Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 верасня 2017, 17:54

Закрываць фінансавыя дзіркі ў камерцыйным сектары за кошт бюджэту недапушчальна - Кабякоў

1 верасня, Пружанскі раён /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Бюджэтных уліванняў у камерцыйную дзейнасць быць не павінна. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У камерцыйную дзейнасць бюджэтныя грошы мы даваць не будзем. Трэба падтрымліваць навукова-даследчыя работы - для гэтага існуе інвестыцыйны фонд, капіталаўкладанні ў стварэнне новых галін вытворчасці. Але ўсе камерцыйныя праекты павінны ажыццяўляцца на камерцыйнай аснове. Закрываць фінансавыя дзіркі за кошт бюджэту ў камерцыйным сектары, няхай нават гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, недапушчальна", - падкрэсліў прэм'ер.

Тэма інвестыцый узнімалася пры наведванні малочнатаварнай фермы ААТ "Жураўлінае". Тут разглядаўся ход выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па завяршэнні будаўніцтва і рэканструкцыі да канца 2018 года малочнатаварных ферм і траншэй для захоўвання сянажнай (сіласнай) масы. У Брэсцкай вобласці за апошнія шэсць гадоў мадэрнізавана 348 малочнатаварных ферм і комплексаў, на якіх цяпер атрымліваюць 70 працэнтаў ад агульнай колькасці малака. Надой на карову на гэтых фермах за 2016 год склаў 5277 кг, што на 51 кг вышэй за сярэдні абласны паказчык.

Цяпер у рэгіёне вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя 29 МТФ, у тым ліку ў бягучым годзе запланаваны ўвод у эксплуатацыю 9 ферм. На гэтыя мэты выдзяляюцца Br6,6 млн. У цэлым на завяршэнне ўсіх запланаваных аб'ектаў патрабуецца Br59,5 млн. Будаўніцтва аб'ектаў вядзецца за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў, дэпазітаў аблвыканкама, спонсарскай дапамогі.

Па такім жа прынцыпе ў рэгіёне вырашаецца праблема з будаўніцтвам сянажна-сіласных траншэй. У 2016 годзе пабудавана 125 траншэй на 320 тыс. т, у бягучым годзе - 26 траншэй на 60 тыс. т. Для поўнага забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі якаснымі кармамі неабходна яшчэ пабудаваць 300 сховішчаў. Цяпер у стадыі будаўніцтва знаходзяцца 40 такіх аб'ектаў.

"Хачу сказаць, што задачы пасільныя, не так ужо шмат засталося зрабіць. Але гэта патрабуе пэўнай увагі і намаганняў, таму што ў большасці выпадкаў гэтыя аб'екты знаходзяцца ў праблемных сельгасарганізацыях. Таму трэба вызначыцца з падыходамі, каб грошы, якія будуць прымяняцца на будаўніцтве гэтых аб'ектаў, былі выкарыстаны эфектыўна, рэзультаты будаўніцтва адразу давалі сваю аддачу, а не расцягвалася гэта на многія гады. І тым больш, каб не атрымалася так, што яны пагоршылі фінансавы стан гэтых арганізацый. Таму задача аблвыканкамаў і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў тым, каб правільна выпрацаваць фінансавыя рашэнні і тэхналагічныя схемы, па якіх гэтыя аб'екты дадуць максімальны эфект", - сказаў прэм'ер.

У час рабочай паездкі кіраўнік урада таксама наведаў Пружанскі завод радыёдэталей, дзе было разгледжана пытанне ўключэння ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых аб'ектаў дзяржаўнай маёмасці.

Андрэй Кабякоў знаёміцца з прадукцыяй прадпрыемстваў - арандатараў завода

На Пружанскім ільнозаводзе абмеркавалі пытанні эфектыўнасці мадэрнізацыі льнозаводаў і выканання дзяржаўнага заказу па пастаўках якаснага льновалакна на РУВГП "Аршанскі льнокамбінат".

Андрэй Кабякоў у час наведвання прадпрыемства Пружанскага льнозавода

Таксама Андрэй Кабякоў наведаў Ліноўскую сярэднюю школу, дзе прыняў удзел у святочнай лінейцы "Першы званок", прысвечанай Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі