Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 лістапада 2017, 13:27

Уключэнне бізнес-планаў прадпрыемстваў у гадавыя стратэгіі развіцця рэгіёнаў дасць рост ВУП - Чарвякоў

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Укараненне схемы, пры якой стратэгія развіцця рэгіёнаў на год улічвае бізнес-планы прадпрыемстваў, будзе садзейнічаць росту ВУП краіны. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў.

"Прагноз 103,4 працэнта ВУП будзе дасягнуты да канца 2018 года. Мы для гэтага прыкладаем максімум намаганняў, працуючы па схеме "прадпрыемства - раён - вобласць - краіна", - растлумачыў Аляксандр Чарвякоў. - Пачынаючы з бізнес-планаў прадпрыемстваў па ўсіх абласцях. Да канца гэтага месяца ўсе рэгіёны павінны ўзгадніць на ўзроўні раёнаў бізнес-планы прадпрыемстваў камунальнай і рэспубліканскай форм уласнасці і на гэтай аснове прапрацаваць свае планы развіцця на год. Прыватны бізнес мы не чапаем, але іх стратэгіі развіцця таксама ўлічваем. З 1 снежня пачнуцца абароны планаў развіцця рэгіёнаў у прысутнасці міністраў і намеснікаў міністраў".

Кіраўніцтва міністэрстваў ацэніць існуючыя ў рэгіёнах рэзервы і дасць парады па выкарыстанні рэсурсаў краіны для развіцця кожнай вобласці.

"Калі мы пачыналі працаваць па праграме развіцця Аршанскага раёна, то якраз укаранялі такі падыход. Атрымаўся вельмі дзейсны прыклад. Мы ўбачылі, як можна і трэба імплементаваць бізнес-планы ў план развіцця раёна на год. Раней стратэгіі фарміраваліся толькі на пяцігодку. І самае галоўнае - мы ўвязваем работу і камунальных прадпрыемстваў, і работу прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці. Калі раней былі шурпатасці ў адносінах, то сёння ёсць разуменне, што трэба працаваць разам - на рэспубліканскім узроўні і на месцах", - дадаў намеснік міністра.

Раней міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі заяўляў аб тым, што рост ВУП на 3,4 працэнта, устаноўлены ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год, закладзе фундамент для таго, каб у наступнай пяцігодцы выйсці на сярэднесусветны штогадовы ўзровень 3,5-4 працэнты ў год.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі