Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 снежня 2017, 10:58

Вытворчасць у ЕАЭС больш як 1,7 тыс. тавараў пасадзейнічае развіццю кааперацыйных ланцужкоў - Сідорскі

27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворчасць у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) больш як 1,7 тыс. тавараў будзе садзейнічаць развіццю кааперацыйных ланцужкоў і стварэнню сумесных прадпрыемстваў. Аб гэтым заявіў 26 снежня член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі, прадстаўляючы на пасяджэнні калегіі даклад аб маніторынгу рынку прамысловай прадукцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

Як адзначыў міністр, у час работы было прааналізавана больш за 14,5 тыс. таварных пазіцый. На думку Сяргея Сідорскага, даныя маніторынгу пераканаўча пацвярджаюць, што інтэграцыйныя працэсы ў рамках ЕАЭС аказваюць пазітыўны ўплыў на развіццё прамысловай кааперацыі паміж краінамі саюза. Так, у 2016 годзе рост кааперацыйных паставак у ЕАЭС дасягнуў $13,9 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з 2015-м на 1,2 працэнта.

Міністр адзначыў, што прамысловае супрацоўніцтва краін ЕАЭС, якое значна запаволілася ў 2015 годзе пад уплывам крызісных з'яў у эканоміцы, у 2016 годзе пераадолела крызіс, у выніку чаго адбыўся пераход ад спаду аб'ёмаў кааперацыйных паставак да іх нарошчвання. Паляпшэнне эканамічнай кан'юнктуры і рост кааперацыйнага супрацоўніцтва далі магчымасць большасці галін рэальнага сектара эканомікі павялічыць аб'ёмы вытворчасці. У тэкстыльнай і швейнай вытворчасці зафіксаваны рост на 5,2 працэнта, у вытворчасці гумавых і пластмасавых вырабаў - на 4,8 працэнта, у хімічнай вытворчасці - на 4,4 працэнта. Акрамя таго, на 4 працэнты павялічыліся аб'ёмы апрацоўкі драўніны і вытворчасці вырабаў з дрэва. Рост на 3,8 працэнта дэманструе вытворчасць машын і абсталявання. Вытворчасць прадуктаў харчавання, напіткаў і тытуню прыбавіла 2,5 працэнта, вытворчасць скуры, скураных вырабаў і абутку - 2,2 працэнта.

Пералік больш як з 1,7 тыс. тавараў, вытворчасць якіх мэтазгодна развіваць на тэрыторыі саюза, змешчаны ў аналітычным дакладзе па выніках маніторынгу рынку прамысловай прадукцыі ў рамках ЕАЭС за 2016 год. Сяргей Сідорскі ўпэўнены, што гэта дасць магчымасць сфарміраваць кола прамысловых прадпрыемстваў, зацікаўленых у супрацоўніцтве, і надаць новы імпульс стварэнню кааперацыйных ланцужкоў і сумесных вытворчасцей у ЕАЭС. Спецыялісты прамысловага блока ЕЭК вывучылі аб'ёмы і дынаміку змянення ёмістасці рынку апрацоўчай прамысловасці саюза за 2013-2016 гады, у тым ліку паказчыкі ўнутранай вытворчасці, імпарту з трэціх краін, узаемных паставак, структуру рынку прамысловай прадукцыі ЕАЭС, падрыхтавалі сцэнарны прагноз развіцця рэальнага сектара саюза на 2017-2019 гады.

Як адзначылі ў прэс-службе, на пасяджэнні зацверджаны вынікі штогадовага маніторынгу і аналізу сістэмаўтваральных прамысловых прадпрыемстваў ЕАЭС за 2017 год. Былі прадстаўлены вынікі вывучэння стану больш як 960 буйных, найбольш значных прамысловых прадпрыемстваў усіх галін апрацоўчай прамысловасці дзяржаў - членаў саюза. Выяўлены каля 60 перашкод на шляху руху прамысловых тавараў на агульным рынку ЕАЭС. З ліку выяўленых бар'ераў і абмежаванняў дзевяць уключаны ва ўзгоднены пералік перашкод, 13 - у Рэестр перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС, пяць - у дарожную карту па ўстараненні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза на 2018-2019 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі