Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотарэпартаж
25 лістапада 2016, 10:16

Як працуе электронны рэцэпт?

Усе паліклінікі Мінска пачалі выдаваць электронныя рэцэпты. Адной з першых інавацыю ўкараніла сталічная паліклініка нумар 39. Як працуе тэхналогія выпіскі электроннага рэцэпта і чаго чакаць пацыентам у будучым - у рэпартажы БЕЛТА.

Гэта пластыкавая картка для медабслугоўвання светла-зялёнага колеру аблягчае абслугоўванне пацыентаў і работу ўрача. Аднак аб усім па парадку.

Прайсці разам з намі ўсе этапы - ад атрымання пластыкавай карткі да куплі неабходнага лекавага прэпарату - мы папрасілі старшую медыцынскую сястру рэгістратуры Настассю Калянкову, якая сёння, дарэчы, звычайны пацыент. Спачатку звяртаемся ў рэгістратуру з пашпартам. Медыцынскі рэгістратар уносіць у электронную базу ідэнтыфікацыйны нумар, за якім і будзе замацавана канкрэтная картка для медабслугоўвання. Дарэчы, калі яе трэба аформіць на дзіця, адзін з бацькоў павінен прадаставіць свой пашпарт, а таксама пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Потым пацыент падпісвае форму інфармаванай згоды аб выкарыстанні пластыкавай карткі для медыцынскага абслугоўвання. На ўвесь працэс ідзе ўсяго мінуты дзве. Больш таго, працэс абсалютна бясплатны.

"А што рабіць, калі картка страчана", - цікавімся ў намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Івана Знаўца, які нас суправаджае. У гэтым выпадку пацыенту неабходна звярнуцца ў паліклініку, і яму замест старой карткі выдадуць новую, тлумачыць нам ён.

Далей накіроўваемся на прыём да ўрача. Доктар робіць агляд пацыента, выстаўляе дыягназ, пры неабходнасці назначае абследаванне і лячэнне, дае рэкамендацыі. Уся неабходная інфармацыя аб стане здароўя пацыента, назначаных лекавых прэпаратах уносіцца ў спецыяльную праграму. Гэта інфармацыя з'яўляецца ў электроннай амбулаторнай картцы пацыента, а таксама аўтаматычна дубліруецца на пластыкавай картцы.

Дарэчы, пластыкавую картку на прыёме ва ўрача мець не абавязкова. Яна патрэбна толькі тады, калі чалавек ідзе па лякарствы ў аптэку. Але скарыстацца ёй пакуль можна толькі ў дзяржаўных аптэках, гэта значыць у аптэках РУП "Белфармацыя". З часам у сетку ўвойдуць і камерцыйныя аптэкі. Дарэчы, цяпер наяўнасць такой карткі дае магчымасць купляць айчынныя лякарствы са скідкай 10 працэнтаў ад рознічнай цаны, вырабы медыцынскага прызначэння і лекавыя сродкі імпартнай вытворчасці - са скідкай 2 працэнты. Пакуль электронны варыянт рэцэпта дубліруецца папяровым носьбітам, таму пацыент можа атрымаць прэпарат як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай аптэцы. У перспектыве электронны рэцэпт поўнасцю заменіць папяровы. Выпіска папяровага рэцэпта захаваецца як мінімум да канца 2017 года. У бліжэйшым будучым з электроннымі рэцэптамі будуць працаваць усе медыцынскія цэнтры і аптэкі незалежна ад формы ўласнасці.

Дзякуючы сістэме "Электронны рэцэпт" доктар выпісвае лякарствы як па міжнароднай непатэнтаванай назве, так і па назве фірмы вытворцы, а пацыент набывае той прэпарат, які цяпер ёсць у наяўнасці. База прэпаратаў абнаўляецца кожны месяц. Пры з'яўленні на рынку новых лякарстваў, яны з'яўляюцца і ў электроннай базе.

Электронныя рэцэпты больш за іншых павінны ацаніць пацыенты з хранічнымі захворваннямі. Выпісаныя раней прэпараты адным націскам кнопкі ўрач прадубліруе на "новы рэцэпт", тым самым скароціць час на прыём пацыента. Для ўрача картка зручная яшчэ і тым, што ён можа кантраляваць назначанае лячэнне. Доктар на прыёме бачыць, набыў пацыент лекавы прэпарат у аптэцы ці не, адпаведна праходзіць лячэнне ці яго ігнаруе. Больш таго, у базе адлюстроўваецца ўвесь спектр прэпаратаў, назначаных пацыенту іншымі спецыялістамі.

Пры наяўнасці пластыкавай карткі для медыцынскага абслугоўвання пацыент без цяжкасці можа заказаць талон на прыём да ўрача-спецыяліста, выклікаць урача дадому.

Тым, што з'явілася магчымасць выпісваць электронныя рэцэпты, задаволены звычайныя наведвальнікі. "Як толькі пачалі выдаваць, я адразу і атрымала. Гэта вельмі зручна, набываць лякарствы стала намнога хутчэй. Такія карткі ўзяла ўсім - і мужу, і ўнукам", - расказала Тамара Іванаўна.

Аб новай тэхналогіі Вольга даведалася ад урачоў паліклінікі. Карыстаецца карткай адносна нядаўна, але паспела ўжо ацаніць усе перавагі. "Вельмі зручна пры запісе ў паліклініку, у аптэках скідкі", - адзначыла яна. У хуткім часе карткі з'явяцца ва ўсіх членаў яе сям'і.

За час, пакуль карэспандэнты БЕЛТА знаходзіліся ў паліклініцы і размаўлялі з персаналам і наведвальнікамі, чэргаў у рэгістратуру для атрымання пластыкавых картак не было.

Іншагароднія пацыенты, якія часова пражываюць у раёне абслугоўвання ўстановы аховы здароўя, таксама могуць звярнуцца з пашпартам для атрымання пластыкавай карткі. Аднак загадзя ім неабходна напісаць заяву на абслугоўванне ў гэтай канкрэтнай паліклініцы ў галоўнага ўрача або яго намесніка.

Спецыялісты нагадваюць, што жыхарам Мінска атрымаць такія карткі пажадана да 1 студзеня. Зразумела, такая магчымасць будзе і пасля, аднак чаму б ужо цяпер не скарыстацца ёю?

Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ,

фота Генадзя ЖЫНКОВА

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі