Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 мая 2017, 10:23

Урад разгледзіць інавацыйны праект мадэрнізацыі Аршанскага інструментальнага завода

6 мая, Аршанскі раён /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Урад разгледзіць інавацыйны праект мадэрнізацыі ААТ "Аршанскі інструментальны завод". Аб гэтым паведаміў 5 мая журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Няпростая сітуацыя на Аршанскім інструментальным заводзе. Пакуль ёсць толькі ідэя, як палепшыць справы на прадпрыемстве, і ёсць перспектывы, у першую чаргу, гэта вялікі расійскі рынак, а таксама ўнутраны. Каля $30 млн - гэта аб'ём штогадовага імпарту рэжучага інструменту ў Беларусь, аналагічнага таму, што вырабляе Аршанскі завод. Але ўзровень абсталявання і энергазатрат робіць яго прадукцыю ўстарэлай і неканкурэнтаздольнай. Цяпер разглядаецца пытанне, якім чынам правільна структурыраваць прапанаваны прадпрыемствам інавацыйны праект. Мадэрнізацыя завода мае свае рызыкі, паколькі не хацелася б паўтараць сітуацыю з дрэваапрацоўкай. З іншага боку, ёсць калектыў. Гэта самы вялікі здабытак - кадры, іх жаданне, навыкі і вопыт. Таму будзем разглядаць праект на бліжэйшым пасяджэнні ўрада. І з улікам вопыту мадэрнізацыі, які мы ўжо маем, фінансавых магчымасцей, выпрацуем найбольш аптымальны варыянт", - сказаў на заканчэнне Андрэй Кабякоў.

Таварыствам распрацаваны інавацыйны праект "Мадэрнізацыя ААТ "Аршанскі інструментальны завод" з укараненнем новых тэхналагічных працэсаў вытворчасці металарэжучага і дапаможнага інструменту". Бізнес-план цяпер праходзіць узгадненне ў Мінпраме. Рэалізацыя праекта прадугледжвае будаўніцтва новага вытворчага корпуса і закупку абсталявання агульным коштам каля $36 млн. Агульныя затраты на рэалізацыю інавацыйнага праекта складуць $62,57 млн.

Складзены бізнес-план уключае асваенне і выпуск 400 відаў новых канструкцый інструменту на ўзроўні еўрапейскіх аналагаў з высокай канкурэнтаздольнасцю на рынках Беларусі, краін СНД і іншых. Таму рэалізацыя праекта - гэта шлях да зніжэння імпарту беларускімі спажыўцамі і павелічэння экспарту высокатэхналагічнага інструменту. "Такім чынам, завод, што немалаважна, будзе забяспечваць і занятасць, ствараць рабочыя месцы на больш высокім тэхналагічным узроўні", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

ААТ "Аршанскі інструментальны завод" - спецыялізаваны вытворца дапаможнага і рэжучага інструменту для металаапрацоўчых станкоў. Агульная наменклатура налічвае больш як 3 тыс. адзінак інструменту для фрэзеравання, свідравання, рэзьбанаразання, расточных і такарных работ. На сённяшні дзень прадпрыемства ўтрымліваецца ад банкруцтва за кошт экспарту ў Расію, паколькі рэалізацыя прадукцыі на ўнутраным рынку не прыносіць абаротных сродкаў. Рахункі кампаніі арыштаваны з-за пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці. Гэта пытанне прадпрыемства спрабуе вырашыць з 2015 года паралельна з распрацоўкай бізнес-плана мадэрнізацыі і разлічвае на паспяховае рашэнне і падтрымку на самым высокім узроўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі