Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 сакавіка 2021, 16:45

Выкарыстанне мясцовых відаў паліва ў Беларусі будзе пашырацца - Каранкевіч

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа па павелічэнні аб'ёмаў выкарыстання мясцовых відаў паліва ў Беларусі будзе пашырацца. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, які разам са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым сёння наведаў ААТ "ТБЗ Браслаўскі", дзе правёў сустрэчу з працоўным калектывам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэнерга.

Выступаючы перад работнікамі завода, міністр нагадаў, што 11 і 12 лютага 2021 года прайшла важная ў жыцці краіны падзея - VI Усебеларускі народны сход. Кіраўніком дзяржавы абазначаны ключавыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. "У энергетыцы - гэта павышэнне энергетычнай самастойнасці за кошт дыверсіфікацыі відаў і пастаўшчыкоў паліўна-энергетычных рэсурсаў, павелічэння выкарыстання мясцовых відаў паліва і аднаўляльных крыніц энергіі; зніжэнне залежнасці ад вуглевадароднай сыравіны за кошт уводу ў эксплуатацыю БелАЭС", - адзначыў Віктар Каранкевіч.

Важным напрамкам з'яўляецца нарошчванне выкарыстання торфу і тарфяной прадукцыі. У агульнай долі выкарыстання мясцовых відаў паліва торф займае каля 15 працэнтаў. Штогод у Беларусі яго здабываюць у аб'ёме каля 2 млн т. З торфу вырабляецца 1,2 млн т тарфяной прадукцыі, прыкладна 20 працэнтаў пастаўляецца на знешнія рынкі, каля 80 працэнтаў рэалізуецца ўнутры краіны, што дазваляе штогод замяшчаць больш за 450 млн куб.м прыроднага газу.

Адна з перспектыўных сфер выкарыстання торфу - яго прымяненне на кацельнях ЖКГ. Як растлумачыў генеральны дырэктар ДВА "Белпалівагаз", член Савета Рэспублікі Аляксей Кушнарэнка, тры такія праекты ўжо рэалізуюцца ў Мінскай вобласці. У прапрацоўцы ў гэтым рэгіёне - яшчэ восем.

У бліжэйшы час перспектывы развіцця гэтага напрамку плануецца ацаніць і ў Віцебскай вобласці, у тым ліку з прыцягненнем Браслаўскага торфабрыкетнага завода.

"Важна, што пры падтрымцы абласнога і раённага выканкамаў забяспечана сыравінная база завода, выдзелена 220 га палёў пад распрацоўку торфу, а гэта значыць, сваю работу прадпрыемства можа выбудоўваць як мінімум на 15 гадоў наперад", - адзначыў Віктар Каранкевіч.

У сваю чаргу Мікалай Шарснёў дадаў, што пытанне выкарыстання фрэзернага торфу на кацельнях ЖКГ Віцебскай вобласці патрабуе дэталёвай прапрацоўкі. "Мы павінны разумець перспектывы развіцця гэтага напрамку, у тым ліку даць зразумець людзям, што гэта сур'ёзна, гэта добрыя магчымасці", - сказаў ён.

У цэлым старшыня Віцебскага аблвыканкама адзначыў неабходнасць пошуку новых напрамкаў выкарыстання торфу, пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі, развіцця экспарту.

У час сустрэчы з працоўным калектывам Віктар Каранкевіч і Мікалай Шарснёў адказалі на пытанні работнікаў завода. Як падкрэсліў міністр энергетыкі, сустрэчы ў такім фармаце даюць магчымасць не толькі разумець рэальны стан спраў на прадпрыемствах, але і атрымліваць прапановы ад працоўных калектываў для далейшага прымянення іх у сваёй рабоце.

ААТ "ТБЗ Браслаўскі" ажыццяўляе здабычу торфу паліўнага прызначэння, а таксама сыравіны для прыгатавання кампостаў, вырабляе паліўныя брыкеты на аснове торфу. У перыяд з 2013 па 2018 год у ходзе мадэрнізацыі на заводзе пабудаваны новы брыкетны цэх з сушыльна-топачным аддзяленнем, дзе ўкаранёна сучасная сістэма кіравання тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці брыкетаў з візуалізацыяй і кантролем кіравання параметрамі работ на ВКІ-панэлях. Рэалізацыя праекта дала магчымасць павялічыць аб'ём вытворчасці паліўных брыкетаў з 30 да 40 тыс. т у год.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі