Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 сакавіка 2017, 09:45

Зніжэнне стаўкі рэфінансавання можа значна ажывіць рынак крэдытавання - банкі

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зніжэнне стаўкі рэфінансавання можа значна ажывіць рынак крэдытавання. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Белаграпрамбанку.

"Зніжэнне стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка станоўча паўплывала на ўмовы крэдытавання, знізіўшы кошт пазыковых сродкаў. Гэта ў сваю чаргу можа значна ажывіць рынак спажывецкага крэдытавання", - падкрэслілі ў банку.

Так, стаўка па крэдытах Белаграпрамбанка на фінансаванне нерухомай маёмасці (на будаўніцтва, набыццё індывідуальных жылых дамоў, кватэр, жыллёвых аблігацый, на рэфінансаванне крэдытаў на фінансаванне нерухомай маёмасці) складае цяпер 19 працэнтаў (стаўка рэфінансавання Нацбанка + 4 працэнтныя пункты). А стаўкі па крэдытах на спажывецкія патрэбы ў залежнасці ад тэрміну поўнага пагашэння (да 1 года і ад 1 года і больш) складаюць СР + 1 п.п. і СР + 5 п.п. (16 працэнтаў і 20 працэнтаў адпаведна).

Зніжаюцца стаўкі па крэдытах і ў Банку БелВЭБ. Як падкрэсліў дырэктар дэпартамента развіцця рознічных паслуг банка Ігар Раманоўскі, на працягу апошняга года працэнтныя стаўкі па крэдытах для фізічных асоб значна знізіліся і маюць стойкую тэндэнцыю да далейшага зніжэння, што, зразумела, выклікала павышэнне цікавасці насельніцтва да крэдытаў. Калі год таму працэнтныя стаўкі па крэдытах знаходзіліся на ўзроўні 40 працэнтаў гадавых, то цяпер Банк БелВЭБ прапануе крэдыты па стаўцы 15-18 працэнтаў гадавых.

"У сувязі з гэтым у І квартале бягучага года ў банку назіраецца значнае павелічэнне тэмпаў выдачы крэдытаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года: так, па крэдытах на спажывецкія патрэбы аб'ём выдачы крэдытаў павялічыўся больш як у 4 разы ў параўнанні з мінулым годам. Па крэдытах на фінансаванне нерухомай маёмасці ў І квартале 2016 года было выдадзена Br17 тыс., а за 2017-ы прадастаўлена ўжо крэдытаў на суму Br717 тыс. З пачатку года павелічэнне запатрабаванасці назіраецца як па крэдытах на спажывецкія патрэбы, так і па крэдытах на фінансаванне нерухомай маёмасці, што абумоўлена не толькі зніжэннем працэнтных ставак, але і зніжэннем цэн на рынку нерухомай маёмасці", - канстатаваў ён.

Адзін з буйнейшых банкаў у краіне - Беларусбанк - таксама заявіў аб зніжэнні ставак па крэдытах. "21 сакавіка мы чарговы раз істотна знізілі працэнтныя стаўкі па новазаключаемых крэдытных дагаворах на спажывецкія патрэбы - у сярэднім на 5 працэнтных пунктаў", - гаворыцца ў паведамленні на сайце банка. Акрамя таго, значна зніжаюцца працэнтныя стаўкі па раней заключаных крэдытных дагаворах на фінансаванне нерухомай маёмасці (акрамя крэдытаў у рамках сістэмы будаўнічых зберажэнняў) і спажывецкія патрэбы як у беларускіх рублях (у сярэднім на 6 працэнтных пунктаў), так і ў замежнай валюце (на 1,5 працэнтнага пункта).

Як паведамлялася, стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 15 сакавіка зніжана з 16 працэнтаў да 15 працэнтаў гадавых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі