Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 жніўня 2017, 18:47

Высокапрадукцыйны і больш камфортны для механізатара: якім будзе беларускі суперкамбайн

23 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Новы суперсучасны айчынны збожжаўборчны камбайн, які будзе стварацца на "Гомсельмашы", плануецца распрацаваць на аснове практычнага вопыту, набытага пры выпуску прадпрыемствам серыйных машын. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік агульнатэхнічнага комплексу - загадчык аддзела агульнатэхнічных распрацовак навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання (НТЦК) холдынга "Гомсельмаш" Віктар Сусаў.

Размова аб стварэнні суперкамбайна ішла на нарадзе ў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі 22 жніўня. Чакаецца, што машына не будзе ўступаць імпартным аналагам, а па некаторых пазіцыях перасягне іх. У працэсе стварэння могуць быць пераняты новыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся ў час работы над КЗС-1624-1 - самым высокапрадукцыйным з мадэльнага рада камбайнаў "ПАЛЕССЕ", здольнага ўбіраць палі з ураджайнасцю да 120 ц/га. "Задача заключаецца ў тым, каб давесці вузлы і механізмы гэтага камбайна, які пастаўлены ўжо на вытворчасць, да дасканаласці. З гэтай мэтай нам неабходна максімальна напрацаваць і вывучыць практычны вопыт работы КЗС-1624-1 на ўборцы збожжавых, кукурузы, соі, іншых культур", - сказаў Віктар Сусаў.

Канструктарам трэба ўдасканаліць працоўнае месца механізатара, каб стварыць для яго ў кабіне больш камфортныя ўмовы, а таксама зрабіць лягчэйшым кіраванне механізмамі. Ёсць таксама ідэі па паляпшэнні дызайну машыны, праграмнага забеспячэння камп'ютара, дапрацоўцы некаторых вузлоў. "Гэта будзе самы сучасны камбайн - як па канструкцыі, так і па знешнім выглядзе", - адзначыў спецыяліст.

Галоўнай выдатнай якасцю новай машыны стане надзейнасць у рабоце. Канструктарскія рашэнні спецыялістаў НТЦК, якія грунтуюцца на 20-гадовым вопыце ў стварэнні збожжаўборачных камбайнаў, даюць магчымасць гэта зрабіць. "Разам з тым хацелася б нагадаць, што гэта надзейнасць залежыць і ад камплектуючых дэталей, якія будуць пастаўляць для новага камбайна беларускія прадпрыемствы: рухавікі, гідраўліка, электраабсталяванне і г.д. Яны таксама павінны быць даведзены да дасканаласці", - падкрэсліў Віктар Сусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі