Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотарэпартаж
14 чэрвеня 2018, 08:10

Масква напярэдадні галоўнай спартыўнай падзеі года

Лічаныя гадзіны засталіся да галоўнага футбольнага старту 2018 года - чэмпіянату свету па футболе. Упершыню ў гісторыі першынство па самым любімым у свеце відзе спорту пройдзе ў Расіі. Безумоўна, такая падзея накладае на краіну-гаспадыню двайны груз адказнасці. Гульні чэмпіянату падзялілі паміж сабой 11 расійскіх гарадоў: Масква, Калінінград, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Казань, Самара, Саранск, Растоў-на-Доне, Сочы і Екацярынбург. Расійская сталіца стане галоўнай пляцоўкай турніру: матчы пройдуць на стадыёнах "Лужнікі" і "Адкрыццё Арэна". Першы матч адбудзецца 14 чэрвеня на стадыёне "Лужнікі": зборная Расіі згуляе з камандай Саудаўскай Аравіі.

Спартыўныя спаборніцтвы яшчэ наперадзе, таму карэспандэнт БЕЛТА адправілася даведацца, чым жыве сталіца, як арганізаваны месцы адпачынку для турыстаў і фан-зоны, а таксама з якім настроем мясцовыя жыхары чакаюць сусветнае футбольнае першынство і якія стаўкі робяць на выступленне сваёй зборнай.

Зразумець, што Масква знаходзіцца напярэдадні нечага важнага можна ўжо на ўездзе ў сталіцу - усе турыстычныя аўтобусы спыняюць для праверкі ўстаноўкі сістэм ГЛАНАСС або "Платон". У адваротным выпадку ў горад шлях забаронены. Тым не менш расійская сталіца жыве сваім жыццём - шумным, дзелавым і актыўным.

Не губляючы надзеі ўсё ж такі ўбачыць урачыстасць футбола на вуліцах горада, я вырашыла адправіцца ў цэнтр. Знаёмства са святочнай і спартыўнай Масквой пачалося з Тэатральнай і Манежнай плошчаў. Калі да выхаду са станцыі метро "Ахотны рад" не было адчування, што заўтра ў расійскай сталіцы стартуе ЧС-2018 па футболе, то на паверхні ўсё аказалася інакш.

Першай, хто трапіўся на шляху і згадзіўся пазіраваць (з дазволу бацькоў), была дзяўчынка з Перу. А потым пачалося. Прадстаўнікі Венесуэлы, Бразіліі, Калумбіі, Аргенціны, Уругвая, Панамы, Ірана, Кітая - усе краіны няма сэнсу пералічаць. Вельмі здзівіла, што жыхароў паўднёваамерыканскага кантынента нечакана шмат. Іх яркае адзенне, гучныя галасы і шчырыя эмоцыі сведчаць аб тым, што дух спартыўнага свята сапраўды вырашыў пагасцяваць менавіта тут.

Вынесеная людскім патокам на вуліцу Нікольскую, я не магла паверыць, што гэта Масква. Нідзе не чуваць рускай мовы, нават асобных слоў. Найбольш актыўныя балельшчыкі зацягвалі гімны сваіх краін і крычалі, што менавіта каманда іх краіны пераможа.

Самы незабыўны вобраз балельшчыка - мужчына-тыгр з Калумбіі.

Самыя крэатыўныя, яркія і гучныя фанаты - зноў калумбійцы. Яны гатовы бясконца пазіраваць для фатографаў, мясцовых жыхароў і такіх жа турыстаў.

Паўднёвая Амерыка - рэгіён-пераможца ва ўсіх намінацыях! Жыхары сонечных краін шчыра вераць ва ўдачу сваіх любімцаў.

Вось, напрыклад, госці з Уругвая. Цяпер гуляюць па Маскве, але ўжо заўтра адправяцца на матчы сваёй зборнай спачатку ў Екацярынбург, потым у Растоў-на-Доне і Самару. На пытанне, ці застануцца яны ў Расіі, калі каманда выйдзе з групы, маўчаць: баяцца сурочыць.

А гэты хлопец з Аргенціны. Ён ехаў на чэмпіянат свету па футболе на веласіпедзе пяць гадоў, пакінуўшы за сабой амаль 80 тыс. км. Мы разгаварыліся, і ён расказаў, што шэсць гадоў таму страціў работу ў сваім горадзе Сан-Хуан і пасля размовы з бацькамі вырашыў некаторы час павандраваць, каб апамятацца. Спачатку год ён ездзіў па паўднёваамерыканскім кантыненце на машыне, потым перасеў на веласіпед і, выпадкова аказаўшыся на ЧС-2014 па футболе ў Бразіліі, улюбіўся ў гэты від спорту. Вырашыў што б там ні было прыехаць у Рассію... на веласіпедзе! За пяць гадоў свайго падарожжа ён аб'ездзіў усю Паўднёвую Амерыку, перасек акіян, пакатаўся па Еўропе і нарэшце даехаў да Масквы. У яго планах - наступнае сусветнае першынство, якое пройдзе праз чатыры гады ў Катары. Для гэтага ён мае намер праехаць праз Расію, Кітай, Індыю, трапіць у Аўстралію, прыляцець на поўдзень Афрыкі і праз увесь мацярык дабрацца да канцавога пункта. Мімаходам ён прадае фота фармату 10х15, зробленыя ў розных кутках свету па нефіксаванай цане - на працяг свайго падарожжа.

Відаць, што цэнтр расійскай сталіцы сапраўды жыве будучай падзеяй. Манежная плошча са знакамітым гадзіннікам адліку часу назад да пачатку сусветнага першынства, запоўнена балельшчыкамі і мясцовымі жыхарамі, якія захацелі атрымаць асалоду ад гэтай чароўнай атмасферы ўсеагульнай радасці.

Крыху далей размешчаны галоўныя сімвалы гарадоў - удзельнікаў першынства і талісман чэмпіянату - Забівака. Таксама папулярнае месца сярод турыстаў, але больш - сярод мясцовых. Тут было не так шумна і ўдалося пагаварыць з масквічамі.

Вось, напрыклад, дзве сяброўкі Віта і Света расказалі, што мужы - заўзятыя балельшчыкі. "А мы цяпер прыехалі сюды паглядзець - так шмат іншаземцаў, вельмі цікава. Мы адчуваем гонар, што краіна прымае такі чэмпіянат", - дадалі яны.

Трое хлопцаў таксама станоўча ацэньваюць той факт, што Расія атрымала такую цудоўную магчымасць. Вось толькі наконт прагнозаў гульні сваёй зборнай былі не такія аптымістычныя. У цэлым усе, з кім удалося пагаварыць, задаволены шанцам правесці чэмпіянат свету па футболе, нават нягледзячы на некаторыя нязручнасці.

Наступны прыпынак - асноўная фан-зона, размешчаная на Вараб'ёвых гарах. З аднайменнай станцыі метро шлях на пляцоўку балельшчыкаў вельмі стомны: спачатку ў гару, потым уздоўж дарогі з чарадой грамадскіх прыбіральняў - усяго больш за 20 хвілін пяшком. Сапраўды для спартсменаў і заўзятых фанатаў!

Тым больш непрыемным аказаўся той факт, што фан-зона была закрыта. Расчараванне было напісана на тварах многіх, хто дабіраўся ў гэту частку горада. Адна радасць - цудоўны від на "Масква-сіці" і галоўную футбольную арэну ЧС - стадыён "Лужнікі".

Дарэчы, "Лужнікі" прайшлі маштабную рэканструкцыю, стадыён выглядае вельмі сучасна. Вядома, ён таксама быў закрыты. Вакол яго групамі хадзілі валанцёры, якія атрымлівалі апошнія каштоўныя ўказанні напярэдадні галоўнага футбольнага старту года.

Словам, у гэтых месцах не хапала актыўнасцей для гасцей, пунктаў з ядой і напіткамі. Толькі турысты, якія вырашылі на ўсялякі выпадак вывучыць заўтрашнія лакацыі, каб не згубіцца.

Вядома, знайсці недахопы можна ў арганізацыі любога мерапрыемства, асабліва такога грандыёзнага. Але галоўнае, што людзі шчаслівыя і з нецярпеннем чакаюць пачатку сапраўды захапляючага відовішча.

Алена САЛАНЕНКА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі