Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 жніўня 2018, 14:24

Уборачная кампанія з улікам надвор'я пройдзе паспяхова - Белгідрамет

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уборачная кампанія, зыходзячы з гідраметэаралагічных умоў, пройдзе паспяхова. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла намеснік начальніка ДУ "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" Святлана Кузьміч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Складуцца цалкам спрыяльныя ўмовы для даспявання кукурузы і агароднінных культур. Думаю, што ўборачная кампанія, зыходзячы з гідраметэаралагічных умоў, пройдзе паспяхова, таму што жнівень будзе цёплым, блізкім да кліматычнай нормы - недзе на градус вышэй за яе. Ападкі будуць таксама прыкладна ў норме і праходзіць будуць лакальна і кароткачасова. У апошняй дэкадзе чакаем вялікія кантрасты тэмператур паміж паўночным усходам і паўднёвым захадам. Гэта значыць, на паўднёвым захадзе будзе горача, а на паўночным усходзе, магчыма, будзе 11-18 градусаў цяпла нават днём", - расказала Святлана Кузьміч.

Яна адзначыла, што пачынаючы з сярэдзіны ліпеня распрацоўваецца дэталізаваны прагноз, у які ўключаюцца метэаралагічныя, гідралагічныя і аграметэаралагічныя характарыстыкі. "Ліпень быў складаным месяцам у плане метэаралагічных параметраў: пачатак халодны і ўвесь месяц быў вельмі вільготны. Таму на большасці сельскагаспадарчых зямель была павышаная вільготнаць глеб. Акрамя таго, у нас некаторыя рэкі выйшлі на пойму - Сож ля Слаўгарада і Бесядзь ля в. Свяцілавічы ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Гэта таксама стварала свае складанасці пры ўборачнай кампаніі, - падкрэсліла Святлана Кузьміч. - У час пачатку ўборачнай кампаніі кандыцыйная вільготнасць зерня была значна вышэйшая за норму (12-14 працэнтаў) - даходзіла да 30 працэнтаў. Гэта патрабавала апрацоўкі ўжо ўбранага зерня на элеватарах".

Аднак у канцы ліпеня сітуацыя з надвор'ем змянілася: стала горача. Кароткачасовыя дажджы будуць ісці лакальна, але гэта, паводле слоў спецыяліста, будзе на руку аграрыям.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі