Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотарэпартаж
03 жніўня 2017, 16:28

ДАСЬЕ: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля

Янка Брыль адносіцца да ліку тых пісьменнікаў, чые творы вядомы беларусам яшчэ са школьнай лаўкі. Яны дапамагаюць лепш разумець навакольны свет і людзей, вучаць бачыць і цаніць прыгажосць у жыцці і мастацтве. Імя выдатнага мастака роднага слова, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата дзяржаўных і літаратурных прэмій, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага баявымі ордэнамі і медалямі, Янкі Брыля добра вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Амаль 70 гадоў жыцця ён аддаў літаратуры.

Нарадзіўся Янка (Іван Антонавіч) Брыль 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям'і рабочага-чыгуначніка. У 1922 годзе бацькі будучага пісьменніка вярнуліся на сваю радзіму ў вёску Загор'е Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, якая ў той час уваходзіла ў склад Польшчы. Жыццё з дзяцінства не балавала будучага пісьменніка ні асаблівым дастаткам у доме, ні магчымасцю сістэматычна вучыцца. У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей.

У сакавіку 1939 года ён пачаў служыць у польскай арміі. Вайна застала юнака пад Гдыняй. У выніку капітуляцыі польскіх войскаў ён трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк увосень 1941 года. У 1942 годзе Янка Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944-м - разведчыкам партызанскай брыгады "Камсамолец". Рэдагаваў газету "Сцяг свабоды" Мірскага падпольнага райкама партыі і сатырычны антыфашысцкі лісток "Партызанскае жыгала".

Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам мірскай раённай газеты, быў літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса "Вожык". У розныя гады Янка Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў "Маладосць" і "Полымя", працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вёў актыўную работу па ўмацаванні сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Янка Брыль аддаў рабоце ў якасці старшыні Беларускага таварыства "СССР - Канада". Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Пісаць Янка Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але ўпершыню выступіў у друку ў 1938 годзе (часопіс "Шлях моладзі"). Творчая дзейнасць пісьменніка пачалася з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі. Пазней ён стаў пісаць апавяданні, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 годзе выйшла з друку першая кніга Янкі Брыля пад сціплай назвай "Апавяданні", у якую ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць "У сям'і", прысвечаная жыццю заходнебеларускай вёскі.

Мастацкі летапіс дарагога сэрцу пісьменніка Наднёмання прадаўжаюць яго другі зборнік "Нёманскія казакі", а таксама аповесць "Сірочы хлеб", работу над якой ён пачаў яшчэ да вайны. Ужо гэтыя першыя творы вылучылі Янку Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, знаўцу жывой народнай мовы. Жыццё даваеннай і пасляваеннай заходнебеларускай вёскі, усенародная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў - асноўная тэматыка творчасці Янкі Брыля. Чалавек у яго творах разглядаецца ў складаных сацыяльна-псіхалагічных абставінах. Героі Янкі Брыля - людзі тонкай душы, схільныя да самааналізу. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету пранікнёнае лірычнае апавяданне Янкі Брыля "Галя", у якім на фоне жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.

Настойліва вяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, тэмы народнага подзвігу. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне "Маці" - гімн беларускай жанчыне, маці, якая не пабаялася ў час вайны даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Янкі Брыля са зборніка "Працяг размовы", які ў 1963 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. У пачатку 1960-х гадоў з'явіўся ў друку знакаміты раман "Птушкі i гнезды". Гэты аўтабіяграфічны твор пісьменніка стаў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў "кнігай адной маладосці".

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць "Я з вогненнай вескі..." (1975) - жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну і фашызм. Па матывах кнігі быў пастаўлены "Хатынскі цыкл" дакументальных фільмаў.

Вялікае месца ў творчасці Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў публікаваць з сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя і якія склалі кнігі "Жменя сонечных промняў", "Вітраж", "Акраец хлеба", "Парастак" і іншыя. Мініяцюры Янкі Брыля грунтуюцца на звычайных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, але перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторнае, арыгінальнае іх уяўленне. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і трагічныя праяўленні быцця.

Пяру Янкі Брыля належаць кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў "Роздум i слова", "Трохі пра вечнае". У 2000 годзе выйшаў зборнік выбраных твораў пісьменніка "Запаветнае".

Добра вядомы нам Янка Брыль і як перакладчык. Дзякуючы яму ўбачылі свет на беларускай мове многія творы расійскіх, украінскіх і польскіх пісьменнікаў - Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, П. Бажова, А. Даўжэнкі, Э. Ажэшкі і многіх іншых. За шматгадовую літаратурную, перакладчыцкую і грамадскую дзейнасць Янка Брыль узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а таксама Ганаровым дыпломам і медалём Таварыства супрацоўніцтва "Польшча-Усход".

Уся творчасць Янкі Брыля прасякнута чыстым і глыбокім пачуццём любові да сваёй Радзімы. Шчырае, добрасумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам жыцця таленавітага пісьменніка. Вось адзін з прынцыпаў, якога Янка Брыль нязменна прытрымліваўся ў сваёй творчасці: "Чытача не ашукаеш. Калі ты любіш, то любіш па-сапраўднаму, а ненавідзіш таксама на ўсю душу, калі ты ўкладваеш у тое, што пішаш, усё, што маеш найлепшага, калі робіш гэта натуральна, шчыра, без усякай задняй нізкай думкі, - чытач бачыць, ён прымае тваю руку, працягнутую на дружбу".

Памёр Янка Брыль у 2006 годзе. Ён пахаваны побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай на могілках у Калодзішчах (Мінскі раён).

Янка Брыль удастоены звання народнага пісьменніка Беларусі, з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, "Знак Пашаны". Творы Янкі Брыля перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, латышскую, польскую, чэшскую, французскую, англійскую і іншыя мовы свету.

У Мінску ў 2007 годзе імя Янкі Брыля атрымала вуліца, а ў 2008 годзе з'явілася памятнае месца. На доме, у якім пісьменнік пражыў апошнія 12 гадоў, адкрыта мемарыяльная дошка. На барэльефе, выкананым у выглядзе раскрытай бронзавай кнігі, пісьменнік паказаны з той мудрай усмешкай, якая знаёма ўсім паклоннікам яго творчасці.

1 жніўня 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай "100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля". Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Спецыяльнае памятнае гашэнне адбудзецца 4 жніўня ў аддзяленні паштовай сувязі нумар 1 Мінска (магазін "Філатэлія", вул. Маскоўская, 16).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі