рабоце. "Рады, што пашчасціла стаць часткай такой грандыёзнай падзеі. З маленькім дзіцем на спаборніцтвы схадзіць не атрымаецца, таму паглядзім на экранах у фан-зоне. Вядома, купім што-небудзь з сімволікі гульняў. Абавязкова зойдзем у гандлёвы дом "На Нямізе", хочам набыць пасцельную бялізну, адзенне - нам вельмі падабаецца якасць беларускіх тавараў, у нас такога не знайсці. Добра, што надвор'е змянілася і стала крыху халадней - можна спакойна пагуляць з дзіцем і ў поўнай меры атрымаць асалоду ад свята", - дзеліцца ўражаннямі сямейная пара.

Па суседству з экранамі адкрылася невялікая пляцоўка да Дня культуры і традыцый Вялікабрытаніі, які праходзіць 23 чэрвеня ў Верхнім горадзе. Тут можна згуляць у настольны футбол і паспрабаваць свае сілы ў кракеце. Сутнасць англійскай нацыянальнай гульні ў тым, каб з дапамогай вялікага драўлянага малатка кропкавымі ўдарамі правесці мячык праз 8 варотаў, размешчаных па крузе. Гэта не так проста, як здаецца: мячык імкнецца вылецець за межы поля, ды і вароты вельмі маленькія. Але азарт ахоплівае. Дачакаўшыся перамогі самага спрытнага, адпраўляюся далей.

У цэнтры пляцоўкі ўстаноўлены фотазоны з Лесікам. Яркі персанаж прыцягвае як магніт і дарослых, і дзяцей. Час ад часу тут нават з'яўляецца невялікая чарга. Сярод жадаючых зрабіць памятнае фота - жыхаркі Віцебска Святлана і яе дачка Вольга, апранутыя ў тэматычныя майкі спартыўнага свята. Яны прыехалі ў Мінск учора, пабывалі на адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў, а сёння з раніцы зноў "у страі" - не хочуць прапусціць штосьці цікавае. У планах на бліжэйшыя дні - схадзіць на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і наведаць Дзень Вялікабрытаніі ў Верхнім горадзе. "Каб максімальна ўліцца ў атмасферу, купілі тэматычныя майкі, кепкі і джэмперы. Вельмі задаволены якасцю адзення: прыемны матэрыял, якасны пашыў. Ды і ў цэлым Мінск - цудоўны горад. Тут вельмі камфортна", - кажуць яны.

Вялікае захапленне выклікае ў гасцей свята жвавы Лесік. З плюшавым сімвалам спартыўнага мерапрыемства спяшаюцца абняцца і сфатаграфавацца дзеці рознага ўзросту. Ды і дарослыя не могуць утрымацца, каб не прывітаць яго і зрабіць сэлфі.

Тыя, хто хоча забраць Лесіка з сабой, ідуць у палатку з сувенірнай прадукцыяй. Тут гандаль стартаваў яшчэ ў 9.00, і ўсю раніцу ад пакупнікоў няма адбою, расказвае таваразнавец Марына. Сёння бяруць у асноўным майкі, цёплыя джэмперы, кепкі, хутка разлятаюцца магніты і бірулькі, дадае яна.

Паназіраўшы нейкі час за гандлем, разумею, што 2 хвіліны размовы з Марынай - гэта вялікая ўдача. Як толькі я адышла, прадаўца хутка абступілі жадаючыя купіць на памяць сувеніры.

Сярод пакупнікоў заўважаю пажылую пару: яны прыглядаюцца да маек і ў выніку купляюць дзве жоўтыя з надпісам Bright year - bright you. Аказалася, Анэт і Арноу прыехалі ў Беларусь з Нідэрландаў падтрымаць сваю дачку, якая прыме ўдзел у спаборніцтвах па дзюдо. На працягу чатырох дзён яны плануюць гуляць па сталіцы і знаёміцца з беларускай кухняй.

За палаткай з сувенірамі размешчаныны зоны актыўнасцей і фотазоны. У некалькіх кропках запрашаюць пастраляць з лука, скласці велізарную Джэнгу, акунуцца ў віртуальную рэальнасць і, напрыклад, прабегчы 100-метровую дыстанцыю на скорасць. А яшчэ можна сфатаграфавацца на троне з залатых зліткаў, на фоне сцяга Вялікабрытаніі, у абдымку з 3-метровым робатам і каля вялізнай аўтамабільнай шыны.

Многія з гэтых актыўнасцей наведала мінчанка Валянціна. Жанчына за 15 хвілін паспела згуляць у настольны футбол, прыняць удзел у інтэрактыве "Беларусбанка" і здаць бясплатны тэст на ВІЧ. У планах у яе - схадзіць у Беларускую дзяржаўную філармонію на вялікі фартэпіянны марафон, а заўтра наведаць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. "Учора была на баскетболе. Вельмі цікава, сапраўдны спартыўны запал, таму завітаю і на лёгкую атлетыку", - гаворыць яна.

Калі ўсе актыўнасці наведаны, а шашлыкі - з'едзены, можна адправіцца на экскурсію па Мінску і Беларусі. Як расказала прадстаўнік партала афіцыйнага турыстычнага аператара II Еўрапейскіх гульняў "Цэнтркурорт" Ірына, у асноўным цікавяцца агляднымі экскурсіямі па Мінску. Некаторыя хочуць паглядзець рэгіён і пытаюцца пра пуцёўкі ў Дудуткі, Сулу і на БелАЗ.

Пасля 12.00 увага гасцей пераключаецца на сцэну, дзе праходзяць выступленні дзіцячых калектываў. Сёння гасцей радавалі ансамбль народнага танца "Чабарок", шоу-тэатр "Хвiлiнка", дзіцячы ўзорны ансамбль танца "Карагодзінкі", вакальна-эстрадны ансамбль "Буслiк".

Далей у праграме - выступленне валыншчыкаў Другога каралеўскага ірландскага палка, кавер-групы The Apples і іншых музыкантаў. Увечары адбудзецца інтэлектуальнае шоу і паказальныя выступленні па гістарычным фехтаванні.

Галоўная фан-зона каля Палаца спорту будзе працаваць да 30 чэрвеня кожны дзень з 10.00 да 00.00 (у дзень закрыцця II Еўрапейскіх гульняў 30 чэрвеня - да 4.00). У праграме - прэзентацыя Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін - удзельніц спаборніцтваў, іх культурнай праграмы і кулінарных традыциый, выступленні беларускіх і замежных артыстаў.

Наталля ДАНІЛЕВІЧ,

Фота Генадзя ЖЫНКОВА.

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі