Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2017, 19:32

Урад падрыхтуе комплекс мер для вырашэння праблем на Барысаўскім хрустальным заводзе

23 чэрвеня, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Урад падрыхтуе комплекс мер для вырашэння праблем на Барысаўскім хрустальным заводзе. Аб гэтым паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках рабочай паездкі ў Барысаўскі раён Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сёння знайшлі падыходы, якія будуць аформлены ў выглядзе адпаведных рашэнняў урада. Думаю, будуць падрыхтаваны нарматыўныя прававыя акты на ўзроўні Прэзідэнта. У трэцяй дэкадзе ліпеня мы іх прадставім, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Усе рашэнні будуць накіраваны на тое, каб, з аднаго боку, не ісці супраць эканамічнай логікі развіцця вытворчасці, з другога - захаваць інтарэсы працуючых на прадпрыемстве, сацыяльны аспект павінен улічвацца пры прыняцці эканамічных рашэнняў. Мне здаецца, мы гэты баланс сёння знайшлі".

У прыватнасці, на Барысаўскім хрустальным заводзе будзе развівацца выпуск шкляной трубкі, асноўнымі спажыўцамі будуць беларускія вытворцы медпрэпаратаў. Што датычыцца непасрэдна хрустальнай вытворчасці, то кіраўнік урада лічыць, што завод можа паспяхова займацца выпускам каляровага хрусталю. "Мы плануем вырашыць шэраг тэхналагічных праблем, і гэта вытворчасць таксама можа быць акупнай", - сказаў ён.

"У бліжэйшы час рашэнні будуць прыняты, пачнецца іх рэалізацыя. Можа быць, хрустальны завод будзе называцца інакш, але сама вытворчасць у Барысаве будзе", - дадаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр таксама наведаў сёння ААТ "Барысаўжылбуд", дзе быў рэалізаваны інвестпраект па рэканструкцыі прамысловай вытворчасці завода буйнапанэльнага домабудавання. Пасля завяршэння мадэрнізацыі ў прадпрыемства ўзніклі складанасці з разлікамі па крэдытных абавязацельствах. "Тым не менш, тут ёсць выйсце, прадукцыя прадпрыемства запатрабавана, на яе ёсць заказы. Мы намецілі шэраг мер для фінансавага аздараўлення з магчымай рэструктурызацыяй фінансавых абавязацельстваў, якія існуюць у прадпрыемства ў сувязі з праектам па мадэрнізацыі. Мы бачым, што прадпрыемства працаздольна. Можа, не так хутка, як хацелася б, але на працягу разумнага прамежку часу (6-7 гадоў, максімум 8) прадпрыемства разлічыцца па ўкладаннях, якія былі зроблены", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Акрамя таго, кіраўнік урада азнаёміўся з работай прадпрыемства "СВУДС экспарт", якое ўваходзіць у літоўскі холдынг Vakaru Medienos Grupe. Прадукцыя пастаўляецца ў Літву, Польшчу, Рэспубліку Карэя, Славакію і іншыя краіны. Цяпер тут рэалізуецца інвестпраект па мадэрнізацыі і развіцці дрэваапрацоўчага комплексу. Тэрмін рэалізацыі - 2018 год. "Галоўнае, што накіраванасць інвестараў супадае з інтарэсамі развіцця нашай краіны: атрымаць з ляснога рэсурсу прадукцыю з максімальнай дабаўленай вартасцю. У "СВУДС экспарт" вельмі цеснае ўзаемадзеянне з вядомай кампаніяй IKEA, умеюць з імі працаваць, могуць забяспечыць патрэбную якасць і цану", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

У час рабочай паездкі кіраўніку ўрада агучвалася ідэя стварэння аграхолдынга на базе Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. "Тэма цікавая, але яна патрабуе сур'ёзнага вывучэння, каб не атрымалася імкнення да нейкіх модных "фішак" проста дзеля рэфармавання. Калі гэта рэфармаванне дзеля рэфармавання - гэтага быць не павінна", - лічыць прэм'ер-міністр. З улікам гэтага ён даручыў правесці эканамічныя разлікі, экспертызу праекта. "Калі заяўленае пацвердзіцца гэтымі разлікамі, то, вядома, мы будзем яго рэалізоўваць", - рэзюмаваў кіраўнік урада.

Што датычыцца ў цэлым аздараўлення прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Беларусі, то шэраг дакументаў для гэтага ўжо прыняты, цяпер на завяршальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка яшчэ двух указаў кіраўніка дзяржавы. Адзін з дакументаў датычыцца аздараўлення прадпрыемстваў хлебапрадуктаў (пад дзеянне ўказа падпадзе і Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў). Другі - развіцця райаграсэрвісаў, як удакладніў прэм'ер-міністр, у гэтай галіне таксама ёсць праблемы, якія трэба вырашаць. "Гэта трэба, каб мы вярнуліся на трэк актыўных аперацый, звязаных з тэхнічным аснашчэннем нашай сельгасвытворчасці", - дадаў ён.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, пытанні эканамічнага развіцця Барысаўскага раёна ў бліжэйшы час плануецца разгледзець на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі