Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 ліпеня 2017, 15:53

Урад рыхтуе комплексны план развіцця Барысаўскага раёна да 2020 года

25 ліпеня, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Урад рыхтуе комплексны план мерапрыемстваў па развіцці Барысаўскага раёна да 2020 года. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў па пытаннях развіцця Барысаўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пытанні і праблемы ёсць, у тым ліку і застарэлыя, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння. Усе магчымасці, каб выправіць сітуацыю і выйсці на ўстойлівую траекторыю росту, тут ёсць. Да гэтага Прэзідыума ў раёне рыхтаваліся паўтара месяца. Часу дастаткова, каб вызначыцца са стратэгіяй развіцця асобна ўзятага рэгіёна", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, сёння ёсць сур'ёзныя пытанні да будаўнічага комплексу. У чэрвені гэтага года пры наведванні Барысаўскага хрустальнага завода і "Барысаўжылбуда" былі вызначаны напрамкі развіцця галіны. Сёння міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны даложыць, як мяняецца сітуацыя на гэтых прадпрыемствах і ў рэгіёне ў галіновым разрэзе.

Размова таксама пойдзе аб рабоце, праведзенай па выніках наведвання філіяла "Вялікія Навасёлкі" Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. Андрэй Кабякоў нагадаў, што раней даручалася выпрацаваць узгодненае рашэнне аб стварэнні ў раёне высокатэхналагічнай аграпрамысловай інтэграцыйнай структуры поўнага цыкла на базе Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў.

"Работа будзе ацэньвацца па канкрэтных выніках, перш за ўсё па дынаміцы паказчыкаў падпарадкаваных арганізацый і раёна ў цэлым. Таму асаблівую ўвагу ў рабоце і сённяшніх выступленнях прашу ўдзяліць мерам па забеспячэнні занятасці, стварэнні высокаэфектыўных рабочых месц, дасягненні ўзроўню заработнай платы Br1 тыс. Думаю, у дакладах павінны прагучаць і прапановы, якія патрабуецца прыняць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада. У праекце комплекснага плана такіх мерапрыемстваў практычна няма", - звярнуў увагу кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў прапанаваў абмеркаваць праект комплекснага плана мерапрыемстваў па развіцці Барысаўскага раёна на 2017-2020 гады і затым яго дапрацаваць, перш за ўсё дапоўніўшы канкрэтнымі мерамі па праблемных прадпрыемствах. На аснове комплекснага плана кожны рэспубліканскі орган кіравання, Мінскі аблвыканкам і Барысаўскі райвыканкам павінны да 1 верасня падрыхтаваць і зацвердзіць дэталёвыя алгарытмы сваіх дзеянняў.

Прэм'ер-міністр таксама даручыў прааналізаваць работу па ўключэнні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці, выкарыстанне транзітнага і транспартна-лагістычнага патэнцыялу Барысаўскага раёна. Акрамя таго, адно з ключавых пытанняў - кадравы патэнцыял. Андрэй Кабякоў даручыў далажыць, якая работа вядзецца па падрыхтоўцы, падборы і расстаноўцы кадраў пад вырашэнне задач, што стаяць перад эканомікай рэгіёна.

"Прашу дакладваць канкрэтна, без лішняй лірыкі, толькі канкрэтныя прапановы для вырашэння назбіраных у раёне праблем. Усе выпрацаваныя ў час пасяджэння прапановы павінны быць пакладзены ў аснову праекта комплекснага плана першачарговых мер па развіцці Барысаўскага раёна", - рэзюмаваў кіраўнік урада.

У прамысловай вытворчасці Мінскай вобласці Барысаўскі раён займае 11 працэнтаў. Гэта трэцяе месца сярод раёнаў Мінскай вобласці (пасля Салігорскага і Мінскага). Маючы 11,3 працэнта ўсяго занятага ў эканоміцы вобласці насельніцтва, раён фарміруе каля 12 працэнтаў інвестыцый у асноўны капітал, 7,3 працэнта выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг, 6,5 працэнта экспарту тавараў, 5,4 працэнта імпарту тавараў.

Паводле даных Белстата, у бягучым годзе выконваецца тры з чатырох паказчыкаў эфектыўнасці работы старшыні райвыканкама. Гэта тэмп росту экспарту тавараў, экспарт паслуг і прамыя замежныя інвестыцыі. Не выконваецца паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян за кошт стварэння новых прадпрыемстваў. Пры гэтым узровень беспрацоўя вышэйшы, чым у сярэднім па краіне і Мінскай вобласці (у раёне - 1 працэнт, у краіне і вобласці - 0,8 працэнта і 0,7 працэнта адпаведна). Ёсць і іншыя праблемныя пытанні - у студзені-чэрвені прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Барысаўскім раёне выраблена на 6 працэнтаў менш, чым у першым паўгоддзі 2016 года. Абвастраецца праблема пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах і пазыках (рост у 2,6 раза ў параўнанні з 1 чэрвеня 2016 года). У 4 разы скараціўся чысты прыбытак, у той час як па краіне ён вырас больш як у 2,4 раза. Рэнтабельнасць продажаў таксама ніжэйшая, чым па краіне на 1,1 працэнтнага пункта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі