Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 верасня 2017, 09:01

Ураджай цукровых буракоў у Беларусі чакаецца на 200 тыс. т большы, чым у мінулым годзе

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў бягучым годзе плануецца сабраць не менш як 4,5 млн т цукровых буракоў, што на 200 тыс. т больш за мінулагодні ўраджай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў выканаўчы дырэктар Асацыяцыі цукравытворцаў "Белцукар" Фёдар Старасценка.

Сярэдняя ўраджайнасць цукровых буракоў чакаецца значна вышэйшая за мінулагоднюю - 470 ц/га супраць 446 ц/га ў 2016 годзе. Паводле даных цукровых камбінатаў, якія раз у дзесяць дзён адбіраюць буракі на пробных участках у буракасейных гаспадарках, маса кораня буракоў, па стане на 10 верасня, у сярэднім складае 660 г (на гэту дату ў 2016 годзе - 603 г).

"У бягучым годзе цукровыя буракі былі высаджаны пазней, чым звычайна, з-за вясенніх зацяжных халадоў. Потым ішло павольнае развіццё караняплодаў. У жніўні ўстанавіліся вельмі добрыя ўмовы для росту. У той жа час цукрыстасць караняплодаў пакуль крыху ніжэйшая, чым у мінулым годзе. Калі дажджы на нейкі час спыняцца і пачнецца завяданне бацвіння, цукрыстасць павінна павысіцца", - растлумачыў Фёдар Старасценка.

У Асацыяцыю цукравытворцаў "Белцукар" уваходзяць усе чатыры цукровыя заводы Беларусі: ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат", ААТ "Жабінкаўскі цукровы завод", ААТ "Скідзельскі цукровы камбінат", ААТ "Слуцкі цукроварафінадны камбінат". З улікам прагназуемага ўраджаю буракоў заводы плануюць атрымаць не менш як 600 тыс. т цукру, у мінулым годзе было атрымана 592 тыс. т.

"Заводы нарасцілі магутнасці. Цяпер яны перапрацоўваюць каля 40 тыс. т цукровых буракоў за суткі, у кастрычніку гэты паказчык павялічыцца да 70-80 тыс. т, - расказаў Фёдар Старасценка. - Акрамя задавальнення ўнутранага попыту камбінаты пастаўляюць прадукцыю ў 15 краін свету, у тым ліку ў Расію, Украіну, Малдову, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Арменію, Грузію".

У бягучым годзе цукровыя буракі ў Беларусі трэба будзе ўбраць з 97,9 тыс. га. Паводле даных на 11 верасня, караняплод убраны з 8,72 тыс. га, што складае 8,91 працэнта агульнай плошчы. Уборку пачалі ўжо Гродзенская (убрана 11,9 працэнта ад плана), Мінская (10,52 працэнта), Магілёўская (3,77 працэнта), Брэсцкая (2,53 працэнта) вобласці.

Усяго па краіне накапана 377 тыс. т цукровых буракоў пры сярэдняй ураджайнасці 432,4 ц/га. На буракапрыёмныя пункты вывезена 283,4 тыс. т. Прададзена 162,5 тыс. т цукровых буракоў у лік дзяржзаказу (7,79 працэнта да плана).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі