Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 кастрычніка 2016, 15:41

Змяненне правіл гандлю прымусіць гандлёвыя сеткі кампенсаваць страты павышэннем цэн - Шаблінская

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Змяненне правіл гандлю алкаголем паставіць пад пытанне далейшае развіццё гандлёвых сетак і прымусіць кампенсаваць страты павышэннем цэн на астатнія тавары. Аб гэтым заявіла ў час прэс-канферэнцыі ў БЕЛТА сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская.

Цяпер многія гандлёвыя сеткі балансуюць на ўзроўні рэнтабельнасці не вышэйшай за 1 працэнт, адзначыла эксперт. Пры гэтым прыбытак накіроўваецца ў тым ліку на развіццё і стварэнне рабочых месц, забеспячэнне неабходнага ўзроўню гандлёвага сэрвісу. "Напрыклад, гандлёвая сетка "Рублёўскі" пры такім узроўні рэнтабельнасці не згарнула сваю праграму развіцця. У гэтым годзе мы адкрылі ўжо чатыры магазіны ў рэспубліцы і планавалі яшчэ. Але змяненне правіл гандлю алкаголем паставіць пад пытанне магчымасць далейшага развіцця сеткі", - лічыць Наталля Шаблінская.

Прыняцце новаўвядзенняў, якія прадугледжваюць арганізацыю магазінамі спецыялізаванага аддзела для гандлю спіртным і ўводзяць абмежаванне па часе рэалізацыі алкаголю, безумоўна, прывядзе да скарачэння даходаў гандлёвых сетак. "Сёння гандлёвыя сеткі канкурыруюць паміж сабой, выкарыстоўваючы мінімальныя гандлёвыя нацэнкі і праводзячы розныя акцыі, каб прыцягнуць пакупніка. У выніку пакупнік мае шырокі выбар тавараў і выгадныя цэны, - адзначыла Наталля Шаблінская. - Але калі рэнтабельнасць гандлёвых сетак апусціцца яшчэ ніжэй, гандлёвым сеткам давядзецца кампенсаваць страты за кошт павелічэння цэн на тавары. А гэта прывядзе да росту інфляцыі".

Зніжэнне рэнтабельнасці гандлёвых сетак таксама паставіць пад пагрозу іх магчымасці разлічвацца па банкаўскіх крэдытах, што, улічваючы маштабы супрацоўніцтва рэтэйлу з банкамі, у сваю чаргу створыць дадатковыя рызыкі для банкаўскага сектара краіны. "Бакі дамовіліся на зразумелых умовах, прадаставіўшы бізнес-планы, разлічыўшы свае эканамічныя магчымасці, узяўшы на сябе абавязацельствы. Сёння частка гэтых абавязацельстваў пад пытаннем. З чаго мы будзем іх выконваць?" - задала рытарычнае пытанне Наталля Шаблінская.

Узнікнуць і праблемы ў разліках з пастаўшчыкамі, якія таксама нярэдка ажыццяўляюцца за кошт крэдытаў, паколькі павінны быць праведзены за 45 дзён. Акрамя таго, паколькі знізіцца прыбытак гандлёвых сетак, скароцяцца і паступленні падаткаў у бюджэт.

Магчымае ўвядзенне новых правіл гандлю спіртным, лічыць эксперт, наўрад ці прынясе эфект у барацьбе з алкаголем. "У той жа час, напрыклад, патрабаванне аб спецыялізаваным аддзеле па гандлі спіртным прывядзе да скарачэння колькасці магазінаў крокавай даступнасці, якія з-за сваёй невялікай плошчы не змогуць выканаць гэту норму", - звярнула ўвагу няа.

Што датычыцца абмежавання па часе, то рэалізацыя алкаголю ў позні час дае магчымасць заставацца рэнтабельным начным магазінам, адзначыла эксперт. "Навошта ліквідаваць гэту іх магчымасць?" - задала пытанне яна. Начныя пакупнікі, як правіла, купляюць дарагія спіртныя напіткі з прадуктамі харчавання. Гэта значыць размова не ідзе аб масавым спажыванні спіртнога. "Забарона на рэалізацыю спіртнага пазней за 22.00 у свой час прывяла да ўзнікнення цэлага стыхійнага рынку каля магазіна "Еўрапейскі", - звярнула ўвагу Наталля Шаблінская.

"Сёння мы маем зразумелую, легальную сферу, празрыстыя гандлёвыя аперацыі, поўную фіскалізацыю. Навошта гэта ламаць?" - рэзюмавала сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі