Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 студзеня 2016, 18:55

Удзельная вага дабаўленай вартасці ў прамвытворчасці Беларусі да 2020 года павінна быць мінімум 30 працэнтаў

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 2020 года ўдзельная вага дабаўленай вартасці ў аб'ёме прамысловай вытворчасці Беларусі павінна быць не ніжэйшая за 30 працэнтаў, што дасць магчымасць забяспечыць пашыранае ўзнаўленне прадукцыі і высокі ўзровень аплаты працы ў галінах прамысловасці. Гэта прадугледжана абноўленай дырэктывай нумар 3 "Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы", якая зацверджана ўказам нумар 26 ад 26 студзеня 2016 года, паведамляе БЕЛТА.

Дырэктывай даручаецца забяспечыць кардынальнае змяненне якасці кіравання прамысловым комплексам краіны ў мэтах паступальнага набліжэння да еўрапейскага ўзроўню прадукцыйнасці працы.

Для гэтага Савету Міністраў даручана прыняць меры па далейшым структурным рэфармаванні галін прамысловасці шляхам стварэння холдынгаў, вытворчых і навукова-вытворчых аб'яднанняў.

Прадугледжваецца рэалізаваць механізмы стымулявання кіраўнікоў арганізацый для забеспячэння збалансаваных паказчыкаў развіцця, нацэленых на прыярытэтнасць экспартных паставак, зніжэння запасаў і затрат, павышэння энергаэфектыўнасці вытворчасці.

У адпаведнасці з дырэктывай, неабходна забяспечыць апераджальны рост прадукцыйнасці працы над ростам намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы ў арганізацыях краіны; дасягнуць у 2020 годзе ў прамысловасці росту прадукцыйнасці працы па дабаўленай вартасці на ўзроўні не менш як 110 працэнтаў да 2015 года, у тым ліку за кошт стварэння высокапрадукцыйных рабочых месц.

Даручана таксама прадоўжыць сістэмную работу ў прамысловых арганізацыях па зніжэнні ўсіх відаў затрат на вытворчасць прадукцыі. З гэтай мэтай прадугледжваецца ўключаць у гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемую і неэфектыўна выкарыстоўваемую маёмасць, укараняць сучасныя сістэмы кіравання рэсурсамі ў буйных арганізацыях з колькасцю работнікаў больш за 1 тыс. чалавек і іншых арганізацыях.

Акрамя таго, трэба актывізаваць інжынірынгавую дзейнасць і выкарыстанне кансалтынгавых паслуг за кошт прыцягнення незалежных кансалтынгавых кампаній для выяўлення рэзерваў зніжэння затрат, перагляду (замены) норм працы і расходу сыравіны і матэрыялаў, аптымізацыі вытворчасці, кіравання арганізацыяй, рэалізацыі прадукцыі і стратэгіі развіцця; павышаць эфектыўнасць вытворчасці за кошт аптымізацыі колькасці работнікаў, продажу або перадачы няпрофільных актываў, перадачы дапаможных вытворчых працэсаў на аўтсорсінг пры эканамічнай мэтазгоднасці, ліквідацыі неэфектыўных вытворчасцей і вытворчых працэсаў.

"Беларусь па прадукцыйнасці працы адстае ад узроўню Еўрапейскага саюза амаль у 4-5 разоў, што абумоўлена не толькі тэхніка-тэхналагічнымі прычынамі, але і праблемамі неэфектыўнай занятасці, якія патрабуюць яе рэструктурызацыі з улікам развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Па-ранейшаму актуальнай з'яўляецца праблема высокай энерга- і матэрыялаёмістасці вытворчасці. Энергаёмістасць эканомікі Беларусі па парытэце пакупной здольнасці амаль на 20 працэнтаў вышэйшая за сярэднесусветны ўзровень. Па ўзроўні матэрыялаёмістасці валавога выпуску рэспубліка нязменна ўваходзіць у дзясятку дзяржаў Еўропы з найбольш высокімі значэннямі гэтага паказчыка, - адзначаецца ў дырэктыве. - Цяпер найбольшую актуальнасць у сферы эканамічнай бяспекі краіны набываюць забеспячэнне збалансаванага развіцця арганізацый і павышэнне эфектыўнасці іх работы за кошт росту дабаўленай вартасці, увязкі аб'ёмаў прамысловай вытворчасці са скарачэннем запасаў гатовай прадукцыі і павелічэннем экспартных паставак тавараў, высокаэфектыўных інвестыцыйных праектаў, а таксама паляпшэнне фінансавага стану прамысловых арганізацый у мэтах стварэння ўмоў для ўстойлівага якаснага эканамічнага росту".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі