Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 мая 2018, 10:39

Унесены змяненні ў палажэнне аб Гандлёвым рэестры Беларусі

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Унесены змяненні ў Палажэнне аб Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь і Палажэнне аб вызначэнні методыкі разліку долі суб'ектаў гандлю ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 14 мая 2018 года нумар 351, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю.

Пастановай з Палажэння аб Гандлёвым рэестры выключаны нормы, якія прадугледжваюць штогадовае (да 1 красавіка) прадастаўленне звестак аб рознічным і аптовым тавараабароце, а таксама ўзгадненне рэжыму работы гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў, рынкаў, суб'ектаў гандлю, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль без (па-за) гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку інтэрнэт-магазінаў.

Нельга будзе адмовіць ва ўнясенні зместак у Гандлёвы рэестр у выпадку стварэння нестацыянарных аб'ектаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, аб'ектаў грамадскага харчавання не ў адпаведнасці з пералікам месц размяшчэння такіх гандлёвых аб'ектаў, што распрацоўваюцца і зацвярджаюцца адпаведным гарадскім (уключаючы Мінскі гарадскі), раённым выканаўчым камітэтам. Акрамя таго, зняты нормы, якія прадугледжваюць адмову ад выкарыстання для стварэння аб'ектаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання нерухомай маёмасці не па прызначэнні, вызначаным у праваўстанаўліваючых і тэхнічных дакументах, а таксама наяўнасці ў заявах звестак аб неадпаведнасці заяўленых умоў дзейнасці патрабаванням, устаноўленым заканадаўствам аб ажыццяўленні гандлю і (або) грамадскага харчавання.

У мэтах зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі на суб'ектаў гаспарадання пашыраны пералік выпадкаў, пры якіх звесткі выключаюцца з Гандлёвага рэестра на падставе інфармацыі, змешчанай у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Дакументам аптымізаваны склад звестак Гандлёвага рэестра. Выключаны пункты, у якіх называліся метады продажу тавараў; плошча гандлёвай залы рознічнага гандлёвага аб'екта; складская плошча аптовага гандлёвага аб'екта; прызначэнне аб'екта нерухомай маёмасці, якое выкарыстоўваецца для стварэння гандлёвага і аб'екта грамадскага харчавання, размешчаных у капітальным будынку (збудаванні); права валодання і (або) карыстання аб'ектам нерухомай маёмасці, што выкарыстоўваецца для стварэння гандлёвага і аб'екта грамадскага харчавання, размешчаных у капітальным будынку (збудаванні); нумар і дата выдачы дазволу на стварэнне рынку, назва органа, які выдаў дазвол на стварэнне рынку; колькасць гандлёвых і аб'ектаў грамадскага харчавання, размешчаных на тэрыторыі рынку. Не трэба будзе абазначаць нумар факса, даменнае імя інтэрнэт-сайта гандлёвага і аб'екта грамадскага харчавання, гандлёвага цэнтра, рынку; інфармацыю аб кіраўніку гандлёвага і аб'екта грамадскага харчавання, гандлёвага цэнтра, рынку; рэжым работы гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлёвых цэнтраў, рынкаў, суб'ектаў гандлю, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль без (па-за) гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку інтэрнэт-магазінаў. Выключаюцца звесткі аб стане гандлю, у тым ліку: рознічным тавараабароце, уключаючы харчовыя тавары, аптовым тавараабароце суб'ектаў гандлю, гандлёвых аб'ектаў, інтэрнэт-магазінаў за папярэдні фінансавы год; удзельнай вазе гандлёвых сетак, пералік якіх вызначаецца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у агульным таварабароце за папярэдні фінансавы год; долі суб'ектаў гандлю, якія ажыццяўляюць гандаль шляхам арганізацыі гандлёвай сеткі або буйных магазінаў (за выключэннем юрыдычных асоб сістэмы спажывецкай кааперацыі), у аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў за папярэдні фінансавы год.

Акрамя таго, пастановай нумар 351 унесены змяненні ў Палажэнне аб вызначэнні методыкі разліку долі суб'ектаў гандлю ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў. Такім чынам, звесткі Гандлёвага рэестра не будуць выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы інфармацыі аб аб'ёме рознічнага таварабароту харчовых тавараў для разліку долі суб'ектаў гандлю. Цяпер для разліку долі гандлёвыя арганізацыі павінны выкарыстоўваць афіцыйную статыстычную інфармацыю аб рознічным тавараабароце харчовых тавараў у межах Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў, якая штогод у пачатку чэрвеня публікуецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У МАРГ нагадалі, што ў адпаведнасці з падпунктам 4.1 пункта 4 дэкрэта нумар 7 суб'екты гаспадарання пры вядзенні эканамічнай дзейнасці ў сферах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва не прадстаўляюць звесткі аб рознічным і (або) аптовым тавараабароце для ўключэння ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым суб'екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць гандаль шляхам арганізацыі гандлёвай сеткі або буйнога магазіна, самастойна разлічваюць сваю долю ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах вобласці, Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў за папярэдні фінансавы год.

Пастанова нумар 351 уступае ў сілу 18 мая 2018 года. Названыя змяненні абумоўлены прывядзеннем нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з нормамі дэкрэта ад 23 лістапада 2017 года нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі