Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 лютага 2019, 09:00

Урад зацвердзіў маштабны план мерапрыемстваў для Аршанскага раёна да 2023 года

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі праграмы развіцця Аршанскага раёна да 2023 года. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 28 студзеня нумар 58, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

У дакуменце абазначаны мерапрыемствы па 18 напрамках: прамысловасць, АПК, транзіт і лагістыка, транспарт, будаўніцтва, сацпадтрымка, занятасць, развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, разумны горад, ЖКП, ахова здароўя, адукацыя, культура, гандаль, турызм і інш. Мерапрыемствы канкрэтызаваны па тэрмінах выканання, аб'ёмах і крыніцах фінансавання з пазначэннем заказчыкаў, адказных выканаўцаў.

Так, у прамысловасці асноўная мэта - забяспечыць устойлівае развіццё машынабудаўнічых арганізацый і павышэнне іх канкурэнтаздольнасці ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Для гэтага правядуць мадэрнізацыю на Аршанскім станкабудаўнічым заводзе, Аршанскім інструментальным заводзе, Заводзе прыбораў аўтаматычнага кантролю, "Оршааграпраммашы". Мадэрнізацыя таксама чакае ААТ "Тэхніка сувязі", Аршанскі авіярамонтны завод, Аршанскі льнокамбінат, "Світанак". Ільнокамбінату таксама даручана развіваць супрацоўніцтва з брэндавымі кампаніямі, гандлёвымі сеткамі (IKEA, Wallmart, Inditex і іншымі). Агульнае фінансаванне па прамысловай падпраграме, якая ўключае 240 індыкатараў і паказчыкаў, складзе Br429,5 млн.

У АПК мэтай будзе павышэнне эфектыўнасці і фінансавай устойлівасці арганізацый, канкурэнтаздольнасці выпускаемай імі прадукцыі, сярэдняя зарплата ў 2023 годзе павінна быць Br1039. Фінансаванне для АПК і лясной гаспадаркі - Br902,6 млн.

Для развіцця лагістычнай сістэмы і транзітнага патэнцыялу прадугледжаны будаўніцтва мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу "Брэміна-Орша" са стварэннем міжнароднага гандлёвага гарадка, рэканструкцыя аэрадрома Орша, мадэрнізацыя чыгуначнай інфраструктуры.

Што датычыцца транспартнага сектара, то плануецца абнавіць парк рухомага саставу для гарадскіх і прыгарадных перавозак, забяспечыць доступ да Wi-Fi на аўтавакзале Оршы і ў транспарце, правесці рамонт дарог і мастоў.

Да 2023 года ўключна ў Аршанскім раёне ўвядуць 146 тыс. кв. м жылля, у тым ліку 45,3 тыс. кв. м з дзяржпадтрымкай.

У падпраграме "Разумны горад" - падключэнне абанентаў да IMS-платформы, укараненне тэхналогіі GPON. 90 працэнтаў устаноў адукацыі падключацца да праекта "Электронная школа".

Чаканая сярэдняя працягласць жыцця ў 2023 годзе - 75,2 года. Доля ўрачоў агульнай практыкі ў агульнай колькасці ўчастковых урачоў-тэрапеўтаў у 2020 годзе павінна скласці 100 працэнтаў. Запланавана будаўніцтва новай паліклінікі і дзіцячага сада.

Для развіцця турызму Аршанскі раён уключаць у турмаршруты "Беларускі вянок" і "З вараг у грэкі ўздоўж Дняпра". Фінансавую падтрымку абяцаюць аграэкатурызму, у рэгіёне таксама хочуць развіваць прамысловы турызм.

Удзельная вага занятых у малым і сярэднім прадпрымальніцтве ў 2023 годзе складзе 25 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы Аршанскага раёна.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў 2019-2023 гадах не павінен перавышаць 0,7 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі