Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Летні дзень год корміць

Фотарэпартаж 03.08.2017 | 17:14

Весткі пра першых камбайнераў, якія намалацілі тысячу тон збожжа ў Гомельскай вобласці, каторы год запар прыходзяць з КСУП "Агракамбінат "Холмеч" Рэчыцкага раёна. Мінулагодняе лідарства на жніве ў рэгіёне ва ўборачнай кампаніі сёлета пацвердзіў тандэм старшага камбайнера Івана Вырвіча і камбайнера Алега Хвоста. Каб даведацца, як заваёўваюць камбайнеры збожжавыя нівы, карэспандэнты БЕЛТА накіраваліся ў агракамбінат.

На гадзінніку 7.00, а на машынным двары ўжо даўно кіпіць работа: тут працоўны дзень пачынаецца на досвітку.

Зусім хутка камбайны выйдуць у поле, але перш чым сесці за штурвал, хлебаробы правяраюць гатоўнасць тэхнікі да чарговага дня жніва. Трэба ачысціць бункер, жняярку ад пылу і паржышчавых астаткаў, прадзьмуць фільтры, устараніць дробныя паломкі, калі здарыліся напярэдадні, змазаць або падкруціць усе важныя для агрэгата дэталі.

"У полі кожная мінута каштоўная, а таму неабходна паспець усё зрабіць дбайна і якасна, улічыць любую дробязь", - гаворыць Іван Вырвіч.

Для яго цяперашняя ўборачная кампанія ў гэтай гаспадарцы - ужо 22-я. Упершыню за штурвал "Нівы" Іван Вырвіч сеў, калі быў школьнікам, а сёння і сам з'яўляецца настаўнікам для моладзі. У бягучым годзе на полі працуе сын камбайнера: студэнт гомельскай ВНУ забяспечвае пажарную бяспеку на ўборцы.

"Работа камбайнера нялёгкая, але цікавая. Бачыш свой уклад у агульны каравай гаспадаркі, раёна", - дзеліцца вопытны хлебароб. Пра яго адказны падыход да працы ведаюць далёка за межамі роднага сельгаспрадпрыемства. Яго імя не першы раз у спісах перадавікоў. Вось і цяпер экіпаж Івана Вырвіча і Алега Хвоста ўжо намалаціў больш за 2 тыс. т збожжа.

Тандэм камбайнераў склаўся год таму і адразу стаў лідарам на збожжавай ніве.

"Спрацаваліся хутка, - кажа старшы камбайнер. - Можна сказаць, што разумеем адзін аднаго з паўслова, у нашай справе гэта вельмі важна". Цікаўлюся ў хлебаробаў, у чым сакрэт поспеху. "У працавітасці і ў тым, што працуем з душой", - уступае ў размову Алег Хвост і падкрэслівае, што цяпер ва ўсіх сэнсах самая гарачая пара, калі дзень год корміць.

Перад тым, як адправіцца ў поле, у дыспетчарскай хлебаробы праходзяць медагляд, атрымліваюць дарожныя лісты. Тут жа на экране ходу ўборкі ўраджаю збожжавых дасягненні ў лічбах кожнага экіпажа і вадзіцеля сельгаспрадпрыемства.

Як толькі раса спадае, камбайны выходзяць на збожжавую ніву. "Пакуль добрае надвор'е, трэба не губляць ні мінуты", - тлумачыць Іван Вырвіч, спрытна заскокваючы на прыступку агрэгата.

Мнагатонную машыну вопытны камбайнер вядзе ўпэўнена і спакойна, уважліва кантралюючы працэс уборкі. Мерны гул матора чуецца над каласістым полем. Экіпажы спяшаюцца ўбраць ураджай, пакуль дае магчымасць надвор'е, бо сонца можа хутка змяніцца ліўнямі і моцным ветрам. Нават калі здараецца паломка, то ўстараняюць яе хлебаробы як мага хутчэй на полі. "У гэту ўборачную кампанію быў толькі адзін такі выпадак - мянялі падшыпнік", - дзеліцца Іван Вырвіч.

Калі раптам непаладкі камбайнер не зможа ўстараніць самастойна, на дапамогу прыйдзе рамонтная група.

Невялікія перапынкі хлебаробы робяць на абед і вячэру. Непасрэдна ў полі два разы ў дзень гарачую ежу прывозяць з кухні прадпрыемства. "Напрыклад, учора на абед быў суп, макарона з катлетай, сокі, мінеральная вада. Усё па-дамашняму смачна і сытна", - адзначае камбайнер.

Рабочы дзень у час жніва - з раніцы да захаду сонца. Але і зарплата, кажуць хлебаробы, добрая. У гаспадарцы ўжо шмат гадоў дзейнічае сістэма матэрыяльнага заахвочвання ў перыяд уборачнай кампаніі. За кожную намалочаную тысячу тон збожжа прадугледжана прэмія.

Прыклад Івана Вырвіча і Алега Хвоста - стымул для маладзёжнага экіпажа Дзмітрыя Вялікаборца і Яўгена Кабіка. З бункера іх камбайна ўжо выдадзена больш за 1 тыс. т збожжа.

28-гадовы Дзмітрый у гаспадарцы працуе з 2006 года. Восьмы сезон працуе на камбайне. Спачатку быў памочнікам, а ўжо чацвёртую ўборачную кампанію камбайнер. Кажа, што ў бягучым годзе ўраджай у гаспадарцы нядрэнны, і лічыць, што гэта шмат у чым рэзультат правільных рашэнняў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, аграномаў, інжынернай службы, іншых спецыялістаў. "Уборачная пара - вельмі напружаны час. Наша задача - убраць усё збожжа своечасова. І мы адчуваем адказнасць за гэта", - прызнаецца малады камбайнер.

Кіпіць работа ў гэтыя дні і на збожжатаках сельгаспрадпрыемства. Іх у гаспадарцы два, працуюць 24 гадзіны ў суткі. Сюды вадзіцелі прывозяць з поля намалочанае збожжа. У адно сховішча - на насенне, асобна - харчовае.

Непасрэдна пры нас пагрузчык адпраўляе ў кузаў грузавіка чарговую партыю новага ўраджаю, якая праз некалькі мінут апынецца ў зернесушылцы. Яе магутнасць дае магчымасць прывесці ў кандыцыю да 120 т за адзіны раз.

Штодзённа на палі "Холмеча" выходзяць 10 экіпажаў камбайнераў і 10 вадзіцеляў. Уся збожжавая ніва сельгаспрадпрыемства - больш за 2,6 тыс. га. Ужо ўбрана амаль 80% плошчаў. Намалочана больш за 11 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 54,8 ц/га. Пры спрыяльных умовах надвор'я ўборку ў гаспадарцы плануюць завяршыць праз тыдзень.

Тамара СУБОТКА,

фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА,

БЕЛТА.-0-

Версія для друку
Усе фотарэпартажы
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Параўнанне камбайнаў "Палессе GS16" і Lexion 770 Збожжаўборачны камбайн "Палессе GS16" - флагман мадэльнага рада ААТ "Гомсельмаш". Машына прызначана для сельгаспрадпрыемстваў з найбольш буйнымі аб'ёмамі ўборкі.