Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 студзеня 2017, 17:41

У папярэдні пералік для прыватызацыі ў 2017 годзе ўвайшлі 58 акцыянерных таварыстваў

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У папярэдні пералік для прыватызацыі ў 2017 годзе ўвайшлі 58 акцыянерных таварыстваў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

"У Беларусі папярэдне сфарміраваны пералік аб'ектаў для прыватызацыі ў 2017 годзе, у яго ўвайшлі 58 акцыянерных таварыстваў. Большасць прадпрыемстваў ужо фігуравалі ў аналагічным спісе мінулага года", - адзначылі ў Дзяржкаммаёмасці.

Пералік быў створаны на падставе прапаноў галіновых міністэрстваў і канцэрнаў. "Новых патрабаванняў да інвестараў прад'яўлена не будзе. Затое пералік аб'ектаў, выстаўленых на продаж, упершыню будзе ўзгадняцца з бізнес-супольнасцю Беларусі. У гэтым годзе мы вырашылі запытаць іх меркаванне, паколькі яны фарміруюць дзелавое асяроддзе. Таму нам меркаванне бізнесу будзе цікавае пры разглядзе гэтага пераліку. Таксама ў 2017 годзе прадугледжана правядзенне здзелак з аб'ектамі прыватызацыі па рыначным кошце. Адпаведныя змяненні ўнесены ў заканадаўства", - падкрэслілі ў прэс-службе.

У камітэце расказалі, што раней пры заключэнні здзелак па прыватызацыі ў Беларусі ўлічвалася найбольшая цана прадпрыемства - балансавая альбо рыначная. "Цяпер цану пры продажы будзе дыктаваць толькі рынак. Гэта пакажа рэальны кошт прадпрыемства для інвестара і наблізіць працэс прыватызацыі да міжнародных стандартаў", - канстатавалі ў Дзяржкаммаёмасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі