Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 кастрычніка 2016, 19:59

Зубкоў: члены Асацыяцыі рознічных сетак сыходзяцца на думцы, што абмежаванні на продаж алкаголю негатыўна паўплываюць на работу галіны

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены Асацыяцыі рознічных сетак сыходзяцца на думцы, што прапанаваныя абмежаванні на продаж алкагольнай прадукцыі могуць негатыўна паўплываць на дзейнасць усёй галіны і эканомікі краіны ў цэлым. Аб гэтым заявіў сустаршыня гэтай некамерцыйнай арганізацыі Андрэй Зубкоў у час прэс-канферэнцыі "Гандлёвы дысбаланс: тэндэнцыі развіцця рознічнага гандлю ў краіне і магчымыя перспектывы", якая адбылася сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Паводле слоў Андрэя Зубкова, прапанаваныя абмежаванні могуць істотна паўплываць на тавараабарот арганізацый гандлю. "Дастаткова супаставіць дзве лічбы. Першая - за тры кварталы гэтага года рознічны тавараабарот знізіўся на 3,1 працэнта. Другая - у 40 працэнтах чэкаў прадуктовых магазінаў знаходзіцца алкаголь. Такім чынам, абмежаванні на продаж алкаголю толькі паскораць тэмпы спаду тавараабароту", - адзначыў эксперт.

Сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак лічыць, што ў першую чаргу новаўвядзенні могуць негатыўна паўплываць на рэнтабельнасць магазінаў фармату "каля дома", якая і без таго балансуе каля нулявой адзнакі. "Гандлёвым аб'ектам вялікіх фарматаў будзе лягчэй выканаць патрабаванні новаўвядзенняў. Невялікім жа магазінам "каля дома" выканаць гэтыя патрабаванні будзе вельмі складана, а ў некаторых выпадках давядзецца наогул адмовіцца ад рэалізацыі алкаголю, паколькі ім не дадуць магчымасці плошчы, што для большасці гандлёвых аб'ектаў будзе раўназначна самаліквідацыі - працаваць на страту суб'екты рыначнай эканомікі не могуць", - падкрэсліў Андрэй Зубкоў.

Паводле яго слоў, любая спроба ўвесці абмежаванні на легальны гандаль алкаголем тут жа выкліча рост продажаў кантрафактнай і падробленай прадукцыі. "Такім чынам, айчынныя вытворцы сутыкнуцца са зніжэннем попыту і, адпаведна, вытворчасці, падатковыя органы збяруць значна менш падаткаў і збораў, а ў выйгрышы будуць толькі пастаўшчыкі кантрафактнай прадукцыі. На мой погляд, гэтыя рызыкі цалкам рэальныя, і яны павінны быць улічаны. Трэба адзначыць, што любыя забаронныя меры без належнага эканамічнага абгрунтавання аказваюцца неэфектыўнымі і не прыводзяць да шуканага выніку", - упэўнены Андрэй Зубкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі